Перамога - была, ёсць... будзе?

12.12.2007
"Звязда", 12 снежня 2007 г.


Трэцi раз запар Беларусь паказала выдатны вынiк на мiжнародным дзiцячым конкурсе "Еўрабачанне" i нават стварыла своеасаблiвы прэцэдэнт - упершыню ў гiсторыi конкурсу якаясьцi краiна перамагае двойчы. Поспехi на "Еўрабачаннi" дарослым пакуль больш сцiплыя, але мы вучымся, сцвярджаюць арганiзатары нацыянальнага адбору, i жорсткая канкурэнцыя на сёлетнiм "ЕўраФэсце" таму доказ. Падвядзенню вынiкаў i пабудове найблiжэйшых планаў была прысвечана прэс-канферэнцыя, якая адбылася ўчора ў Белтэлерадыёкампанii.

Беларускi феномен

Ад сваiх аднакласнiкаў Лёша - мiж iншым, выдатнiк у вучобе - спадзяецца не адстаць, нават пры тым, што зараз давядзецца актыўна выступаць, у тым лiку ў фiнале праекта "ЕўраФэст" i на Прэзiдэнцкай ёлцы. А вось замацаваць поспех яшчэ i на "Славянскiм базары" юны артыст, на жаль, не зможа - у 2006 годзе ён ужо ўдзельнiчаў у конкурсе (заняў 2-е месца) i, паводле правiлаў, зноў падаваць заяўку не мае права. Зрэшты, ёсць яшчэ дарослыя конкурсы - i той жа "Славянскi базар у Вiцебску", i тое ж "Еўрабачанне". Тым больш, што жаданне стаць паўнацэннай творчай адзiнкай пасля перамогi ў хлопца толькi ўзмацнiлася, дый бацькi толькi вiтаюць, каб талент развiваўся далей. Дарэчы, ад Лёшавага таты, урача-кардыяхiрурга Аляксандра Жыгалковiча, прагучала карысная iнфармацыя для будучых удзельнiкаў адбору: каб падаць заяўку ўлетку, трэба, каб песня была гатовая ўжо зiмой.

Урокi англiйскай

Тым часам падведзены вынiкi адбору Нацыянальнага тэлевiзiйнага музычнага праекта "ЕўраФэст". Сёлета на конкурс было пададзена 122 заяўкi ад аўтараў i выканаўцаў - амаль удвая больш, чым летась. 76 з iх былi дапушчаны да праслухоўвання (дакладней, з’явiлiся на яго), i толькi 15, паводле правiлаў, пасля гарачых спрэчак журы трапiлi ў паўфiнал. Менавiта яны возьмуць удзел у канцэрце, што адбудзецца 21 снежня ў прамым эфiры ў студыi БТРК.
Перш чым агучваць спiс iмёнаў шчаслiўчыкаў, члены журы заўважылi, што склад iх быў вельмi моцны - калi б ведаць загадзя, праект можна было пачаць з чвэрцьфiналу, каб як мага большая колькасць выканаўцаў трапiла ў тэлевiзiйны эфiр. Прычым, заўважым, сёлета ўведзена дадатковае патрабаванне - заяўкi прымалiся толькi ад грамадзян Беларусi альбо тых, хто пастаянна пражывае ў нашай краiне, так што практычна ўсе саiскальнiкi - айчыннага "разлiву". Асаблiва адзначылi суддзi, напрыклад, гурты "Ван Хельсiнг" i "Хардзi", спявачку Танi Фарэда, выканаўцу Габрыеля, - некаторых з iх ад уваходжання ў лiк паўфiналiстаў аддзялiў усяго адзiн голас...
Што ж датычыцца ўласна спiсу - ён абнавiўся прыкладна на дзве трэцi, а iмёны ў iм збольшага знаёмыя: Руслан Аляхно, Гюнеш, Юлiя Гусева, гурты "Dаli", "Litеsоund", "РinСоdе", "Палац", "Па вачах", Алена Валошына, Аксана Кавалеўская, Вiктар Пшанiчны, Аня Шаркунова i Герман Цiтоў. Дый "новенькiя" на паверку аказваюцца больш цi менш вядомымi - скажам, у праект "Sкандал" уваходзiць Сяргей Мiнскi, у гурце "Thе Сhаmрiоns" прысутнiчае Слава Лышчык, ён жа спявак Nils, а дзяўчына Катрын з’яўляецца адной з салiстак Маладзёжнага тэатра эстрады. Песнi яны прадставiлi рознажанравыя, але, як запэўнiў кiраўнiк праекта "ЕўраФэст" Аляксандр Цiхановiч, "усе яны адпавядаюць фармату "Еўрабачання". Наколькi адпавядаюць самi канкурсанты - убачым i пачуем 21 снежня. Тады i выберам 2-3 фiналiстаў. Дарэчы, заўважым - сёлета толькi "Палац" рызыкнуў выставiць беларускамоўную песню, ды яшчэ тры выканаўцы будуць спяваць па-руску. Усе астатнiя абралi англiйскi.

- А ўзровень валодання замежнай мовай якi, задавальняючы? - пацiкавiлiся мы.
- У нас ёсць пагадненне з Мiнiстэрствам адукацыi, i фiналiсту, дакладней, пераможцу, якога абяруць журы i гледачы, лiнгвiстычны ўнiверсiтэт прадаставiць лепшых выкладчыкаў, каб займацца, колькi спатрэбiцца, для паляпшэння вымаўлення i павышэння ўзроўню валодання мовай. Пытанне гэта кантралюе рэктар МДЛУ, - адказаў выканаўчы прадзюсар праекта "ЕўраФэст" Дзмiтрый Баранаў.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.