Па слядах вусатага няня прайшлi вядучыя праграмы Добрай ранiцы, Беларусь!

08.12.2009
"Звязда", 8 снежня 2009 г.


Да надыходу Новага года яшчэ больш за тры тыднi, але падрыхтоўка да свята i яго рэпетыцыя практычна паўсюль ужо iдуць поўным ходам. Тэлевiзiйнiкi таксама вырашылi не заставацца ў баку ад гэтага працэсу i правесцi сваю рэпетыцыю - у сталiчным дзiцячым садку № 266. Усе вядучыя праграмы "Добрай ранiцы, Беларусь!" атрымалi аднолькавае заданне: заняць i развесялiць цэлую групу малых. Справiлася з гэтым кожная пара па-свойму.
...Нашу машыну дзецi заўважылi адразу i, прыляпiўшыся да акенца, замахалi рукамi: "Да нас, да нас заходзьце!". А ўнутры ўжо чакалi выхавацелькi малодшай групы, якiя расказалi пра асаблiвасцi першага задання: разам з дзецьмi трэба было размалёўваць загадзя выразаныя з паперы далонькi i наклейваць iх на адмысловую "ёлку".
Загадчыца садка Любоў Алексяюк да вiзiтаў тэлевiзiйнiкаў прызвычаiлася: "Мы вельмi любiм такiя сустрэчы, - паколькi ўжо даўно займаемся музейнай дзейнасцю разам з музеем Якуба Коласа, то час ад часу ўдзельнiчаем у розных праграмах тэлебачання. Таму цяперашняй прапанове таксама ўзрадавалiся - для дзяцей гэта выдатнае свята, тым больш звязанае з Новым годам! Паглядзiм, як тэлевядучыя здолеюць iх зацiкавiць - у маленькiх дзетак цяжка доўга ўтрымлiваць увагу на адной справе, аднак калi адбываюцца вельмi цiкавыя падзеi i сюрпрызы, дзетак можна заняць на гадзiну i болей".

Ёлка з далонек

Гадзiны вядучым не спатрэбiлася - пасля секунднага замяшання Святлана Бароўская i Аляксандр Паўлаў азартна ўключылiся ў мастацкiя работы па афармленнi ёлкi з папяровых далонек. Малыя, абляпiўшы тэлевядучых як старых знаёмых, адразу расказалi, хто б'ецца, а хто нiколi не сварыцца, залпам выпалiлi развучаныя да ранiшнiка вершыкi, пахвалiлi катлеты ў сталоўцы, а некаторыя нават хатнiя справы пераказалi. І ўсё гэта - не перарываючы творчага працэсу. А на развiтанне, калi б iм далi волю, дзецi перадарылi б вядучым цi не ўвесь цацачны запас у групе!

- Я баялася, што дзецi будуць шумныя i непаслухмяныя, што нам будзе складана справiцца - а атрымалася наадварот, усе дзеткi такiя цудоўныя, як быццам з усiх груп адабралi найлепшых выхаванцаў. Я акунулася ў такую неперадавальную пяшчоту, - падзялiлася пасля запiсу мама двух сыноў Святлана Бароўская. - Калi ты яшчэ не мама i ўжо мама - гэта дзве вялiкiя рознiцы. Размаўляючы з iншымi дзецьмi, ты ўзгадваеш, як паводзiлi сябе твае ўласныя. I я вельмi добра адрознiваю характары дзяцей - хто з iх настойлiвы i ўпарты, хто сцiплы i сарамлiвы... Так цiкава, кiм яны вырастуць! Сярод iншых убачыла адну дзяўчынку, вельмi падобную да мяне самой у дзяцiнстве. У мяне таксама быў чубчык i хвосцiк, i я з дзелавым выглядам гуляла ў цырульню. Гэтая дзяўчынка такая ж - дзелавая, са сваёй пазiцыяй.

Карыснае-некарыснае

"Святлана прыроджаны педагог - у мяне так не атрымаецца", - разгублена шаптала Вольга Водчыц, назiраючы за работай калег. "Не хвалюйся, у нас атрымаецца лепш!" - з выглядам змоўшчыка падмiргнуў яе партнёр Дзмiтрый Карась. Для "сваёй", больш старэйшай групы тэлевядучыя падрыхтавалi гульню ў колца, а таксама набылi сувенiры - пазлы з героямi любiмых мульцiкаў.
Старэйшыя дзецi аказалiся больш жвавымi, нават неўтаймоўнымi, таму ў мэтах бяспекi Вольга з Дзмiтрыем на хаду перайгралi сцэнарый, i замест колца прапанавалi пайграць у "ядомае-неядомае". I вось тут здымачную групу чакаў сюрпрыз: сучасныя дзецi аказалiся та-акiмi дасведчанымi...

- Катлета! - кiнуў мяч Дзмiтрый Карась маленькаму сур'ёзнаму хлопчыку.
- Карыснае, - рэзюмаваў малы.
- Цукерка! Што ж ты не ловiш - гэта ядомае?
- Затое некарыснае, - патлумачыў някемлiвым дарослым юны прагматык.

Ядомым дзецi прызналi таксама рамонак - а што, з iм можна рабiць чай. "У мяне бабуля п'е такi чай, ад старасцi", - расказала адно дзяўчо. Робячы для сябе ўсё новыя адкрыццi, вядучыя ў вынiку так захапiлiся, што не пачулi настойлiвых намёкаў рэжысёра: "Робiм канцоўку!".

- Ну як, што лягчэй - адпрацаваць пяць эфiраў запар або адзiн вечар у дзiцячым садку? - цiкаўлюся ў стомленай пары.
- Лягчэй эфiры.... Не, i тое, i тое цiкава, - паправiўся Дзмiтрый Карась. - Хоць спачатку я вельмi баяўся - здавалася, што нiчога не атрымаецца, дый дзецi таксама крыху спалохалiся. Але потым, калi яны пачалi дзялiцца сваiмi жыццёвымi назiраннямi i вопытам, зразумеў, што мы можам нават пераплюнуць калегаў.

- Дастаткова было пачаць гульню, i мы знайшлi кантакт, - заўсмiхалася Вольга Водчыц. - Цяперашнiя дзецi - гэта натуральна, зусiм iншае пакаленне, але, з iншага боку, я ўспомнiла, што ў iх узросце таксама адчувала сябе вельмi дарослай i разумнай.

- Дык што, мы не пачулi галоўнага: народзiш траiх дзяцей? - знянацку падлавiлi дзяўчыну калегi.
- Я з задавальненнем бы, - разгубiлася вядучая пад агульны смех.

Па меркаваннi строгiх суддзяў - выхавацелек - з заданнем тэлевядучыя справiлiся. А як гэта было, можа ўбачыць кожны ахвотны - у сераду ў праграме "Добрай ранiцы, Беларусь!".

Пытанне ў тэму

Кiм вы былi на ранiшнiку ў дзiцячым садку?

Аляксандр Паўлаў:
- Чараўнiком. Мне рабiлi высокi каўпак з ватману i чароўную палачку, якой я ўзмахваў. Хацелася б, каб атрымлiвалася рабiць цуды i цяпер...

Святлана Бароўская:
- Самае простае - Сняжынкай, потым яшчэ Чырвоным каптурком... I ў мяне заўжды былi суперскладаныя i прыгожыя касцюмы - мая мацi старалася як магла. Аднойчы пашыла касцюм Мальвiны - блакiтная спаднiчка, камiзэлька, вялiзны бант; i хоць давялося ўсю ноч спаць на бiгудзi, затое атрымалiся такiя шыкоўныя кучары! Потым я была нейкай iншапланецянкай у блакiтным атласным камбiнезоне... Увогуле, я не была сёмай Сняжынкай, гэта заўжды былi цi Чырвоны каптурок, цi Мальвiна, цi Снежная каралева - гераiня, якая адна ў казцы.

Дзмiтрый Карась:
- Я быў Пятрушкай. Такi касцюм маме было прасцей зрабiць: каўпачок з ватману размалёўваўся фарбамi, а да яго - яркая вопратка. Хоць зайчыкам я таксама быў, добра помню белую шапачку з вушкамi...

Вольга Водчыц:
- У мяне была незвычайная мара. Тады паказвалi савецкi фiльм пра Шэрую шыйку, i я, забыўшыся на вобраз Сняжынкi, вельмi захацела быць качкай. Тата здаўся на мае просьбы i зрабiў з каляровай аксамiтнай паперы нос - атрымалася не вельмi падобна, але я была на тым ранiшнiку самая шчаслiвая!

А вы, шаноўныя чытачы, памятаеце свае ўлюбёныя ролi i касцюмы на дзiцячых ранiшнiках? Падзялiцеся з намi сваiмi гiсторыямi i фота!
Лiсты прымаюцца да 20??снежня ўключна на паштовы або электронны адрас рэдакцыi. Аўтарам трох лепшых гiсторый гарантаваныя фiрменныя "звяздоўскiя" прызы!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.