Онлайн выклiкалi?

13.06.2007
"Звязда", 13 чэрвеня 2007 г.


Прамая сувязь
Сёння з 11 да 12 гадзiн на афiцыйным сайце Белтэлерадыёкампанii www.tvr.bу адбудзецца онлайн-канферэнцыя з кандыдатам медыцынскiх навук, дацэнтам кафедры эндакрыналогii БелМАПА Валянцiнай Iванаўнай Шутавай. Адкуль з’яўляецца лiшняя вага, як худзець правiльна, што такое "ўмераны калараж" - пра ўсё гэта спецыялiст раскажа жадаючым у "Iнтэрнэт-эфiры", прычым пытаннi прымаюцца як загадзя, так i непасрэдна падчас канферэнцыi. Праз некалькi гадзiн адказы, а таксама фотарэпартаж з онлайн-канферэнцыi, будуць змешчаны на тым жа сайце ў адпаведным раздзеле - для свабоднага карыстання.
Белтэлерадыёкампанiя, дарэчы, стала першай з тэлевiзiйных кампанiй Беларусi, хто абраў такую форму сувязi публiкi з запатрабаванымi персонамi - вузкапрофiльнымi спецыялiстамi, вядомымi грамадскiмi дзеячамi, прадстаўнiкамi шоў-бiзнэсу i спорту i г.д. За гэты год на медыя-партале БТРК прайшло ўжо шэсць онлайн-канферэнцый, героямi якiх сталi вядомы палiтык i пiсьменнiк Мiкалай Чаргiнец, намеснiк кiраўнiка УДАI МУС Яўген Карповiч, прадстаўнiк Беларусi на конкурсе "Еўрабачанне-2007" Дзмiтрый Калдун, галоўны трэнер хакейнай каманды "Юнацтва-Мнск" Мiхаiл Захараў, галоўны санiтарны ўрач краiны Мiхаiл Рымжа, старшыня Дзяржкамiтэта пагранiчных войскаў Беларусi Iгар Рачкоўскi. Усе стэнаграмы i фотарэпартажы з гэтых канферэнцый таксама змешчаны на сайце.
Як расказала кiраўнiк дырэкцыi Iнтэрнэт-вяшчання Iрына Палажэнцава, iдэя праводзiць онлайн-канферэнцыi выспявала даўно, але ўсё не хапала магчымасцяў. З гэтага года, нарэшце, супалi наяўнасць асобнага памяшкання, тэхнiчнага абсталявання i прафесiйнага забеспячэння падобных акцый. Спачатку яны адбывалiся раз на месяц, зараз - двойчы. Афiцыйна "Iнтэрнэт-гаворка" доўжыцца гадзiну, але звычайна героi прыходзяць загадзя, каб паспець адказаць на максiмум пытанняў (рэкорд у гэтым сэнсе належыць Дзмiтрыю Калдуну, якi "асiлiў" больш за сотню пытанняў). Пытаннi i адказы запiсваюцца праз мiкрафон на камп’ютары, i некалькi рэдактараў адразу на слых расшыфроўваюць iх i перыядычна адпраўляюць на сайт. Калi пытаннi iдэнтычныя цi вельмi падобныя, вядучая канферэнцыi зачытвае iх усе адразу, i гэтаксама яны пададзены на Iнтэрнэт-старонцы. У перспектыве, дарэчы, як падзялiлася Iрына Палажэнцава, падчас онлайн-канферэнцый будзе працаваць вэб-камера, i можна будзе не проста чытаць адказы, але бачыць i чуць усё, што адбываецца ў гэты момант у студыi. Пакуль жа Iнтэрнэт-карыстальнiкi задавольваюцца тэкставымi версiямi гутаркi, а для гледачоў АТН запiсвае невялiкiя вiдэасюжэты ("цэльныя" вiдэазапiсы канферэнцыi захоўваюцца ў архiве).

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.