Пакойчык з дзяцiнствам

01.12.2006
"Звязда", 1 снежня 2006 г.


Дзе завяршаюць кар’еру героi "Калыханкi"
...Мая малодшая сястра ў дзяцiнстве, як i многiя, з вялiкай неахвотай клалася спаць. Прымусiць яе тэрмiнова iсцi ў ложак удавалася толькi аднаму персанажу - Дзеду-Барадзеду. Пачуўшы першыя акорды барадзедаўскай песенькi, сястра бегла да тэлевiзара i слухала дзедавы парады з неаслабнай цiкавасцю, а потым без усякiх "не хачу" засынала...
Сястра даўно перайшла ў катэгорыю "дарослых дзяўчат", дый Дзед-Барадзед некуды па- дзеўся. З’явiлiся зусiм новыя персанажы, на якiх цяперашняя малеча глядзiць усё такiмi ж замiлаванымi i шырока расплюшчанымi ад цiкавасцi вачыма. А iхнiя бацькi, гледзячы на гэтых незнаёмцаў, час ад часу ўзгадваюць "сваiх" герояў - Буслiка, ваўка Вову, лiсiчку, ката Марцiна... Улiчваючы, што старэйшая беларуская перадача для дзяцей "Калыханка" яшчэ летась адзначыла свой 25-гадовы юбiлей, розных лялечных персанажаў у ёй, ды i ва ўсёй рэдакцыi дзiцячых праграм, было шмат. Куды ж яны знiкаюць, калi сыходзяць з экранаў?..

На дзвярах напiсана: "Складское памяшканне №...". А ўнутры - самы сапраўдны фiлiял казкi. I нават не адной, мяркуючы па колькасцi лялек, цацак, навагоднiх елачак, загадкавых постацяў. Тут - амаль уся гiсторыя дзiцячых праграм беларускага тэлебачання. Без праваднiка не разбярэшся - дзякуй, што нашым экскурсаводам пагадзiлася выступiць рэдактар Алена Фурсава, якая працуе ў "Калыханцы" больш за 20 гадоў.
- Адной з нашых першых лялек быў сабака Цява, вось такi кранальны i сiмпатычны, - выцягвае Алена з лялечнага закутка вялiзную кудлатую "жывёлiнку". - Не памятаю нават, адкуль мы яго ўзялi - магчыма, з нейкага тэатра. Глядзiце, колькi гадоў прайшло, а ў яго дагэтуль працуюць лапкi.
Наступнай з кута з’яўляецца лялька Васiлiнка - памятаеце, гадоў мо 8-10 яна "працавала" на "Калыханцы" разам з хлопчыкамi Васiльком i Юрасiкам. Насамрэч спачатку Васiлiнка была... не, нават не хлопчыкам, а персанажам Бульбiнкай. Потым ужо спатрэбiлася дзявочае хараство, i мастакi "нарасцiлi" ляльцы валасы, раснiчкi, пашылi сукенку i ператварылi ў абаяльную Васiлiнку з голасам i тэмпераментам актрысы Яны Агеенка. Лялька i зараз складзе канкурэнцыю ўсякiм там Мальвiнам - калi яе крышачку паднавiць.
Напэўна, рэкардсменамi па працягласцi тэлекар’еры быў птушына-сабачы тандэм Буслiка i Цiмошкi. Буслiк, у прыватнасцi, змянiў некалькi галасоў - Валянцiна Пражэева i Людмiла Самойлава, а Цiмошку ў свой час агучваў Уладзiмiр Грамовiч. Праўда, гэтых герояў мы сярод iхнiх цацачных сабратоў не знайшлi - вiдаць, забралi ў музей гiсторыi беларускага тэлебачання.
- Здаецца, сабакi ўвогуле вельмi запатрабаваныя персанажы на дзiцячым ТБ: Цява, Цiмошка, воўк Вова... - пералiчваю я.
- Ну, усё залежыць ад вобраза, характару, - удакладняе Алена. - Дзецям больш падабаюцца гэткiя шалапуты, свавольнiкi. Напрыклад, калi трэба было зрабiць новых лялек, мы прыдумалi гаспадарлiвага хамяка Хому i непаседлiвае парася Сеню. Атрымалася цi то парася, цi то сланяня, якое паўсюль засоўвала свой доўгi нос. Дзiўны, не самы сiмпатычны персанаж; але вы не ўяўляеце, як яго любiлi дзецi! Хоць былi сумневы, цi варта рабiць менавiта парася - маўляў, у Маскве ж ёсць Хруша. Увогуле дарослыя лiчылi, што лялька няўдалая, аднак дзецям вобраз, створаны Верай Кавалеравай, вiдаць, быў вельмi блiзкi, i наша парася гадоў 5 карысталася неверагоднай папулярнасцю. Каб развiтанне з любiмым персанажам прайшло не надта балюча, давялося адправiць яго на "мультымабiлi" ў далёкае падарожжа.
Следам за парасём выцягваем ката Марцiна - не толькi героя "Калыханкi", але i на працягу 8 гадоў вядучага праграмы "Уся справа ў капелюшы". Кот быў вядомы не толькi сваёй кемлiвасцю i разважнасцю (дзякуй за запамiнальны вобраз Аляксандру Кашпераву), але таксама сваiм "жывым" хвастом, якi выдатна перадаваў эмоцыi. Зараз, на жаль, Марцiн пайшоў на пенсiю, а хвост у яго, як у той дражнiлцы "котка здохла, хвост аблез", выглядае сумнавата i патрабуе "рамонту". Затое пыса ў яго хiтра-а-ая.
- А вось гэтага гаўрыка, зайца Даўгавушыка, пэўны час давялося граць i мне самой, - з пяшчотай дастае Алена наступную ляльку. - Ён ужо вельмi стары, i носiк аблуплены, i вусы абарваныя, а характар - мiлы, жвавы - усё адно захаваўся. Працаваць з iм было зручней, чым з трасцявымi лялькамi: пацягнеш за вяровачку - роцiк адкрываецца, броўкi варушацца. I дзецi яго таксама вельмi любiлi.
У гiсторыi дзiцячай рэдакцыi было такое, што некаторым героям, улюбёнцам публiкi, даводзiлася рабiць "пластычныя аперацыi" - замяняць адну ляльку другой. Скажам, за 15 гадоў жыцця медзведзяняцi Топы давялося замест старой, "сур’ёзнай" лялькi зрабiць больш сучасную i больш "дзiцячую" - адпаведна, давялося крыху перабудоўваць вобраз i акцёру Уладзiмiру Варанкову, каб адпавядаць свайму новаму "тварыку". Буслiка таксама цацачных спраў майстры перароблiвалi i ўдасканальвалi некалькi разоў.
Лялькi вельмi падобныя да людзей, якiя iх рабiлi - персанажаў, якiя выйшлi з рук Таццяны Галавачовай не пераблытаеш з "гадаванцамi" майстра Тэатра лялек Алега Нiкалайчыка. Сёння, праўда, большасць гэтых герояў амаль не выходзiць з запаснiкаў - хiба што ў якасцi пачэсных гасцей на мультыплiкацыйным фестывалi "Анiмаёўка" ды яшчэ ў якасцi экспанатаў дзеля дзiцячых экскурсiй, якiя час ад часу прыходзяць у Белтэлерадыёкампанiю. Некаторых вы ўжо ўвогуле не знойдзеце ў гэтых сценах: воўк Вова "перасялiўся" дамоў да акцёра, якi яго агучваў, а паралонавы Дзед-Барадзед быў такi стары i ў прамым сэнсе спарахнелы, што яго, хутчэй за ўсё, выкiнулi на сметнiк падчас чарговай прыборкi памяшканняў... Хоць у таго ж казачнага Дзеда ёсць свая, абсалютна ўнiкальная гiсторыя. Яго iграў не адзiн акцёр, а адразу тры: адзiн быў "рукамi", другi "нагамi", трэцi "галавой". Акцёрам не трэба было хавацца пад стол або за шырму - яны апраналiся цалкам у цёмна-сiнюю вопратку, нават твары закрывалi, i працавалi на цёмна-сiнiм фоне. Атрымлiвалася, што людзей не бачна, i таму тэлевiзiйную ляльку лёгка было пры мантажы "перасадзiць" на любы фон - хоць у рамонкi, хоць на аблокi...
- Мне здаецца, даволi крыўдна для дзiцячай рэдакцыi, што такiя заслужаныя героi сядзяць у "складскiм памяшканнi нумар адзiн". Можа, лепш стварыць адмысловы лялечны тэлемузей?
- У нас ёсць такiя задумкi, але iх рэалiзацыя залежыць ад многiх фактараў: свабодныя грошы, людзi, памяшканнi. Часткова лялькi "жывуць" у нас, у кабiнетах дзiцячай рэдакцыi, але там надта мала месца. Iдэя ўсё ж добрая, i мы спадзяёмся, што яна ажыццявiцца.
Гэта сапраўды iдэя - i нават не ў тым сэнсе, што людзi цэлымi сем’ямi змаглi б наведваць музей i ўзгадваць любiмых многiмi пакаленнямi персанажаў. Ёсць i яшчэ адзiн бок медаля. Мы прызвычаiлiся, што ўсё "сваё" - другаснае, беларускiя тэлепраграмы - скапiраваныя з расiйскiх альбо замежных. Дзiцячая рэдакцыя ў гэтым сэнсе з чыстым сумленнем можа заявiць, што ўсе яе цацачныя "супрацоўнiкi" абсалютна арыгiнальныя, непаўторныя, насычаныя ўласным нацыянальным каларытам i рысамi характару.
- Цi лёгка лялькам вытрымлiваць канкурэнцыю з камп’ютарнымi "мульцяшкамi"?
- Анiмацыйныя персанажы добра ўспрымаюцца на экране, але не заўжды iх можна выкарыстаць. Напрыклад, мы часта запiсваем дуэты: дзiця i лялька. Як дзiцяцi патлумачыць, маўляў, ты глядзi на пустое месца i размаўляй з iм, а мы потым туды паставiм мультыплiкацыйнага героя? Прасцей кантактаваць з тым, каго бачыш - дзецi ўспрымаюць гэтых персанажаў як жывых, могуць iх пацiскаць, абдымаць... Памятаю, аднойчы мы запiсвалi нейкую праграму на выездзе ў мастацкiм музеi. Я была "зайцам". Падышла дзяўчынка - яна цудоўна бачыла, што лялька рухаецца не сама, што яе варушыць i за яе гаворыць нейкая цётачка, - але яна з такiм шчырым захапленнем размаўляла з гэтай лялькай! Думаю, анiмацыйныя персанажы не выцiснуць лялек; наадварот, мы стараемся iсцi ў нагу з часам i спалучаць iх. Скажам, у рубрыцы "Ням-ням" у нас ёсць анiмацыйны гаворачы кубачак, якi працуе нароўнi з лялькай, ёсць мульцяшнае Сонейка. I ўсе выдатна суiснуюць разам.
- Чаму больш за 20 гадоў дарослы чалавек аддае такому "дзiцячаму" занятку, як лялькi?
- Ведаеце, кожнаму сваё. Я адчуваю сябе на сваiм месцы i не ўяўляю на iншым, ведаю, што праца з лялькамi - гэта маё прызначэнне. Тым больш, праграмы для дзяцей - гэта неўзаранае поле! Мы ж не абмяжоўваемся адной толькi "Калыханкай", ёсць многа новых праграм, з гэтага сезона iдзе псiхалагiчна-тэставая "Шчыра кажучы". Галоўнае, што я люблю гэту справу, iсцi ў iншым накiрунку - нават спакусы такой не было. Да таго ж, я лiчу, палiтыка, эканомiка, усе "сур’ёзныя", дарослыя тэмы - iх хапае ў жыццi. А працуеш для дзяцей - i сам стараешся захаваць у сабе дзiцячую шчырасць, наiўнасць у лепшым сэнсе слова, адганяеш усе дурныя пачуццi i эмоцыi...
Наведвальнiкаў-дзяцей Алена Фурсава заўжды папярэджвае: "Нашы лялькi - жывыя, i калi прыслухацца, можна пачуць, як яны шэпчуцца аб нечым сваiм". Можаце мне не верыць, аднак калi за намi зачынялiся дзверы, я чула шоргат i перашэптванне. А кот Марцiн, здаецца, нават падмiргнуў на развiтанне. Альбо гэта толькi падалося?

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.