"Пазлы" складзены

03.12.2013
"Рэспублiка", 3 декабря 2013 г.


Беларус Iлья Волкаў трапіў у прызёры дзіцячага "Еўрабачання-2013".
Беларускі ўдзельнік дзіцячага "Еўрабачання-2013" Ілья Волкаў з кампазіцыяй "Спявай са мной" увайшоў у тройку прызёраў міжнароднага песеннага спаборніцтва. Фінал тэлевізійнага шоу адбыўся ў Кіеве. З вынікам 108 балаў, набраных у ходзе галасавання тэлегледачоў і журы, прадстаўнік нашай краіны заняў пачэснае трэцяе месца.
Першае месца са 130 баламі - у канкурсанткі з Мальты 11-гадовай Гайі Каучы. Украінка Сафія Тарасава стала другой - 121 бал.
У якасці прызоў тройка пераможцаў атрымала "Пазлікі" - фігуркі сімвала дзіцячага "Еўра-бачання-2013".
Узнагароджанне не толькі трыумфатара конкурсу, але і юных выканаўцаў, якія занялі другое і трэцяе месцы, адбылося сёлета ўпершыню - гэта адно з новаўвядзенняў арганізатараў у правілы дзіцячага песеннага спаборніцтва.
Усяго за перамогу на конкурсе змагаліся юныя таленты з 12 краін: Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Македоніі, Грузіі, Мальты, Малдовы, Нідэрландаў, Расіі, Сан-Марына, Украіны і Швецыі.
Ільі Волкаву - 11, ён нарадзіўся і жыве ў Мінску. Займаецца вакалам з шасці гадоў. Выхаванец студыі "Залатыя галасы" пры вядомай арт-групе "Беларусы". Юны артыст прымаў удзел і станавіўся прызёрам шэрагу конкурсаў. Акрамя спеваў, Ілья захапляецца спартыўна-бальнымі танцамі. У мінулым годзе на "Еўрабачанні-2012" ён танцаваў у нумары на песню "А мора, мора..." беларускага канкурсанта Ягора Жэшкі. Цяпер Ілья выступаў ужо і ў якасці саліста з кампазіцыяй уласнага сачынення "Спявай са мной". Дарэчы, яго нумар быў адным з самых складаных на "Еўрабачанні-2013", бо Ілья не толькі хораша спяваў, але пры гэтым яшчэ і выдатна танцаваў разам з інтэрнацыянальнай групай Maxi Briz - пяццю сімпатычнымі і вясёлымі дзяўчынкамі, якія па праву падзяляюць з Ільёй "бронзавую" перамогу.
- Вельмі рада за нашу каманду. У час самога шоу я знаходзілася ў прэс-цэнтры і бачыла, як выдатна журналісцкая брація сустракала выступленне Ільі. Дзеці выступілі вельмі якасна, эмацыянальна, - сказала ў інтэрв'ю БелТА кіраўнік беларускай дэлегацыі, выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 2" Людміла Барадзіна.
Яна адзначыла прафесіяналізм выкладчыкаў, якія працавалі з беларускай камандай. Спявачка Вольга Вронская займалася з Ільёй вакалам, пастаноўку нумара рабіла кіраўнік вакальна-харэаграфічнай студыі Maxi Briz Ганна Саковіч.
- Прыемна, што нас ацанілі не толькі прадстаўнікі СНД. Гэта пра нешта сведчыць, і нам ёсць чым ганарыцца. Думаю, тэлегледачы ў Беларусі разам з намі да апошняга трымалі кулачкі. "Бронзу" мы заслужылі, - дадала кіраўнік беларускай дэлегацыі.
Нагадаем, самую высокую ацэнку (12 балаў) Беларусі паставіла Расія, ад Мальты і Малдовы Ілья атрымаў па дзясятцы, па 8 балаў - ад Нідэрландаў, Грузіі і Украіны. Македонія ацаніла выступленне беларуса на сямёрку, а Сан-Марына, Арменія і Азербайджан - на шасцёрку. Швецыя аддала 5 балаў. Ад дзіцячага журы конкурсу Беларусь атрымала 10 балаў. Акрамя таго, усе ўдзельнікі "Еўрабачання" атрымалі па 12 балаў ад Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.
Беларускія тэлегледачы фінальнага шоу "Еўрабачання" прагаласавалі наступным чынам: 12 балаў прысудзілі Украіне, 10 балаў - Мальце, восем - Расіі, сем - Грузіі, шэсць - Нідэрландам, пяць - Швецыі, чатыры - Малдове, тры - Сан-Марына, два - Арменіі, адзін - Македоніі.
У дзіцячым "Еўрабачанні" Беларусь удзельнічае з пачатку яго арганізацыі ў 2003-м. Першаадкрывальніцай ад нашай краіны стала Вольга Сацюк, якая заняла, дарэчы, чацвёртае месца. Наогул, Беларусь называюць нефармальным лідарам дзіцячага конкурсу песні. У 2005 годзе яго трыумфатарам стала Ксенія Сітнік , у 2007-м выйграў Аляксей Жыгалковіч. У 2006-м другое месца заняў Андрэй Кунец. А Лідзія Заблоцкая ў 2011-м была трэцяй. 

Ірына СВІРКО, "Р".