Пераможцы "Танцаў з зоркамі" возьмуць удзел у "Еўрабачанні"

28.08.2007
"Звязда", 28 жніўня 2007 г.


Калі вам надакучылі песні "Еўрабачання", Еўрапейскі вяшчальны саюз прапануе абсалютна новы праект - танцавальны конкурс Eurovіsіon Dance Contest. Як паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, тэлегледачы Першага канала не прапусцяць першае шоў і змогуць пабачыць танцавальнае "Еўрабачанне" 1 верасня а 22 гадзіне ў прамым эфіры.
У конкурсе возьмуць удзел пары-пераможцы нацыянальных адбораў, якія праходзілі ў фармаце брытанскага шоў "Strіctly Come Dancіng" (беларусам больш вядомы яго расійскі аналаг "Танцы з зоркамі"). Наша краіна пакуль у новым праекце не прадстаўлена. За Расію ж на конкурсе выступяць тэлевядучая Марыя Сітэль і прафесійны танцор Уладзіслаў Барадзіноў. Наогул на званне самай лепшай пары прэтэндуюць танцоры з 16 краін: Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Іспаніі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Расіі, Украіны, Фінляндыі, Швейцарыі, Швецыі. Кожная пара прадставіць не адзін, а два танцы - першы з лацінаамерыканскай ці еўрапейскай праграмы, другі - у вольным стылі (перавагу лепш аддаць танцу з нацыянальным каларытам). Пару-пераможцу змогуць выбраць толькі гледачы краін-удзельніц пры дапамозе SМS-галасавання і прыёму званкоў (балы выстаўляюцца ад 1 да 12).
Весці танцавальнае "Еўрабачанне" будуць Грэм Нортан (экс-вядучы шоў "Танцавальная ліхаманка") і Клаудзіа Уінклман (экс-вядучая брытанскага аналага "Фабрыкі зорак" і дзённіка "Танцаў з зоркамі"). Каментаваць прамую трансляцыю конкурса на Першым стане вядучы праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" і ідэйны натхняльнік і экс-вядучы праекта "Танцуюць усе" (ЛАД) Дзмітрый Карась. У якасці эксперта ў студыі яму будзе дапамагаць суддзя міжнароднай катэгорыі, суддзя чэмпіянатаў Еўропы і свету Уладзімір Парахневіч.

Ірына ПРЫМАК.