Новы сезон - новыя праекты

12.10.2006
"Голас Радзiмы", 12 октября 2006 г.


Радыёстанцыя “Беларусь”, якая працуе ў складзе Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, арыентавана на слухачоў замежжа. Новы сезон - добрая нагода сустрэцца з журналістамі, яе і скарыстаў галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч.
Адметнасць сезона перш за ўсё ў тым, што эфір радыёстанцыі “Беларусь” павялічыўся на дзве гадзіны. Цяпер агульны аб’ём вяшчання складае 17 гадзін у суткі. Тры гады таму было толькі чатыры гадзіны - дынаміка развіцця замежнага вяшчання відавочная. Вядзецца дзесяцігадзіннае вяшчанне на англійскай мове ў Інтэрнэце ў рэжыме рэальнага часу. У гэтым сезоне пачынаецца актыўнае асвойванне польскай мовы - Польшча наш сусед, ды і па свеце польскамоўных слухачоў шмат. Пакуль па-польску гучаць толькі навіны. Думаю, сказаў Н. Гальпяровіч, менавіта польская мова стане пятай па ліку мовай нашага эфіру пасля беларускай, рускай, англійскай, нямецкай. Эфір арганізаваны блокамі - беларускі, англійскі, нямецкі і завяршаецца ноччу рускамоўным.
Усяго ж у новым сезоне звыш 100 праектаў. Навум Гальпяровіч кажа на гэты конт: “Мы па іх колькасці і па колькасці перадач займаем другое месца ў краіне пасля Першага канала Беларускага радыё. Над паляпшэннем нашых перадач працаваў вялікі калектыў Белтэлерадыёкампаніі.
65 працэнтаў вяшчання займаюць грамадска-палітычныя і інфармацыйна-аналітычныя праграмы. 23 працэнты - культурна-пазнавальныя і 12 працэнтаў - музычныя. Слухачоў цікавіць усё, што звязана з нашай краінай, у тым ліку знешняя, унутраная палітыка, эканоміка, сацыяльныя, культурныя аспекты, гісторыя.
“Беларусь” па-ранейшаму працуе для беларускай дыяспары. “Гэта наша прыярытэтная задача. І мы вельмі рады, што пазыўныя нашай радыёстанцыі ведаюць у свеце. З кожным новым сезонам колькасць слухачоў павялічваецца, а значыць, усё больш людзей ва ўсім свеце даведваюцца праўду пра Беларусь і тое, як мы жывём”, - сказаў Навум Гальпяровіч.
Сярод навінак: “Ваенная панарама” - праграма расказвае пра беларускую армію, ваеннае супрацоўніцтва, “Прыватны сектар” знаёміць з перспектывамі і развіццём малога бізнесу ў Беларусі, “Будпляцоўка” - вядзе аповед пра традыцыі і сучасныя распрацоўкі беларускай школы дойлідства. Цікавая задумка перадачы “Ад каранёў славянскіх”, якая гучыць на англійскай мове, але расказвае пра багацце і асаблівасці беларускай мовы. На англійскай мове выходзіць таксама праграма “Чароўны куфэрак” па матывах беларускіх народных казак. Супрацоўнікі радыё “Беларусь” з вялікім энтузіязмам агучваюць казкі.
Адной з самых яркіх у эфіры абяцае стаць “Начная гадзіна з радыёстанцыяй “Беларусь”. На працягу 60 хвілін гучаць навіны, падводзяцца вынікі дня Беларусі, ёсць цікавыя рубрыкі “Госць студыі”, “Штодзённік”, “Хіт-парад”. Усяго ў новым сезоне прагучыць 17 новых праграм.
Адным з важных напрамкаў дзейнасці радыё “Беларусь” з’яўляецца супрацоўніцтва з радыёкампаніяй “Голос России”, аб чым Белтэлерадыёкампанія падпісала пагадненне. Цяпер тры разы на тыдзень праз “Голос России” на хвалях Сусветнай рускай службы на рускай мове гучаць навіны з Беларусі. Такім чынам, колькасць слухачоў радыё “Беларусь” павялічылася не менш як на 100 мільёнаў чалавек, бо Сусветная руская служба радыё Расіі сапраўды адна з самых вялікіх і ўплывовых радыёстанцый у свеце.
Хто ж працуе на радыёстанцыі “Беларусь”? Навум Гальпяровіч кажа, што калектыў дастаткова збалансаваны - ёсць і маладыя, і вопытныя журналісты. Характэрна, што многія з супрацоўнікаў - выпускнікі Беларускага лінгвістычнага універсітэта, якія выдатна валодаюць як мінімум дзвюма замежнымі мовамі і паказваюць добрыя журналісцкія здольнасці.
Яшчэ адна навіна ад радыёстанцыі “Беларусь” - сайт www.radiobelarus.tvr.by. Ірына Палажэнцава, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі Інтэрнэт-вяшчання Белтэлерадыёкампаніі падкрэсліла, што пакуль мовы сайта - руская, беларуская, англійская. У планах - з’яўленне нямецкай версіі.
Радыё “Беларусь” цяпер можна слухаць і праз Інтэрнэт. Сярод тых, хто гэта робіць найбольш часта, - жыхары ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Ізраіля, Кітая.
Белтэлерадыёкампанія разглядае замежнае вяшчанне як візітоўку краіны і яго ўзровень расцэньвае як пытанне прэстыжу дзяржавы. Таму на бліжэйшы час стаіць задача развіваць яго і далей. Рэдакцыя “Голасу Радзімы” ведае, што сярод слухачоў “Беларусі” ёсць і нашы чытачы. Мы ж таксама працуем дзеля таго, каб расказваць беларускай дыяспары пра нашу краіну. Такім чынам, перадаём усім шчырае прывітанне і заклікаем заставацца з “Голасам Радзімы” на хвалях “Беларусі”.

Алена СПАСЮК.