Новы "Лад" жыцця

24.09.2003
"Звязда", 24 верасня 2003 г.


3 кастрычніка пачне сваё вяшчанне новы канал Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Яго дэвіз гучыць наступным чынам: "Лад у сям'і - згода ў краіне".
Ужо вызначана назва - "Лад", накіраванасць - сямейнае тэлебачанне і прастора - хвалі, на якіх зараз выходзіць расійскі тэлеканал "Культура". Новы тэлеканал зойме ўласную нішу і будзе займацца вытворчасцю праграм па пытаннях культуры, выхавання, адукацыі і духоўнага ўдасканалення асобы.
Паколькі "Лад" створаны на базе абласных тэлерадыёкампаній, эфір будзе пабудаваны такім чынам, каб рэгіянальныя і рэспубліканскія блокі інфармацыі былі гарманічна звязаныя. У кожнай вобласці на працягу дня будуць выходзіць рэгіянальныя выпускі навін; раніцай - праграма "Сямейны ранак", а ўвечары - інтэрактыўная праграма "Справы сямейныя". Дзённы эфір таксама будзе насычаны разнастайнымі пазнавальнымі і забаўляльнымі перадачамі, прысвечанымі пераважна гісторыі, культуры і мастацтву. Даволі часу зоймуць і рознажанравыя фільмы - ад старых савецкіх да сучасных еўрапейскіх. Генеральным прадзюсарам новага канала прызначаны Аляксандр Барысавіч Семярнёў.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.