Паўфіналу не будзе

02.11.2012
"Звязда", 2 лістапада 2012 г.


7 снежня вызначыцца ўдзельнік "Еўрабачання-2013" ад Беларусі.
Выбіраць яго прафесійнае журы - 17 адмыслоўцаў з галіны тэлебачання, музыкі, журналістыкі - і слухачы будуць з 10 прэтэндэнтаў, якія прайшлі скрозь сіта адборачнага праслухоўвання.
У "шчаслівую топ-10" увайшлі два фіналісты леташняга адбору - Алёна Ланская і Uzаrі, першы беларускі ўладальнік Гран-пры "Славянскага базару ў Віцебску" Макс Лорэнс (Максім Сапацькоў - на фота), яго былы напарнік па расійскім адборы на "Еўрабачанне-2008" Стас Сацура, экс-саліст барткевічаўскіх "Песняроў" Ян Жэнчак (цяпер гурт "Яnkеу"), адкрыццё мінулага адбору, мінска-маскоўскі гурт "Nutеkі", артысты прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" Дарыя і Аляксей Грос, а таксама баяніст-віртуоз, узыходзячая "зорка" джаза Віталь Варанко і малавядомы гурт "Bеаvеr Bаnd".
Да слова, усе дзесяць фіналістаў на праслухоўванні 30-31 кастрычніка спявалі па-англійску. Кампазіцыя "Кузнічка" гурта "N.R.M.", відаць, суддзяў не ўразіла - як, зрэшты, ніводная з 7 беларускамоўных песень, дапушчаных да адбору. А гурт "Аurа", які таксама дасылаў на конкурс песню на беларускай, чамусьці ўвогуле зняў заяўку. "Насамрэч мы проста былі заняты куды больш прыемнай і важнай для нас справай, - прызнаўся "Звяздзе" кампазітар Яўген Алейнік. - Упершыню за 5 гадоў паехалі ў адпачынак і толькі 1 лістапада вярнуліся ў Беларусь. Але, мяркую, наша песня "Чуеш мяне" ў любым выпадку не прападзе - яна рабілася адмыслова для "Еўрабачання", а ў многіх іншых краінах адборы праходзяць пазней...".

Новенькія ды "старэнькія"

Усяго ў праслухоўванні ўзялі ўдзел 79 выканаўцаў і калектываў. Конкурсных заявак, паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, было крыху больш, але некаторыя артысты, як Егіязар Варашан, Саша Захарык або "Thе Сhаmріоns", на сустрэчу з журы не даехалі. Затое тыя, хто прыбыў і выступіў, падарылі прысутным увесь спектр эмоцый - ад захаплення да рогату скрозь слёзы. Так, "вясельны шоумен" з Ліды Алекс Нармалекс забаўляў публіку адначасова песенькай з эратычным ухілам і фокусамі, Альберт Скараход спяваў, стоячы на галаве, гурт "Сваякі" "парваў" залу завадной беларускамоўнай кампазіцыяй, а гурт з паўмедыцынскай назвай-дыягназам "Дэлірый Еўтэрпы" парадаваў прысутных незразумелай песняй пра АнтанЯнЯрыву (Антананарыву - сталіца вострава Мадагаскар. - Аўт.). Нікому з іх, праўда, фартуна не ўсміхнулася - дарэчы, як і ветэранам "Еўрабачання" дуэту "Аляксандра і Канстанцін", Ніне Багданавай з "Амнезіяй" (гэта назва песні, калі што), Сашы Нема з абяцаннем "Мама, я вярнуся!", самым маладым удзельнікам адбору - выпускнікам дзіцячага "Еўрабачання" Кірылу Ермакову, Ягору Ваўчку і Дыяне Громавай, і самым узроставым - пенсіянерам Ніне Кавалёвай, Аляксандру Балотніку ды Людміле Розум.

І што далей?

Запасаемся цярпеннем (або фанацкімі плакатамі і крычалкамі, або папкорнам) і чакаем 7 снежня. Менавіта на гэтую дату прызначаны фінальны канцэрт нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2013", так што ў дзясяткі канкурсантаў яшчэ ёсць час папрацаваць над песняй, нумарам і ўласным іміджам, каб чым-небудзь гэткім уразіць і пераканаць нас. А калі пашанцуе - то і Еўропу ў маі наступнага года.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.