Падарожнік у паліто ў стылі рэтра

31.01.2004
"Культура", 31 студзеня 2004 года.


Да імпазантнага падарожніка ў старамодных чорных паліто і капелюшы, у акулярах і з сакваяжам, які з 'яўляецца ўжо цягам паўтара года па нядзелях на экранах тэлевізараў у перадачы "Падарожжа дылетанта" із захапленнем, цудоўнаю роднаю моваю вядзе расповед пра гісторыю розных мясцін Беларусі, гледачы даўно прызвычаіліся і з нецярпеннем чакаюць кожны раз новай сустрэчы. Галоўны герой папулярнай тэлепраграмы Юрый ЖЫГАМОНТ, акцёр Тэатра юнага гледача - сёння наш госць.

Юрый Жыгамонт нарадзіўся на Ўсходнім Палессі, у вёсцы Дзямідаў. Прызнаецца, што вельмі любіць родныя мясціны.

- Вёска Дзямідаў, якая да рэвалюцыі называлася Дзямідавічы, - расказвае ён, - месціцца каля рэчкі Славечна, вакол - азёры, балоты, лес, сенажаці. Славечна - памежная рэчка. Тут праходзіць мяжа з Украінай. Калісьці Славечна стаяла на мяжы Вялікага княства Літоўскага з Польшчай.

- Палеская глыбінка і носьбіт гучнага, высакароднага прозвіш-ча... Напэўна, вас не абмінула за-хапленне апошняга часу - даведацца, адкуль вашы карані?

- Мае продкі па бацьку і па маці ў вёсцы Дзямідаў жывуць болей за дзвесце гадоў. Раней яны пісаліся: Жыгімснты. Яшчэ мой прадзед, сельскі стараста, подпіс якога я знайшоў у архіве, гэтак пісаў сваё прозвішча - Жыгімонт. Не ведаю, як наконт княжацкіх каранёў, вядома толькі, што прозвішча Жыгімонт з'явілася на Палессі пасля паўстання Касцюшкі. На Палессі хавалася шмат паўстанцаў. У гэтых мясцінах прайшло нямала казацкіх паўстанняў. У нас можна сустрэць шмат украінскіх прозвішчаў, казацкіх. А вось у вёсках Нараўляншчыны трапляюцца шляхетныя прозвішчы - Жыгамонт, Радзівіл, іншыя. Я шкадую, што распавесці мне пра далёкіх продкаў не было каму. Дзеда майго рэпрэсавалі і расстралялі ў 37-ым годзе, астатнія Жыгамонты, якія змагаліся на фронце, загінулі.

- А ў архівах не захавалася зга-дак пра Жыгамонтаў з Палесся?

- Усе мае родныя былі запісаны, як сяляне. Пасля паўстання 1831 года тыя, хто хаваўся на Палессі, называлі сябе сялянамі, бо казаць пра сапраўднае паходжанне тады было небяспечна.

- Як вы сталі акцёрам?

- У дзяцінстве любіў хадзіць на рэчку, пасядзець на беразе Славечны, узяць човен і паплыць далёка па рацэ. Мой бацька, як і многія на Палессі, рабіў чаўны. Даўбаў іх з асіны, з дуба. Якое гэта было задавальненне - паплысці на чоўне па азёрах, паслухаць спевы птушак. У школьныя гады ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Мне гэта вельмі падабалася. Ролі каго толькі я з імпэтам не выконваў! Я вылучаўся высокім ростам, і калі вучыўся ў малодшых класах, дык нават быў Дзедам Марозам у васьмікласнікаў. Але ж мара стаць акцёрам мне здавалася недасягальнай. Гэта для мяне тады было нейкай фантастыкай.

- Але ж...

- Прыехаў у Мінск пасля службы ў войску. Мне ішоў 21-шы год. Паступіў у ПТВ з намерам навучыцца кіраваць вежавымі кранамі. Пасля заканчэння вучэльні працаваў на будоўлі. А ў тэатральны трапіў дзякуючы знаёмству з Яўгенам Атарыкам, які вучыўся тады ў тэатральна-мастацкім інстытуце і захапіў мяне сваёй апантанасцю. Жэня зараз працуе ў тэатры Вікцюка ў Маскве. Мы дагэтуль сябруем. Пасля, так бы мовіць, лёсавызначальнай сустрэчы я патрапіў у тэатральна-мастацкі інстытут. Маё жыццё, можна сказаць, павярнулася на 180 градусаў. У той час Валерый Мазынскі правёў набор на першы беларускамоўны акцёрскі курс. Мазынскі стварыў тэатр "Вольная сцэна" ў 1991 годзе. Пасля заканчэння інстытута мы ўсім курсам пайшлі працаваць туды. Паўтара года таму лёс мяне прывёў у Тэатр юнага гледача. Скажу шчыра, цікава працаваць з дзіцячай аўдыторыяй. Яны вераць ва ўсё, што адбываецца на сцэне. Яны могуць з залы крычаць: злы, паганы, не чапай добрага героя! Сваіх эмоцый дзеці не стрымліваюць.

- Якія вашы любімыя ролі?

- Усе мае ролі - любімыя. Калі табе роля не падабаецца, дык лепей не выходзь на сцэну. Лепей адмовіцца, чым ісці працаваць з нестаноўчай энергетыкай, якая будзе выплёсквацца ў залу. Гэта схаваць немагчыма, пачынаецца нейкі фальш. Самая мая любімая роля - Мікалая Радзівіла Чорнага, якога я іграў на тагачаснай "Вольнай сцэне". Калі рыхтаваўся да спектакля, шмат перачытаў кніг. У п'есе "Паваліўся нехта" Галубка-Родзевіча сыграў ролю Дзяка, якая таксама - любімая. Падабаецца іграць Дармідонта ў спектаклі Наталлі Башавай "Рыцар сонца".

- А як ствараўся вобраз дылетанта для тэлевізійнай праграмы?

- Вобраз стварыўся неяк выпадкова. Калі я прыйшоў на здымкі на студыю "Карамболь" у чорным доўгім паліто, у якім хадзіў па горадзе, з чорным капелюшом на галаве (мне падабаецца стыль рэтра), дык усе разам прамовілі: гэта тое, што трэба! Толькі мне яшчэ далі ў дадатак акуляры і сакваяжык. Такім я і ўвайшоў, як кажуць, у кадр.

- У кожнай чарговай праграме вы адкрываеце гледачам нешта новае, адметнае.

- Раней у нас не было сцэнарыста. Я наведваў Нацыянальную бібліятэку, шукаў звесткі пра тыя мясціны, якія мы павінны былі здымаць. Зараз у нас з'явілася сцэнарыстка Таццяна Сухоцкая, якая робіць цудоўна сваю справу. I тым не менш, я працягваю збіраць неабходную інфармацыю ў бібліятэках, архівах, інтэрнеце, кніжках па гісторыі. I прыязджаю на здымкі са здабытай самім гісторыяй, легендай ці нейкім цікавым фактам.

- Колькі звычайна доўжацца здымкі праграмы?

- Звычайна цягнуцца цэлы светлавы дзень. Група выязджае з раніцы. Працуем увесь дзень, здымаем напачатку ўсё вонкавае. А пасля, калі пачынае цямнець, робім здымкі ці ў царкве, ці ў касцёле, ці ў музеі. Цікавыя адбываюцца сустрэчы з людзьмі. Нам распавядаюць столькі займальнага, што часам мала што застаецца ад падрыхтаванага сцэнарыя.

- Як адужваеце зімовыя маразы, снягі?

- Зімой здымацца, вядома, складана: холадна, цяжка хадзіць па снезе, па цаліку. Зімой капялюш толькі для кадраў, а так надзяваю шапку-вушанку. Прафесія такая - здымацца пры розных абставінах, у маразы, у халады.

- Вас запрашаюць удзельнічаць у іншых цікавых праектах?

- Мне падабаецца працаваць у тэатры, бо адразу ідзе аддача, я люблю сцэну. Зараз рэпецірую дзве ролі ў спектаклі "Тарас на Парнасе" - Зеўса і пана Севярына. Пакуль удзельнічаю ў праектах тэатральных. Што да "Падарожжа дылетанта", дык, лічу мне пашанцавала, бо надта люблю падарожнічаць. Раней сам ездзіў па розных мясцінах. Прыязджаў у гарадок, здымаў нумар у гатэлі, жыў там суткі-другія, хадзіў па старых вуліцах, потым ехаў у другі гарадок. Напэўна, Бог мае малітвы пачуў: працуеш як удзельнік тэлепраекта і пры гэтым ад усяго атрымліваеш вялікае задавальненне.

- Чаму падарожжа менавіта дылетанта?

- Бо я не гісторык. Я расказваю пра тое, што пачуў пабачыў. Вось я бачу - каплічка. Мне пра яе нехта распавёў. Я не ўдаюся ў глыбіню, не даводжу, што каплічка была пабудаваная менавіта ў такім годзе, мае столькі метраў у шырыню, у вышыню, такі падмурак і такую цэглу. Таму я і дылетант. Што ўбачыў пра тое і распавёў. Мой герой - інтэлігент, які захапляецца падарожжамі і гісторыяй. Пасля кожнага падарожжа я штосьці прывожу з сабой. Ці то ў разбураным касцёле знойдзеш цвічок, ці то натрапіш на прыгожы каменьчык. У мяне ўжо нямала такіх экспанатаў назбіралася. Ёсць прас, верацяно, грабёнка, старая каса. Ручнікі збіраю даўно. Мая маці іх сама ткала, вышывала. Шмат чаго з нашага вясковага дома перайшло ў маю калекцыю. Таксама калекцыянірую беларускія маркі, паштоўкі, канверты. Яшчэ адно маё захапленне - наведваць архівы, гартаць старыя тоўстыя кніжкі. Пасля ходзіш некалькі дзён пад уражаннем.

- Калі ваша здымачная група мяркуе пабываць у буйных гарадах Беларусі?

- Мы пакуль робім праграмы пра невялікія гарады Беларусі. У нас столькі цікавых мястэчак! Каб усе аб'ехаць, напэўна, спатрэбіцца гадоў пяць - дзесяць. А потым можна пераходзіць да вялікіх гарадоў. У нашых планах распавесці пра Гародню, Віцебск, Магілёў. Многія з тых, хто бачыў "Падарожжа дылетанта", часта кажуць: мы нават і не ведалі, што ў паказаных вамі мясцінах столькі адметнага; пасля пабачанага селі ў аўтамабіль і паехалі туды - паглядзець на ўсё сваімі вачыма, памацаць старыя камяні і муры. Сапраўды, пазайздросціць можна такой багатай гісторыі, якую маем мы. Вельмі шкада, што многае знаходзіцца ў занядбаным стане. Часта бывае: прыязджаеш зняць, скажам, браму, а ад яе толькі рэшткі засталіся - помнік мінуўшчыны па камянях расцягнуты на лецішчы.

- Якія водгукі прыходзяць на вашу праграму?

- Колькі людзей, столькі і густаў. Камусьці падабаецца, хтосьці яе крытыкуе. Не падабаецца, што ў перадачу ўплятаецца гумар і пра адметных асоб з нашай гісторыі вя-дзецца расповед, як лічаць крытыкі, не надта сур'ёзна. Але шмат прыходзіць станоўчых водгукаў. Мне часам нават тэлефануюць дахаты і дзякуюць за праграму. Мы зрабіліся зоркамі. У мясцінах, куды прыязджаем, у нас бяруць аўтографы. Аднойчы нашу машыну на шляху дагнаў міліцэйскі аўтамабіль і... яго гаспадары папрасілі ў мяне і калег аўтографы.

- У вашым гардэробе ёсць адметная дэталь - акуляры...

- Сустрэлі мяне неяк аднавяскоўцы і спыталі: "Юра, ты ў тэлевізары ў нейкіх нефірмовых акулярах ходзіш. Няўжо ў цябе няма грошай купіць нармальныя?". Я кажу: "Акуляры добрыя. Я нармальна бачу". - "Дык што, ты не сляпы?.." - шчыра здзівіліся яны. Гэтыя старамодныя акуляры з круглымі лінзамі - прыдумка стваральнікаў перадачы, дэталь, якая таксама працуе на вобраз дылетанта - няўрымслівага аматара падарожжаў.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА.