Піянеры FМ-фармату

27.02.2015

"Звязда" 

Часы мяняюцца - "Радыёфакт" застаецца

Праграма "Радыёфакт" Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё - гэта для многіх добрая традыцыя пачынаць новы дзень. Пачуць самыя свежыя навіны, каментарыі і кампетэнтныя меркаванні па актуальных тэмах, а таксама дакладны прагноз надвор’я заўсёды можна ў эфіры любімай праграмы. Мяняюцца часы, а "Радыёфакт" застаецца сімвалам вірлівага жыцця, падзеі якога вось ужо амаль чвэрць века фіксуюць вядучыя перадачы. Напярэдадні дня яе нараджэння пра мінулае і сённяшняе мы пагаварылі з прадстаўнікамі розных пакаленняў вядучых: галоўным дырэктарам вытворчасці радыёпраграм на Беларускім радыё Валерыем РАДУЦКІМ (з плеяды першых стваральнікаў праграмы) і намеснікам дырэктара дырэкцыі інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Беларускага радыё Максімам УГЛЯНІЦАМ, які працуе над праектам цяпер.

- Валерый Аляксандравіч, 4 сакавіка "Радыёфакт" адзначае свой дзень нараджэння. Якім было ўсё напачатку і ў чым сакрэт шматгадовай запатрабаванасці ў аўдыторыі?..

В. Р.: Мікрафон уключаны? Гэта ў нас дзяжурная фраза, інакш вядучы не пачынае гаварыць… Мы сталі першымі ў FM-фармаце, калі яшчэ ніводнай FM-станцыі не было ў Беларусі, і хацелася прыдумаць нешта новае для вяшчання. Мы бачылі прыклад "Маяка", у якога ўсё атрымлівалася, і падумалі, што і самі зможам. У той час эфірны дзень выглядаў так: быў выпуск навін, а потым выходзілі іншыя праграмы. Тады ў Галоўнай дырэкцыі інфармацыйных праграм мы вырашылі нешта змяніць і прыдумалі "Радыёфакт" - гадзінны эфір, дзе выпускі навін разбілі на блокі, плюс рэклама, невялікія аналітычныя каментарыі. І яшчэ ў нас гучала ў праграме песня. Прычым былі нават прэм’ерныя кампазіцыі, калі вядомыя беларускія калектывы прыносілі свой музычны матэрыял і ў нас ён гучаў упершыню.

Тады было тры рабочыя брыгады, у кожнай па тры чалавекі, і гадзіну эфіру мы забяспечвалі. Навіны падавалі, чаргуючы іх з песнямі, застаўкамі, потым дадаваўся актуальны каментарый, рэпартаж… З месца падзей шмат працавалі. Мы першымі пачалі выходзіць у прамы эфір, нават са стацыянарных тэлефонаў. У праграме мы адмовіліся ад дыктараў - працавалі толькі журналісты. Самі адбіралі інфармацыю для кожнага выпуску, самі вялі размову ў эфіры на ўсе важныя тэмы. Інтэрнэту тады яшчэ не было, але былі стужкі ТАСС,

БелТА. Зноў такі важная акалічнасць: адбіраючы навіны, мы заўсёды ставілі сябе на месца слухача. Калі разумееш, што гэта не выклікае інтарэсу, то і браць не варта. Яшчэ ўзгадваю, як да нас з задавальненнем прыходзілі на эфір адны з першых асоб дзяржавы - міністры, дэпутаты. Усе былі адкрытыя для дыялогу. Па-першае, таму, што давяралі, як і нашы слухачы. А па-другое, ведалі, што іх пачуюць, бо цікавасць да праграмы была вельмі вялікая. Сёння ж, бывае, на прамы эфір чыноўнікаў не даклічашся… І ад рэкламы, быў час, не ведалі, як адбівацца, бо рэкламадаўцы рабілі стаўку на тое, што нашу праграму слухаюць. Мы не баяліся крытыкаваць, у нейкіх сітуацыях падаваць інфармацыю з гумарам. Як вынік - вось ужо 24 гады "Радыёфакт" у эфіры, і нам, яго стваральнікам, не сорамна за зробленае.

- Максім, што захавалі сёння з лепшых набыткаў у працы, на якія змены нацэльваецеся?

М. У.: Па вялікім рахунку, такой праграмы няма больш ні на адным канале. Трэба адзначыць, што цяпер і на радыё, і на тэлебачанні назіраецца памкненне забаўляць аўдыторыю, бо проста інфармацыя ўжо не ўспрымаецца. Мы таксама спрабуем нешта змяняць і напярэдадні новага сезона заўсёды аналізуем, што можна было б абнавіць, якія новыя "фішкі" ўвесці. У нас па-ранейшаму ў прамым эфіры працуюць журналісты. Калі казаць пра атмасферу праграмы "Радыёфакт", то тут вялікую ролю адыгрывае аўтарскі падыход. У залежнасці ад гэтага вызначаецца скразная тэма выпуску. Даём больш дыялогаў. Вярнуліся да абмеркавання важных тэм з калегамі-журналістамі, якія спецыялізуюцца на той ці іншай тэме. Узяць, напрыклад, прэмію "Оскар". Калі размаўляеш з чалавекам, які ўсе гэтыя фільмы штогод глядзіць і яму ёсць з чым параўноўваць, то і высновы, думкі зусім іншыя будуць. Такая аўтарская падача матэрыялу найбольш цікавая для слухачоў.

В. Р.: Я дазволю сабе яшчэ дапоўніць, што мы заўсёды аддавалі праграме і выдатныя галасы. Стараліся, каб добра пастаўленыя яны былі і ў журналіста, і ў карэспандэнта, якія працуюць у эфіры. Для радыё гэта вельмі важна. Бывала, чалавек мог зрабіць добры матэрыял, але, калі яго голас быў "не радыйным", то начытвалі інфармацыю па-новаму. Голас - на першым месцы. Гэта таксама адметны складнік аўтарскай падачы, бо ад таго, як расказваеш пра тую ці іншую падзею, фарміруецца рэакцыя слухача на яе.

М. У.: І дагэтуль робіцца стаўка на галасы. Не проста так, што сёння адзін, а заўтра другі, і ты іх нават не запамінаеш. У нас у кожным рэгіёне свой чалавек, і прозвішчы нашых журналістаў на слыху. Стараемся прытрымлівацца гэтага прынцыпу, каб не было "шэрай масы на інфармацыйным фронце". Мы не гонімся за сенсацыйнасцю там, дзе яна адсутнічае і не апраўдана.

- Вашы галасы ўплывалі на папулярнасць праграмы. Ці адбілася праца на "Радыёфакце" на вашай пазнавальнасці?

В. Р.: Калі мы толькі пачыналі, вядучым удавалася адчыняць дзверы любога кабінета. Не для асабістых мэтаў, зразумела. Нам адразу давалі інтэрв’ю, і не трэба было ўзгадненні розныя рабіць, запыты пісаць, бо ведалі, што наша праграма заўсёды скажа праўду. Мы сябравалі і працягваем гэта рабіць з ДАІ, але на дарозе паводзім сябе як сумленныя кіроўцы. У рэйды з даішнікамі ездзілі не раз, чым таксама вельмі іх здзіўлялі, маўляў, як так вядучы "Радыёфакта" - і з намі ў рэйд?! У камандзіроўкі ездзілі цікавыя.

- Пра поспех таго ці іншага праекта найбольш яскрава сведчыць зваротная сувязь…

М. У.: У асноўным слухачы нам тэлефануюць. Прыходзяць і лісты, праўда, ужо не так часта напісаныя ад рукі, часцей электронныя. У іх ці нешта ўдакладняюць, ці просяць. Аднак мы імкнёмся даносіць да нашай аўдыторыі думку, што журналіст можа абазначыць нейкую праблему, але не вырашае яе. Безумоўна, часам мы ведаем больш дакладна, па якім алгарытме дзейнічаць, каб дайсці да рашэння, але і самі слухачы яго часта ведаюць, проста не робяць належных крокаў.

В. Р.: Сапраўды, у наш час праграма вырашала праблемы. Калі журналіст ці карэспандэнт прыязджалі і рабілі сюжэт, то знаходзілася выйсце. На месцы спачатку разбіраліся, потым давалі ў эфір з каментарыем не ніжэй за міністра…

- Вернемся да моманту, які прагучаў у пачатку нашай размовы: чаму сёння высокіх гасцей на эфір дачакаешся не часта?

В. Р.: Ведаеце, самі людзі, якія сёння ва ўладзе, змяніліся. Я не люблю параўноўваць, што было і як стала, аднак раней усё ж куды ахвотней ішлі на кантакт. Не патрабавалася розных узгадненняў. Калі крытычны матэрыял у "Радыёфакце" прагучаў, то ўсё вырашалася. А сёння трэба адправіць ліст, дачакацца дазволу… Але - і гэта пацвярджалася і неаднаразова - нармальны дзеяздольны і незашораны чыноўнік ніколі не будзе баяцца прэсы.

М. У.: І ўсё ж такі, сённяшняя разнастайнасць у інфармацыйнай прасторы дае магчымасць выбіраць, у якім эфіры ці на старонках якога выдання ты выкажаш сваю пазіцыю. З іншага боку, калі нікому не адмаўляць у інтэрв’ю, не застанецца часу і працаваць…

- Праца ў праграме "Радыёфакт" з’яўляецца, мабыць, і добрай школай журналістыкі… Максім, якой яна была для вас?

М. У.: Перш за ўсё, тут добрую загартоўку атрымліваеш у фізічным плане, бо прачынацца а палове пятай раніцы не ўсім лёгка. Улічваючы гэта, даводзіцца многія рэчы ў сваім жыцці перастройваць. З другога боку, зусім іншы зарад на дзень атрымліваеш. Яшчэ, я памятаю з самага пачатку, што ў нас усё рабілася з пазіцыі не проста працы над выпускам навін, але адказнасці ў падыходзе. Памятаю, падчас першага эфіру побач са мной была калега, якая не першы год працавала ўжо на праграме, і дапамагала. А для мяне той эфір быў, як выхад у адкрыты космас. Такому майстэрству не навучышся ні на адным факультэце. Вопыт назапашваеш, толькі працуючы ў калектыве.

- Валерый Аляксандравіч, а вам пайсці з праграмы было складана?

В. Р.: Быў перыяд адвыкання. Але разам з тым дадалося шмат іншай працы, адміністрацыйнай. Калі працаваць у праграму прыйшлі маладыя і мы ўбачылі, што яны разумныя і з добрымі галасамі, то зразумелі: аддаём "Радыёфакт" у надзейныя рукі. І пацверджанне гэтаму тое, што праграма існуе і сёння, і працягне, я ўпэўнены, сваё эфірнае жыццё. Мне прыемна ўспамінаць, што я і тыя журналісты, з кім працаваў на праекце, стаялі ля вытокаў… Прамыя эфіры засталіся, проста цяпер ужо ў іншай праграме. А калі раптам заўтра спатрэбіцца выйсці і працаваць у "Радыёфакце", то сяду і выйду ў прамы эфір.

- Якія вашы прагнозы адносна далейшай гісторыі "Радыёфакта"?

М. У.: Складанае пытанне, паколькі мы самі робім праграму, а значыць, усё залежыць ад нас. Мабыць, будуць прыходзіць новыя тэхналогіі… Не выключана, што аднойчы слухачы змогуць самі фарміраваць "Радыёфакт" на ўласны густ.

В. Р.: Праграма будзе жыць, таму што яна патрэбная. Са свайго боку, я ўсё ж рэкамендаваў бы разбаўляць інфармацыю якаснай музыкай. Наогул, вось сустрэнемся праз пэўны час і ўбачым, як усё складваецца.

Алена ДРАПКО.