Пачуць... скарбы

"Звязда", 4 лістапада 2014 г.
Белтэлерадыёкампанія выпусціла ўнікальны музычны зборнік. Калекцыя дыскаў пад агульнай назвай "Музычны скарб Беларусі" - гэта арыгінальная аўдыякніга, складзеная са 127 запісаў за 1940-2010 гг. Сюды ўвайшлі самыя розныя пласты музычнай культуры краіны: арыгінальныя апрацоўкі беларускага фальклору ў розных стылях, рэдкія запісы знакамітых музыкантаў і калектываў, малавядомыя інтэрпрэтацыі беларускімі выканаўцамі сусветных хітоў... Гэта серыя, на думку яе стваральнікаў, матэрыяльны доказ уласна існавання, самабытнасці і высокага ўзроўню нацыянальнай беларускай музычнай культуры.  

Усе выкарыстаныя запісы, дарэчы, узяты з уласных архіваў - вялізнага фонду Белтэлерадыёкампаніі, які змяшчае найбагацейшую калекцыю аўдыяматэрыялаў (больш за 126 тысяч фанаграм і 3,5 тысячы дыскаў агульнай працягласцю звыш 20 тысяч гадзін гучання) і відэаматэрыялаў (тут, напрыклад, захоўваюцца 68 мастацкіх фільмаў і 273 дакументальныя, знятыя на "Тэлефільме" і нацыянальнай кінастудыі або сумесна, а таксама выпускі тэлевізійных навін за некалькі дзясяткаў гадоў). "Толькі ў нас можна пачуць голас Машэрава і паведамленне Левітана аб вызваленні Мінска, паслухаць развагі Льва Талстога, запісаныя на грамафон",?- прыводзіць прыклады рэдкіх запісаў намеснік кіраўніка дырэкцыі фондавых матэрыялаў БТРК Ала Вярэніч.  

Захоўваючы ў скарбніцы ўсё гэта эксклюзіўнае багацце, тэлевізіёншчыкі вырашылі не выступаць "сабакам на сене" і падзяліцца ім са слухачамі і гледачамі, прычым як айчыннымі, так і замежнымі. Дзеля гэтага і вырашылі скласці збор музычных сачыненняў - найлепшых з лепшых. Музычным рэдактарам давялося праслухаць літаральна кіламетры фонастужак, выціскаючы "самы сок", які быў бы максімальна цікавым для шырокай публікі. Прызнаюцца: спачатку меркавалі зрабіць адзін двайны дыск, але ў выніку ўсё ледзь змясцілася на шасці. На першы, пад назвай "Зара мая вячэрняя", трапіў беларускі фальклор - знакамітыя песні і танцы ў розных апрацоўках. Другі, "Беларуская сюіта" - гэта музыка вядомых кампазітараў, пачынаючы з XVІІ стагоддзя да нашых дзён: урыўкі з "Полацкага сшытка", оперы "Дзікае паляванне караля Стаха", паланэз "Развітанне з Радзімай", адажыа з балета "Маленькі прынц"... Вядомыя мелодыі, а таксама сусветныя хіты ў выкананні беларускіх спевакоў і інструменталістаў, увайшлі на трэці і чацвёрты дыскі - "Уздоўж па вуліцы" і "Рапсодыя". Пяты ж, "Праз усю вайну", сабраў песні, мелодыі і інфармацыйныя паведамленні, якія падтрымлівалі баявы дух на фронце і ў тыле ў гады фашысцкай навалы... Нарэшце, шосты, заключны дыск "Неба і зямля", прадстаўляе духоўную музыку Беларусі ў самых папулярных яе ўзорах.  

Дарэчы, неўзабаве плануецца яшчэ другое выданне серыі, дапоўненае архіўнымі відэазапісамі і рэдкімі кадрамі з канцэртаў. Аднак у продаж "Музычны скарб Беларусі" не паступіць - прынамсі, у бліжэйшы час. Убачыць і паслухаць выбраную калекцыю можна будзе 4 лістапада на аднайменным канцэрце ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі, а таксама 14 лістапада - у тэлеверсіі на канале "Беларусь 1" і 15 лістапада - у радыёверсіі на Першым канале Беларускага радыё.  

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.