Перагрузка БТ: што пакажуць на новых тэлеканалах?

02.11.2011
"Звязда", 2 лістапада 2011 г.


Як было аб'яўлена раней, рэбрэндынг (змяненне брэнду) тэлеканалаў Белтэлерадыёкампаніі (далей БТ) адбудзецца з 5 лістапада. У гэты дзень замест "Першага" ў эфірнай сетцы з'явіцца "Беларусь 1". 14 лістапада тэлеканал "Беларусь 2" заменіць сабой у эфіры "ЛАД".
"Беларусь 2" стане спартыўна-забаўляльным каналам. У яго эфіры будуць пераважаць спартыўныя трансляцыі, серыялы і пазнавальныя праграмы. Акрамя найбольш рэйтынгавых праграм былога тэлеканала "ЛАД", у эфірную сетку "Беларусь 2" увойдуць і цалкам новыя праекты - у прыватнасці, пашырыцца колькасць дзіцячых і рэлігійных перадач.
"Беларусь 1" захавае статус галоўнага інфармацыйнага канала БТ. Аднак аб'ём інфармацыйна-аналітычнага вяшчання на канале павялічыцца. Як паведамляе прэс-служба БТ, найперш - за кошт з'яўлення новых перадач і праектаў. Чым жа прынцыпова новым здзівяць новыя каналы?
"100 песень Беларусі" (Беларусь 1). Штотыднёвые музычна-гульнявое шоу з элементамі ток-шоу і талент-шоу. У выкананні зорак беларускай і замежнай эстрады ў эфіры прагучаць песні розных гадоў, розных стыляў і кірункаў, ад народных песень да хітоў сучаснасці. У выніку гледачы выберуць 100 лепшых песень, а першыя 20 прагучаць у фінальнай праграме.
"Да цешчы на бліны" (Беларусь 1). Кулінарнае спаборніцтва, у якім пад кіраўніцтвам вядучай прымуць удзел дзве пары сваякоў. Акрамя цікавых сямейных рэцэптаў, гледачы змогуць даведацца пра сямейныя традыцыі гасцей, у якасці якіх будуць выступаць як сем'і вядомых людзей, так і простых беларусаў.
"Зорка караоке" (Беларусь 1). Музычна-забаўляльнае караоке-шоу абяцае навучыць гледачоў спяваць. Кожная песня будзе суправаджацца бягучым радком, таму падпяваць выканаўцам зможа любы ахвотны. У праграме прымуць удзел як зоркі эстрады, так і звычайныя гледачы.
"Шоу Святланы Бароўскай" (Беларусь 1). Сэнс новага гульнявога шоу - у пошуку ідэальнага мужчыны. 22 мужчыны - розных узроставых катэгорый, сямейнага і сацыяльнага статусу - будуць адказваць на пытанні, выконваць інтэлектуальныя тэсты і праходзіць выпрабаванні. Вядучая Святлана Бароўская і журы з ліку пяці жанчын напрыканцы кожнага выпуску вынесуць свой "вердыкт", аналізуючы моцныя і слабыя бакі ўдзельнікаў. У выніку кожную праграму адзін з удзельнікаў будзе выбываць...
"Нясумны глобус" (Беларусь 2). Новая дзіцячая перадача будзе выходзіць пяць разоў на тыдзень. У лёгкай і забаўляльнай форме аўтары праекта распавядуць дзецям пра гарады і краіны, нацыянальныя абрады і цікавыя гістарычныя падзеі.
"Беларусь і я" (Беларусь 2). Штотыднёвая дзіцячая перадача з краязнаўчым ухілам. Юныя вядучыя будуць даследаваць Беларусь - гледачы ўбачаць вандроўкі па замках і палацах. Сярод першых аб'ектаў - Нясвіжскі замак і Бабруйская крэпасць. Гледачы даведаюцца, як правільна выконваць старадаўнія танцы і насіць сукенкі з крыналінамі.
Павялічыцца ў сетцы вяшчання "Беларусь 2" і блок духоўна-асветніцкага вяшчання. Акрамя вядомых "Благавест" і "Мір вашаму дому", у эфіры з'явяцца праваслаўныя "Ступені веры" (задумка аўтараў - распавесці гледачу пра асаблівасці праваслаўных службаў, пра тое, што такое малітва, як правільна хрысціцца і іншае; праграма разлічана ў тым ліку на тых, хто толькі нядаўна далучыўся да праваслаўнай веры), "Таямніцы веры" (праект распавядзе пра гістарычныя падзеі хрысціянства і сучаснае жыццё каталіцкай і праваслаўнай цэркваў) і каталіцкая "Святарскае настаўленне" (у кожнай праграме ксёндз будзе даваць парады і настаўленні людзям, чытаць і каментаваць лісты гледачоў).
"Паўночнікі" (Беларусь 2) і "Паўночнікі Nеws" (Беларусь 2). Стваральнікі праграм сцвярджаюць, што ў гісторыі беларускага тэлебачання падобных праектаў яшчэ не было. "Паўночнікі" распавядуць гледачам пра мінскія канцэрты вядомых айчынных і замежных выканаўцаў. Паводле слоў аўтараў праектаў, унікальнасць перадач у тым, што частка канцэртаў будзе паказана ў прамым эфіры. Карэспандэнты "паўночнікаў" прабяруцца за кулісы і пакажуць, што схавана ад простага вока ў грымёрках артыстаў. "Паўночнікі Nеws" будуць падводзіць вынікі музычнага тыдня - паўгадзінныя выпускі пазнаёмяць гледачоў з тымі акцыямі, прэзентацыямі і канцэртамі, якія будуць праходзіць у краіне на працягу тыдня.

Ілья ЛАПАТО.

РS. У бліжэйшых нумарах "Звязда" распавядзе пра вядучых, чые імёны ў хуткім часе будуць атаясамлівацца з вышэйназванымі перадачамі.