Пад музыку Усходу

10.04.2006
"Звязда", 10 красавіка 2006 г.


"Еўрабачанне-2006"
Па iронii лёсу краiна-дэбютант сёлетняга конкурсу Арменiя атрымала на жараб’ёўцы першы нумар i будзе адкрываць паўфiнал "Еўрабачання". I з замежных выканаўцаў, якiя наведваюць па запрашэнню Белтэлерадыёкампанii з прома-турамi нашу краiну, прадстаўнiк Арменii Андрэ (Андрэй Оўнанян) таксама аказаўся першым.
"Мабыць, хвiлiны тры, калi я даведаўся, што выступаю на самым пачатку конкурсу, быў у шоку, - шчыра прызнаецца Андрэ. - Але потым вырашыў, што нумар не мае значэння: першы ты або трынаццаты, трэба выступiць як мага лепей, i ўсё!". Паводле слоў выканаўцы, i для яго самога, i для ўсёй краiны ўдзел у "Еўрабачаннi" - вялiкае свята i гонар.
Дарэчы, першы свой песенны конкурс Андрэ выйграў... у дзiцячым садку. Праспяваў "Крылатыя арэлi", заняў першае месца i атрымаў у якасцi прыза каробку пластылiну. У адрозненне ад многiх аднагодкаў, ужо ў 16 гадоў ведаў, што сцэна - гэта яго будучая прафесiя. 8 гадоў таму паступiў у Тэатр песнi, дзе многаму навучыўся - ад сцэнiчных паводзiнаў да правiльнага вакалу... А з 2002 года Андрэ пачаў трыумфальнае шэсце па мiжнародных конкурсах. Цi варта здзiўляцца, што ў роднай Арменii спявак не проста папулярны, а прызнаны лепшым спеваком 2004 i 2005 гадоў?
Уласна кажучы, гэтае прызнанне i дапамагло яму прайсцi на "Еўрабачанне": правесцi агульнанацыянальны адбор не было часу, бо Грамадскi тэлеканал Арменii даведаўся пра ўдзел краiны ў конкурсе толькi ў снежнi. Па вынiках тэлепраекта "Нацыянальная музычная прэмiя" вызначылi лепшага спевака, якiм i стаў Андрэ. А тады ўжо для яго пачалi выбiраць песню - кампазiтары з розных краiн, у тым лiку са Швецыi i Кiпра, даслалi 20 розных варыянтаў. Аргкамiтэт усё ж спынiўся на "нацыянальным каларыце" - кампазiцыi "Without Your Love", якую напiсалi Катрын Бекiян i кiраўнiк джазавага аркестра Арменii Армен Марцiрасян. У Афiнах песня прагучыць на англiйскай мове, аднак гэта не абазначае, што яна будзе унiфiкавана па ўзору еўрапейскай поп-сцэны: у мелодыi "задзейнiчаны" сем армянскiх народных iнструментаў.
А яшчэ ў песнi гучыць урывак з нацыянальнага танца "кочары", дзякуючы чаму знакамiты харэ- ограф Ягор Дружынiн зрабiў вельмi яркую танцавальную пастаноўку. На жаль, падрабязнасцяў шоу армянская дэлегацыя не раскрывала - але затое Андрэ не прымусiў сябе доўга ўгаворваць i выканаў урывак са сваёй конкурснай песнi - без фанаграмы i пад апладысменты. I хоць спявак нахвальваў нашу Палiну Смолаву, з якой напярэдаднi асабiста пазнаёмiўся, i сцвярджаў, што ў яе "новая, свежая, вельмi цiкавая мадэрнавая манера выканання", але i сам ён абяцае быць сур’ёзным сапернiкам. Тым больш, байцоўскi характар на сцэне Андрэ ўжо дэманстраваў: у 2001 годзе на магiлёўскiм "Залатым шлягеры" ён выступаў хворы, з тэмпературай 40 градусаў - i ў вынiку заняў трэцяе месца!
Армянская дэлегацыя, пабываўшы ва Украiне i ў Беларусi, плануе таксама наведаць з прома-турамi Расiю, Малдавiю, Андору, Францыю, Манака i Кiпр.
Што ж датычыцца беларускай канкурсанткi, то, як адзначыў прадстаўнiк дырэкцыi мiжнародных сувязяў Белтэлерадыёкампанii Аляксей Калеснiкаў, перспектывы i прапановы вельмi заманлiвыя, дазволiў бы толькi шчыльны графiк паўсюль паспець. Так, беларуская дэлегацыя збiраецца наведаць Лiтву, Латвiю, Малдову, у планах таксама Польшча, хацелася б трапiць i ў Арменiю. З 21 па 23 красавiка Мальта наладзiць спецыяльныя агульныя "прома-днi Еўрабачання", куды запрошаны ўсе жадаючыя канкурсанты. У Беларусь днямi прыбудзе з творчым вiзiтам спявак з Мальты, а пазней чакаюцца прадстаўнiкi Нiдэрландаў i Швейцарыi.
...Быць можа, многiя i ставяцца да "Еўрабачання" як да "конкурсу для хатнiх гаспадынь". Аднак, акрамя моманту спаборнiцтва, для краiн-удзельнiц гэта цудоўная магчымасць няхай i праз поп-культуру, але блiжэй пазнаёмiцца, завесцi творчыя сувязi, пасябраваць. Тым больш, нам ёсць што паказаць iншым еўрапейскiм краiнам, цi не так?

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.