Педагагічная бочка

29.07.2016 "Звязда"

Многія тэлевізійныя праграмы разам са сваімі стваральнікамі летам адпачываюць. Тэлевізійны варыянт гульні «Размаўляем па-беларуску» - таксама. Таму да верасня ў эфіры тэлеканала «Беларусь -3» будуць ісці паўторы папулярнай праграмы. Але ж стваральнікі паклапаціліся пра тых, хто не збіраецца прыпыняцца ў вывучэнні беларускай мовы і падрыхтавалі арыгінальныя версіі друкаваных выпускаў.

Ці ведалі вы, што:
Пустую бочку чуваць далёчка. Часам здаецца, што некалі наша першая настаўніца наўмысна зарыфмавала гэтае мудрае выслоўе, каб лягчэй занатавалася ў дзіцячай памяці. У народзе нездарма падкрэсліваюць: парожняя бочка гучыць, а поўная маўчыць. Зрэшты, свет, напэўна, збяднеў бы без гаваркіх і фанабэрыстых. Але ж здаўна ў сем'ях умудраліся болей рабіць, чым пахваляцца. І гэтая пэдагагічная ўстаноўка мела свой плён: людзі рупіліся чыніць дабро, не апавяшчаючы, без спадзявання на ўзнагароды. Пустая бочка пуще гремит - сфармулявалі нашы ўсходнія суседзі. А старажытныя папярэджвалі: славу даганяючы, можна з дарогі збіцца. Дык вось, калі надараецца давесці каму болей, чым сам спазнаў, мякка спыніце падказкай з маленства: пустую бочку чуваць далёчка.
Для тых, хто разважае пра свой удзел у тэлепраграме, нагадаем: для гэтага неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Паўторы выпускаў тэлевіктарыны - у ранішнім эфіры «Беларусь 3» кожную суботу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.