Першы - на першым месцы

14.11.2006
"Звязда", 14 лістапада 2006 г.


На IХ Еўразiйскiм тэлефоруме, якi прайшоў днямi ў Маскве, лепшым дакументальным фiльмам быў прызнаны беларускi - цыкл фiльмаў пра Марка Шагала, створаны ў рамках аўтарскага дакументальнага праекта Алега Лукашэвiча "Эпоха".
Дарэчы, у традыцыйнай сустрэчы прадстаўнiкоў электронных СМI ўзялi ўдзел больш як 200 кампанiй з 22 краiн Еўропы i Азii. На творчым конкурсе, якi праходзiў па 11 намiнацыях, былi прадстаўлены звыш 500 работ, 136 з якiх трапiлi ў фiнал. Творчыя праекты канкурсантаў ацэньвала журы, у склад якога ўваходзiлi журналiсты, дзеячы навукi i культуры, прадстаўнiкi дзелавых i палiтычных колаў. Гэты строгi суд паставiў работу прадстаўнiкоў Белтэлерадыёкампанii "Эпоха Марка Шагала" на першае месца ў намiнацыi "Дакументальныя фiльмы i праграмы".

Даведка
Прэм’ера праекта, якi раскрывае невядомыя старонкi бiяграфiй знакавых для Беларусi асоб (Марка Шагала, Францыска Скарыны, Адама Мiцкевiча, Ефрасiннi Полацкай, Iгнацiя Дамейкi, Станiслава Аўгуста Панятоўскага i г.д.) адбылася на Першым канале ў студзенi 2006 года. 4-серыйны фiльм "Эпоха Марка Шагала" (аўтар, сцэнарыст i вядучы - Алег Лукашэвiч, рэжысёр Аляксандр Аляксееў, аператар Павел Ценiн) - першы цыкл праекта, якi глыбока i максiмальна поўна прадставiў гледачам раней мала даследаваны "амерыканскi перыяд" творчасцi Шагала.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.