Пад сузор’ем "Славянскага базару"

13.05.2006
"Рэспубліка", 13 мая 2006 г.


Верагодна, у Віцебску неўзабаве з’явіцца унікальны музей, аналагаў якому няма нідзе ў свеце
Салідны ўрадавы “дэсант” на чале з намеснікам прэм’ер-міністра краіны Аляксандрам Косінцам адразу пасля свята Вялікай Перамогі высадзіўся ў горадзе на Дзвіне, дзе адбылося пасяджэнне рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні чарговага Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску-2006”. Адметнасць славутага мерапрыемства не толькі ў тым, што сёлета яно будзе юбілейным, 15-м па ліку, а і ў тым, што ў межах фестывалю распрацоўваюцца ўрачыстасці і мерапрыемствы з нагоды 10-годдзя заснавання Саюзнай дзяржавы. Юбілейны “Славянскі базар у Віцебску” адбудзецца з 7-га па 14 ліпеня.
Кіраўнік дзяржавы прызначыў Аляксандра Косінца старшынёй аргкамітэта, а намеснікам старшыні - губернатара Віцебскай вобласці Уладзіміра Андрэйчанку. У складзе аргкамітэта таксама вядомыя дзеячы - начальнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Алег Праляскоўскі, міністр культуры Уладзімір Мацвяйчук, іншыя высокапастаўленыя кіраўнікі.
Падчас правядзення пасяджэння аргкамітэта было абмеркавана шмат буйных і дробных, першачарговых і другарадных пытанняў. Хаця наўрад ці можна ў такой важнай справе лічыць нешта другарадным. Невыпадкова намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў:
- Правядзенне такога мерапрыемства - справа не толькі Віцебска, а ўсёй дзяржавы. Таму і адносіцца да яго варта па-дзяржаўнаму. Каб у чарговы раз фестываль апраўдаў сваё прызначэнне пасла міру, садзейнічаў умацаванню адзінства не толькі славянскіх, але і ўсіх прагрэсіўных сіл планеты.
Менш за два месяцы застаецца да ўрачыстых фанфар. Практычна распрацаваны ўжо ўвесь каштарыс і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Усяго за восем фестывальных дзён і начэй мяркуецца рэалізаваць каля сотні грандыёзных праектаў. У ліку самых адказных і відовішчных - адкрыццё і закрыццё свята, Дні Беларусі, Расіі і Украіны, конкурсы маладых выканаўцаў эстраднай песні і дзіцячы музычны конкурс.
Дарэчы, старшынёй журы конкурсу маладых выканаўцаў сёлета будзе народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка. Старшынства ў журы дзіцячага конкурсу даверана Ядвізе Паплаўскай.
А каго сёлета збіраецца вітаць фестывальны Віцебск?
Сваіх прыхільнікаў парадуюць Ала Пугачова і Філіп Кіркораў, Валерый Меладзе і Надзея Бабкіна, Мікалай Баскаў і Эдзіта П’еха, Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч... Дарэчы, толькі журналістаў чакаецца па акрэдытацыі 120, у тым ліку з беларускіх СМІ - 45.
Афіцыйна чакаецца звыш пяці тысяч гасцей з розных краін планеты. Гэта толькі афіцыйна, а сапраўдную лічбу можна смела не толькі падвоіць, але і патроіць.
Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення! Крылаты лозунг застаецца адным з прыярытэтных і на сёлетнім фестывалі. Дзякуючы “Славянскаму базару ў Віцебску” выяўляецца ўсё больш новых талентаў, якія загараюцца на творчым небасхіле новымі “зорачкамі”. Ужо дастаткова салідны “фестывальны алімп” сёлета будуць асвойваць тры новыя краіны-ўдзельніцы - Аргенціна, Кіпр і Куба. Так што пояс у нашага фестывалю - не з адных васількоў сатканы.
У ходзе пасяджэння намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Косінец агучыў слушную ідэю аб стварэнні ў Віцебску арыгінальнага музея пад умоўнай назвай “Славянскі базар”. Матэрыялаў для гэтага дастаткова. Пачынаючы з першых Усесаюзных фестываляў польскай песні яшчэ ў час былога СССР. На іх падмурку і вырас цяперашні волат пад назвай “Славянскі базар”. Дык чаму б не сабраць усё самае цікавае і арыгінальнае з гэтай гісторыі, сістэматызаваць і стварыць музей, аналагаў якому няма нідзе ў свеце?
Ідэя атрымала адабрэнне і падтрымку. Увогуле, “Славянскі базар у Віцебску” павінен працаваць на поўную катушку увесь год, а не толькі 7 ці 8 фестывальных дзён, каб сцэна Летняга амфітэатра была заўсёды прыбытковай.

Віталій ФЁДАРАЎ, "Р".