Новы сезон на БТ

14.09.2002
"Культура", 14 - 20 верасня 2002 г.


21 верасня на беларускім тэлебачанні адкрываецца новы тэлевізійны сезон. Што гэта азначае? А тое, што ў эфіры, з аднаго боку, з'явіцца шмат новых праграм, а з другога - адбудуцца некаторые змены ў "старых". Як ідзе падрыхтоўка да новага сезона, рассказвае Людміла Апанасаўна БАРАДЗІНА, дырэктар дырэкцыі мастацкага і дзіцячага вяшчання БТ-1.

- Людміла Апанасаўна, што ўбачаць тэлегледачы гэтай восенню?

- Да новага сезона мы падрыхтуем некалькі спецпраектаў. Адзін з іх - "Цені і постаці" - прысвечаны юбілею Купалы і Коласа. На мой погляд, гэты праект вельмі цікавы. У праграме гаворка пойдзе не аб вядомых усім хрэстаматыйных фактах, а аб глыбінных працэсах творчасці, аб сяброўстве, аб міфах з жыцця гэтых людзей. Напрыклад, існуе міф аб сяброўстве Купалы і Коласа...

- А гэта не так?

- І так, і не. Усё ж такі гэта былі вельмі розныя людзі, і сказаць, што яны ішлі ўсё жыццё вобруку, нельга... закранецца тэма адзіноцтва, сталінскіх рэпрэсій, творчых кампрамісаў... Наша група, дарэчы, ці не апошняя зрабіла здымкі ў гасцініцы "Масква", акурат у тым крыле, дзе загінуў Купала, і якое хутка будзе разбурана ў сувязі з рамонтам. І дзякуй маскоўскім супрацоўнікам, што яны пайшлі нам насустрач і паказалі ўсё чыста. Мы лічым, што атрымалі каштоўныя кадры.

- Хто працаваў над гэтым праектам?

- Шмат людей: і супрацоўнікі нацыянальнага архіва, і архіва ў Маскве, і філосафы, і літаратуразнаўцы. Гэта вельмі сур'ёзная тэма, каб адзін чалавек усё ўзяў на сябе і сказаў: "Я так думаю". Мы спрабавалі сабраць розныя пункты гледжання, каб была магчымасць убачыць гэтых мастакоў іншымі вачыма.
Акрамя таго, у лістападзе, падчас юбілею Коласа, мы плануем зрабіць трансляцыю спектакля "Новая зямля" з Віцебска.

- Якія яшчэ навінкі рыхтуе БТ?

- Хутка пойдуць у эфір маленькія праграмы пад назвай "Сола для дэбютанта", прысвечаныя маладым таленавітым музыкантам. Крыўдна, што мы ведаем пра так званых "зорак эстрады" усё да дробязей, а пра лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, працавітых музыкантаў - анічога. Мы будзем знаёміць гледачоў з тымі, для каго музыка стала сэнсам жыцця, але якім не хапае вядомасці. Гэтыя людзі вартыя вялікай пашаны і ўвагі.

- Вы закранулі паэзію, музыку, а якія праграмы іншай тэматыкі ўбачаць свет?

- Плануецца выхад новай мастацка-пазнавальнай перадачы "Падарожжа дылетанта". Яна раскажа пра гісторыю нашых мястэчак, малых гарадоў, але ў незвычайным ракурсе. Гэта знаёмства не столькі з гістарычнымі падзеямі, колькі з легендамі, паданнямі, чуткамі, якімі абраслі тыя ці іншыя мясціны Беларусі. Такі падыход стварае паэтычную ауру, а самі гісторыі амаль што гогалеўскія.

- А што рыхтуецца для моладзі?

- У маладзёжнх праграмах адбыліся невялікія змены. Перадача "5х5" будзе разбіта тэматычна па днях тыдня. Аўторак аддадзены віктарынам, серада - дзень абмеркавання вострых юнацкіх праблем, чацвер будзе прысвечаны талентавітай моладзі, а пятніца, як раней, застанецца музычнай. Яшчэ плануецца нацыянальны тэлевізійны конкурс юных талентаў "Сузор'е надзей", у якім будуць удзельнічаць дзеці і падлеткі 6-18 гадоў.
Застануцца праграмы "5 цудаў", "Калыханка", але выйдуць яны у новым выглядзе. Рыхтуецца ранішні канал для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту "Не лічы варон!.." Увогуле БТ плануе шмат новага, але раскрываць усе сакрэты, бадай, няварта.

Гутарыла Святлана ЖУРАЎСКАЯ.