Павел Лазовік: "Журналіст - гэта акцёр, які стварае настрой і атмасферу ў эфіры"

12.07.2013
"Звязда", 12 ліпеня 2013 г.

 
Каментатар дзіцячага "Еўрабачання", "Грэмі", "Оскара", вядучы радыё і тэлебачання Павел Лазовік у прадстаўленні не мае патрэбы. Яго голас знаёмы многім. Аднак сакрэт поспеху не толькі ў гэтым. Пасля гутаркі з Паўлам можна вывесці наступную формулу: трэба вучыцца ў прафесіяналаў, праяўляць актыўнасць у эфіры і ў жыцці, няспынна самаўдасканальвацца. Не здзіўляйцеся, калі аднойчы сустрэнеце яго на борце самалёта альбо пачуеце, што ён адкрывае кавярню. Але гэта ў перспектыве, а пакуль што мы размаўляем з ім пра "непрабіўных гасцей", сяброўства па-за эфірам і падарожжы, якія натхняюць на працу.

- Вы працуеце на Першым нацыянальным канале беларускага радыё і Радыус-ФМ. Сумесна з тэлеканалам "Беларусь 24" выпускаеце праект "Актуальны мікрафон". Складана сумяшчаць працу на радыё і тэлебачанні?
- Тое, што ў структуры Белтэлерадыёкампаніі існуюць розныя падраздзяленні, дае больш магчымасцяў рэалізоўваць сябе. Як я паспяваю? Тут, мабыць, сакрэт просты: як любы чалавек, які працуе і цэніць свой час, я планую справы на дзень, на тыдзень і нават на месяц наперад. Калі ўдаецца зрабіць расклад, то ведаеш, калі і што трэба паспець. Журналістыка для мяне і праца, і хобі, я займаюся ёю штодзённа з задавальненнем і дзялюся гэтым са сваёй аўдыторыяй.

- А самі вы прыхільнік якога спосабу атрымання інфармацыі?
- Зыходзячы з патрабаванняў прафесіі быць у курсе падзей, з раніцы заходжу ў інтэрнэт, чытаю навіны. Але, калі б я не быў журналістам і ацэньваў іх з пазіцыі звычайнага карыстальніка, то я глядзеў бы тэлевізар, а інтэрнэт мяне цікавіў бы ў меншай меры. З газет сёння хочацца атрымліваць аналітыку, бо навін хапае ў сеціве. Мне здаецца, што газеты маглі б заставацца цікавымі пры падачы матэрыялаў на "часопісны" манер.

- Праўда, што вы марылі быць урачом?
- Урачом хацелася быць па сутнасці. У тым сэнсе, што змагу рабіць людзей больш радаснымі. Як тыя, хто марыць стаць настаўнікам, жадаюць "узгадоўваць" дзіцячыя душы і напаўняць іх ведамі. А наогул я баюся ўрачоў і наведаць доктара для мяне - справа не з лёгкіх. У гады майго юнацтва прафесію выбіралі па прынцыпе: "куды лягчэй паступіць". І пажадана, каб бліжэй да дома. Я родам з Маладзечна. І аднойчы здарылася так, што мы з аднакласніцай, з якой былі суседзямі па парце, паехалі на Дзень адчыненых дзвярэй у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Там сярод россыпу факультэтаў маю ўвагу прыцягнуў журфак. Тады падумаў: "А я ж яшчэ і школьнай газетай займаўся". Вырашыў здаваць іспыты.

- Пайшлі шляхам найменшага супраціўлення?
- Можна і так сказаць. Ні ў мяне, ні ў бацькоў не было жадання, каб я стаў журналістам. Ніхто з родных не мае дачынення да прафесіі. Я з простай сям'і, дзе тата і мама - завадскія працаўнікі. Яны часцей думалі пра такую адукацыю для мяне, якая была б прэстыжнай і прыносіла грошы. Таму складана патлумачыць, адкуль цяга да журналістыкі. Мабыць, прычынай усяму маё захапленне лялечным тэатрам у школьныя гады. Там была сцэна, камунікацыя і магчымасць распрацоўваць у сабе акцёрскае майстэрства. Потым - насценгазета, дзе збіраў і пісаў матэрыялы - "руку" трэніраваў. Так склалася само сабой.

- А прымяраць на сябе прафесію акцёра не спрабавалі?
- Акцёрам я, мабыць, не стаў бы. Вось зараз думаю, як цудоўна, што ўсё атрымалася з журналістыкай, бо журналіст - ён жа і акцёр, проста наша сцэна - эфір. Там, як і ў тэатры, мы не толькі іграем, а і праз сябе прапускаем эмоцыі, перажываем сітуацыі. Пасля праграмы ты ходзіш выціснуты, як лімон, таму што сілы і эмоцыі пайшлі на тое, каб данесці да свайго слухача неабходную інфармацыю.

- Ваш голас і ўменне імправізаваць забяспечваюць поспех у эфіры...
- Голас для таго і дадзены, каб заахвочваць слухача і запамінацца яму. Усё сумнае, манатоннае - гэта толькі загатоўкі. Яны - аснова, якая журналістам-пачаткоўцам дапамагае не хвалявацца, а вопытных можа выратаваць у выпадку, калі раптам госць эфіру пападзецца нешматслоўны. Праграму ж не адменіш. А імправізацыя дапамагае. Ваш госць, незалежна ад свайго сацыяльнага становішча, павінен адчуваць сябе так, нібы вы сябры, якія сустрэліся ў кавярні. Вы размаўляеце, і вас цікавіць усё, што ён вам расказвае. Калі такая шчырая зацікаўленасць праяўляецца ў эфіры, то і слухачам будзе цікавы ваш суразмоўца. Уменне імправізаваць - гэта дар, які з'яўляецца з часам, пры ўмове, што будзеш назіральным і здолееш у чалавеку выклікаць сімпатыю, каб ён пачуваў сябе свабодна і камфортна.

- Як "настройваеце" сваіх гасцей перад эфірам?
- Перш за ўсё праяўляючы сваю зацікаўленасць. Журналіст павінен умець здзіўляцца. Пастаў сябе на месца госця і зразумей, чым ён асаблівы. Часам у мяне спрабуюць даведацца, якія пытанні будуць, а я не ведаю, бо можна скласці спіс не з аднаго дзясятка пытанняў, а пачнецца размова, і кірунак гутаркі зменіцца пасля першага адказу. Прадказаць немагчыма. Здараецца, што трапляюцца і "складаныя", нешматслоўныя суразмоўцы. Журналіст, незалежна ад таго, працуе ён на радыё ці на тэлебачанні, павінен быць добрым псіхолагам. Увогуле, настройваць гасцей пачынаю яшчэ задоўга да эфіру, калі тэлефаную і запрашаю іх на праграму, калі сустракаю ў фае. Усе гэтыя, здавалася б, дробязі ўплываюць на камфорт чалавека, які потым дае інфармацыю. Бывае, што аказваешся з госцем у эфіры і разумееш - бяда! Адказаў не дабіцца ці яны зводзяцца да "так" і "не", і паўзы даводзіцца нечым запаўняць. Здараецца, чалавек да эфіру шмат цікавага расказвае, а перад мікрафонам губляецца і ледзьве словы прамаўляе.

- У памяці яшчэ застаўся першы выхад у эфір?
- Вільготныя далоні, "сухое" горла, трымценне рук - усё было. Той стан нельга ні з чым параўнаць. Ён не падобны на той, калі ты сядзіш на экзамене ці пад дзвярыма зубнога ўрача альбо вяртаешся дадому цёмнай ноччу. Здаецца, такога выкіду адрэналіну і такога напружання я не адчуваў больш ніколі ў жыцці. Існуе і псіхалагічная сцяна, бо ты разумееш, што зараз павінен нешта рабіць. Нельга сказаць, быццам з часам страх знікае, проста адчуванні становяцца "адпрацаванымі", і ты ўжо не звяртаеш увагі на хваляванне.

- Сустрэчы на працы перарастаюць у сяброўства ў жыцці?
- Працягваць сяброўства даводзіцца з практычнага пункту гледжання: калі ты ў эфіры кожны дзень, то заўсёды ёсць неабходнасць у людзях, якія змогуць выручыць цябе па першым званку. І такія сувязі вырастаюць менавіта з першых сустрэч у працоўным фармаце. Таксама ёсць людзі, якія прыходзяць на праграму, а потым проста падтрымліваюць з табой сувязь, цікавяцца тваім жыццём па-за эфірнай прасторай.

- З чаго складаецца ваша жыццё па-за працай?
- Перш за ўсё імкнуся знайсці час для сну, бо праца адбірае шмат часу. Калі эфіры раніцай, то а пятай гадзіне мяне ўжо забірае службовая машына.
І я павінен быць бадзёрым. Начныя эфіры заканчваюцца ў дзве, а то і ў тры гадзіны ночы. Таму катэгорыі "сава" - "жаваранак" дакладна не пра нас. А так мне падабаецца падарожнічаць. Люблю адкрываць новыя гарады, вывучаць гісторыю, культуру іншых краін, знаёміцца з новымі людзьмі. Прычым гэта дае і добрую загатоўку для працы. Бо пры жаданні кожны дзень быць цікавым, новыя веды і ўражанні здольны дапамагчы. Калі ж у тваім жыцці толькі маршрут "дом-праца-дом", то хутка можна выдыхнуцца, нават валодаючы нейкімі геніяльнымі думкамі і ідэямі.

- Ваша праграма "Адкрытая пляцоўка" на радыё існуе не адзін год, як удаецца зацікавіць моладзь?
- "Адкрытая пляцоўка" - адзін з першых штодзённых праектаў прамога эфіру. Праграме больш за дванаццаць гадоў. Тэрмін не малы і сведчыць пра тое, што яе ведаюць, яна патрэбна. Там я прайшоў сваю школу станаўлення як журналіст і вядучы прамога эфіру. Роўны вучыў роўнага, бо на той час я быў якраз прадстаўніком моладзі. Зараз мы пасталелі, але ў душы імкнёмся заставацца маладымі. Сёння рабіць праграму для моладзі складана. Дзякуючы таму, што мы існуем не толькі на FM-прасторы, але і анлайн не губляецца зваротная сувязь. І мы па-ранейшаму застаёмся той пляцоўкай, дзе маладыя людзі могуць знайсці карысную інфармацыю і парады.

Алена ДРАПКО.