Па серыі ў дзень, або Галоўнае - як!

07.01.2010
"Культура", 7 студзеня 2010 г.


Прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" атрымаў аўтарскі калектыў у складзе загадчыка аддзела спецпраектаў Агенцтва тэлевізійных навін Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Сяргея Рыбакова, аглядальніка палітычнага аддзела палітычных навін Максіма Кароткіна і загадчыка аддзела карэспандэнцкай сеткі Вольгі Шпілеўскай за дакументальны серыял "Зямля беларуская". Як здымалі праект, карэспандэнт "К" распытаў рэжысёра Сяргея РЫБАКОВА.

- Сяргей, у мінулым годзе вы і вашы калегі працавалі адразу над некалькімі тэлевізійнымі праектамі. Які з іх запомніўся больш за астатнія?
- Безумоўна, галоўнае, што ўдалося зрабіць за год, - "Зямля беларуская". Не толькі таму, што гэта самы буйны тэлевізійны дакументальны цыкл АТН за апошні час, над якім працавалі адразу некалькі здымачных груп, але і таму, што "Зямля беларуская" - "стратэгічны", іміджавы прадукт усёй нашай краіны і Белдзяржтэлерадыёкампаніі ў прыватнасці. Працавалі над ім зладжана, натхнёна. Цяпер вось робім прамаролікі з удзелам самых вядомых беларускіх акцёраў, у тым ліку, каб годна прадстаўляць Бацькаўшчыну за мяжой. "Зямля беларуская" садзейнічала прамаакцыі па правядзенні Чэмпіянату свету па хакеі, фіналу дзіцячага "Еўрабачання", якія, як вядома, і адбудуцца ў нас. Праект будзе дэманстравацца на сусветнай выстаўцы "EXPO-2010" у Шанхаі. Вядома, такое не можа не запомніцца! Таксама трэба адзначыць пяцісерыйную стужку "Планета гольфа", якую мы стваралі разам з журналістам АТН Дзянісам Кур'янам. Здымалі яе ў розных краінах, на розных кантынентах, што было вельмі цікава. Наогул, год быў вельмі насычаны. Тую ж "Зямлю беларускую" мы здымалі па 20 - 30 серый за месяц!

- Ці не замінае вам хуткі тэмп, у якім звычайна працуюць на тэлебачанні? Лічыцца, што ён робіць дзейнасць рэжысёра-дакументаліста падобнай да працы на канвееры...
- "Зямля беларуская" ў гэтым сэнсе - выключэнне, бо калі яе здымалі, дык канцэнтраваліся толькі на гэтым цыкле, астатнія адкладвалі на потым. Праца была добра размеркавана, кожны займаўся сваёй часткай, таму, пэўна, рэжысёры і не стамляліся так, як на іншых перадачах, мелі час на падрыхтоўку да здымак. Адсюль і якасць. Дарэчы, я вельмі задаволены маладымі рэжысёрамі - нядаўнімі выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, - якія складалі каманду "Зямлі...". Яны не патрабавалі нейкіх асаблівых умоў, што звычайна характэрна для больш вопытных супрацоўнікаў тэлебачання, працавалі з вялікім натхненнем і энтузіязмам.

- Пры здымках стужкі "Крывая ніва" вы карысталіся аператарскім кранам, што даволі нетыпова для беларускай дакументалістыкі. Якія інавацыі прысутнічаюць у цыкле?
- У нас быў і кран, і стэдыкам - спецыяльная камера са стабілізатарам для здымак на хуткасці. Але нічога прынцыпова новага мы не выкарыстоўвалі: тыя ж аператарскі кран і стэдыкам ужо колькі гадоў у нашым арсенале. Галоўнае, не чым карыстацца, а - як: можна зняць стужку цалкам з крана без аніякіх падстаў і нічога ў выніку не дабіцца, а можна скарыстацца кранам на трыццаць секунд экраннага часу і зрабіць самыя запамінальныя кадры.

- Чым парадуеце гледача ў 2010-м?
- У нашай краіне - 118 раёнаў. Мы працавалі прыкладна ў палове з іх. Так што, прастора для далейшых выпускаў ёсць. Што да бліжэйшых прэм'ер, то ўжо 9 студзеня стартуе штосуботні праект "Лёгка сказаць", які будзе весці Вікторыя Сянкевіч, добра вядомая гледачу па выпусках навін. Гэтая перадача - гутаркі з жонкамі вядомых беларусаў. Абяцаю: будзе вельмі цікава!
 
Антон СІДАРЭНКА.