Першы круг Першага канала

22.09.2006
Звязда", 22 верасня 2006 г.


25 верасня, за дзень да афiцыйнага старту новага сезону, Першы канал пачне прэм’ерны паказ 10-серыйнай карцiны "У крузе першым".
Адказнасць экранiзаваць раман нобелеўскага лаўрэата 1970 года Аляксандра Салжанiцына ўзяў на сябе вядомы расiйскi рэжысёр Глеб Панфiлаў, чые карцiны "У агнi броду няма", "Пачатак", "Мацi" ў дадатковым прадстаўленнi патрэбы не маюць. Удзел у экранiзацыi прымаў i сам жывы класiк, якi напiсаў сцэнарый, выбраў акцёра на галоўную ролю (iм стаў Яўген Мiронаў) i агучыў фiльм "пазакадравым голасам".
Раман "У крузе першым" Аляксандр Салжанiцын задумаў на аўтабiяграфiчным матэрыяле - 1948-1949 гг., знаходжанне ў падмаскоўнай спецтурме Марфiна, або "Шарашцы", у якой зняволеныя займалiся распрацоўкай перспектыўных навуковых праектаў. Галоўны герой - матэматык Глеб Нержын - прымае нялёгкае рашэнне адмовiцца ад працы ў "Шарашцы" i зноў трапiць у жах ГУЛАГа, аднак не здрадзiць уласнаму сумленню... Ствараўся раман з 1955-га па 1968 гады, i яшчэ доўга знаходзiўся ў спiсе забароненай лiтаратуры - уласна, тады яго i прачытаў Глеб Панфiлаў. "Думка пра фiльм узнiкла адразу ж, але тады я сказаў сабе, што гэта немагчыма - хiба што гадоў праз 300. Аказалася, што хапiла i 30 гадоў", - прыгадвае рэжысёр.
Акрамя Яўгена Мiронава, у карцiне задзейнiчаны без перабольшання зорны акцёрскi састаў: Iна Чурыкава, Альберт Фiлозаў, Галiна Цюнiна, Вольга Драздова, Дзмiтрый Пяўцоў, Андрэй Смiрноў, Iгар Кваша... Пiсьменнiк i музыкант Яўген Грышкавец сыграў празаiка Галахава. Свае сляды пакiнулi i зусiм маладыя акцёры Сяргей Каракiн, Яна Есiповiч, Аляксей Калубкоў, Нэлi Уварава (вось, дарэчы, цудоўны выпадак параўнаць яе гульню з вобразам Дашы Пушкаровай у серыяле "Не нарадзiся прыгожай", што пачнецца на АНТ).
Вытворчы бюджэт карцiны склаў 3,5 мiльёна долараў, але гэтыя выдаткi цалкам апраўдалiся высокiмi рэйтынгавымi паказчыкамi, з якiмi прайшла прэм’ера фiльма ў Расii. Да таго ж тэлесерыял "У крузе першым" трапiў у фiнал 46-га мiжнароднага тэлефестывалю ў Монтэ-Карла ў намiнацыi "Лепшы драматычны серыял".
"Яшчэ вясной гэтага года мы абяцалi абавязкова працягнуць паказ фiльмаў, знятых паводле лiтаратурнай класiкi, - расказвае намеснiк генеральнага прадзюсара Першага канала Аляксандр Капёнкiн. - Канешне, улiчылi амаль рэкордныя лiчбы рэйтынгу серыяла "У крузе першым". Не апошняй прычынай стала таксама высокая цiкавасць гледачоў да гэтых твораў, што пацвердзiлi шматлiкiя водгукi, атрыманыя пасля паказу "Доктара Жывага", "Iдыёта", "Майстра i Маргарыты". Думаю, наша жаданне паказаць гэты серыял i жаданне гледачоў яго ўбачыць супадуць". Сапраўды, практыка паказвае, што пасля такiх кiнапаказаў уздымаецца новая хваля папулярнасцi лiтаратурнай класiкi нават сярод тых людзей, хто раней гэтыя кнiгi не чытаў...
Як расказаў суразмоўца "Звязды", традыцыя паказу найлепшых серыялаў апошнiх гадоў на Першым захаваецца i надалей. "У нас у "запаснiках" ёсць 10-15 серыялаў розных жанраў, i мы якраз абмяркоўваем, у якой паслядоўнасцi выдаваць iх у эфiр, калi скончыцца "У крузе першым", - зазначыў Аляксандр Капёнкiн.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.