Новыя песні пра галоўнае: хварэем за Беларусь на "Еўрабачанні"

08.05.2014
"Звязда", 8 мая 2014 г.

 
Сёння вечарам у Капенгагене на сцэне B&W адбудзецца другі паўфінал найбуйнейшай у свеце неспартыўнай медыяпадзеі. Прадстаўнік нашай краіны, спявак Тэа, выступіць пад нумарам 10 з песняй "Cheesecake". У нумары, які многія журналісты называюць жартоўным маніфестам мужчынскага шавінізму, задзейнічаны, адпаведна, толькі мужчыны: бэк-вакалісты Арцём Ахпаш, Дзяніс Ліс і Юрый Селязнёў, танцоры Аляксандр Залескі і Андрэй Мартынаў.
Натуральна, беларусы, якія сочаць за "Еўрабачаннем", абедзвюма рукамі падтрымліваюць нашага выканаўцу, хоць, паводле правілаў, галасаваць за яго мы і не можам. Але тую ж задачу - трапіць у 10 фіналістаў - ставяць перад сабой яшчэ 14 канкурсантаў, якія прадстаўляюць (у парадку выступленняў) Мальту, Ізраіль, Нарвегію, Грузію, Польшчу, Аўстрыю, Літву, Фінляндыю, Ірландыю, Македонію, Швейцарыю, Грэцыю, Славенію і Румынію.
Чым артысты паспрабуюць "узяць" журы і публіку? Абаяльны швейцарац Себалтар, напрыклад, не толькі іграе на скрыпцы, але і аздабляе песню элементамі мастацкага свісту. Прадстаўніца Ізраіля Мэй Файнгольд робіць стаўку на моцны вакал - яшчэ б, на радзіме яна не толькі ўдзельнічала ў тамтэйшым аналагу "Фабрыкі зорак", але і вучылася класічнаму опернаму вакалу. Польскі дуэт "Донатан і Клеа" зрабіў да жартаўлівай песенькі пра славянскіх дзяўчат эфектны і сексуальны кліп, чым істотна падагрэў цікавасць да будучага выступлення. На сцэне яркія дзяўчаты плануюць... узбіваць масла. Нарвежскі "спяваючы цясляр" Карл Эспен - адзін з фаварытаў гэтага паўфіналу - прадставіць філасофскую песню пра пошукі свайго месца ў свеце. А вось прадстаўнікі Грэцыі, наадварот, прымусяць не толькі патанцаваць пад завадную песню "Узлятай", але і будуць скакаць на батуце - відаць, набіраючы разгон для палёту. Конкурсны нумар Тэа пасля рэпетыцый практычна не памяняўся: хлопцы ў прыўзнятым настроі нібыта вяртаюцца з вечарынкі і паўжартам скардзяцца, як цяжка жыць, калі дзяўчына абыходзіцца з табой, як з плюшавай цацкай, і называе "салодкім піражком".

Удзельнік беларускага журы Яўген Алейнік: "Ніхто не ведае, што спадабаецца Еўропе. Нават сама Еўропа"
Прадзюсар і кампазітар Яўген Алейнік мае вялікі вопыт стасункаў з "Еўрабачаннем": сам не раз спрабаваў свае сілы ў адборы, у 2011-м удзельнічаў у конкурсе ў якасці суаўтара песні, а пазней уваходзіў у журы беларускага адбору. Цяпер жа разам з народным артыстам Беларусі кампазітарам Васілём Раінчыкам, харэографам Аляксандрам Мяжэнным, тэлевядучай і спявачкай Вольгай Рыжыкавай і спецыялістам упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Інай Адамовіч ён уваходзіць у склад нацыянальнага міжнароднага журы, з ацэнак якога на 50% складаюцца вынікі конкурсу. Таму менавіта ў яго мы пацікавіліся, па якіх крытэрыях ацэньваюцца песні на "Еўрабачанні"?
- Я зразумеў, што немагчыма ацаніць песню і прадказаць яе вынік загадзя. За ўсе гэтыя гады стала відавочна, што ніхто - ні букмекеры, ні фан-клубы - не можа гарантавана сказаць, якая песня выйдзе ў фінал, а якая не трапіць, хіба толькі прыкладна можна меркаваць.

- Але ж леташнюю перамогу Даніі, а раней Швецыі прагназавалі менавіта букмекеры...
- Насамрэч "Буранаўскія бабулі" абыходзілі Швецыю па прагнозах. А асабіста ў мяне на "Еўрабачанні-2012" у фаварытах былі Швецыя, Сербія, Іспанія, Эстонія, якія, у прынцыпе, і размясціліся ў верхняй часці рэйтынгу, затое "Буранаўскіх бабуль" наогул не разглядаў як прэтэндэнтаў на перамогу. Так што я мог бы зрабіць разумны выгляд і сказаць, што разбіраюся ў правілах гульні на "Еўрабачанні", але гэта не будзе адпавядаць рэчаіснасці. Вывеў для сябе формулу: кожны артыст, прадзюсар, які яго рыхтуе, і член журы мусіць рабіць ад душы тое, што яму падабаецца. Тады ёсць шанс, што песня "стрэліць" і трапіць у пераможцы.

- Што трэба Беларусі для перамогі на конкурсе?
- Ратацыя - і выканаўцаў, і ідэй, і членаў журы. Вельмі добра, што сёлета Еўрапейскі Вяшчальны Саюз прыняў правілы, паводле якіх адзін і той жа чалавек можа ўваходзіць у міжнароднае журы не часцей чым раз на тры гады. Спадзяюся, што і на нацыянальным адборы наша краіна пойдзе па гэтых прынцыпах. Ні ў якім выпадку нельга арыентавацца на леташнія вынікі і ўзводзіць у абсалют асабістыя перавагі, напрыклад: "Еўропе патрэбна лёгкая песенька", ці "Еўропе цікавы нацыянальны каларыт". Ніхто насамрэч не ведае, што ўпадабае Еўропа. Нават сама Еўропа, пакуль не прагаласуе. Узгадайце: вельмі рэдка тое, што было цікава летась, спрацоўвае і на другі раз, практычна ніколі цяперашні пераможца не нагадвае мінулага па стылістыцы і каларыце, наадварот. І ў гэтым і ёсць галоўная цікавінка конкурсу.

- Суддзі, няхай і тройчы прафесіяналы, таксама людзі са сваімі музычнымі густамі. Вам хто з канкурсантаў найбольш цікавы?
- Не біце мяне камянямі, але сярод маіх фаварытаў Швецыя і... Аўстрыя, але гэта ніяк не звязана з эпатажным вобразам, проста выкананне сапраўды ўражвае і аранжыроўка вельмі моцная.

- А ў нас якія шансы трапіць у фінал "Еўрабачання"?
- На мой погляд, вельмі і вельмі добрыя. Нават з чыстай матэматыкі: сёлета самы маленькі па колькасці ўдзельнікаў паўфінал, у якім да таго ж хапае нашых суседзяў і краін, якія традыцыйна даюць Беларусі высокія ацэнкі - Літва, Польшча, Ізраіль, Мальта, магчыма, Грузія... У любым выпадку зычу Тэа класнага вытуплення (па сабе ведаю, якое гэта хваляванне) і як мага больш высокага выніку!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Між іншым

Данія прымае "Еўрабачанне" ўжо чацвёрты раз. Раней конкурс адбываўся тут у 1964, 2001 і 2005 гадах, і заўжды праходзіў у Капенгагене.
Канцэртная зала B&W Hallern створана ў будынку былога суднабудаўнічага завода, таму і сцэна зроблена ў выглядзе карабля з невялікім басейнам вакол яго. Стаіць яна на сталёвым каркасе вышынёй 20 метраў, а пакрыццё сцэнічнай пляцоўкі - вялізны сенсарны дысплей, адчувальны да ціску.
На конкурс акрэдытавана больш як 1,5 тысячы журналістаў з 80 краін. А трансляцыю "Еўрабачання-2014", як чакаецца, убачаць звыш 180 мільёнаў гледачоў з усяго свету, ад Аўстраліі да Паўднёвай Афрыкі, ад Канады да Індыі. У Беларусі абодва паўфіналы і фінал конкурсу транслююць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Абвяшчаць балы, якія наша краіна выставіць удзельнікам, сёння і 10 мая будзе леташняя канкурсантка, заслужаная артыстка Беларусі Алена Ланская.