Новая стаўка на "Маладыя таленты Беларусі"

08.08.2014
"Звязда", 8 жніўня 2014 г.

 
1 жніўня пачаў прымаць заяўкі Рэспубліканскі творчы радыёконкурс "Маладыя таленты Беларусі", арганізаваны Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё.
Радыёконкурс дае магчымасць маладым адораным выканаўцам праявіць сябе ў розных жанрах музычнага мастацтва. Сёлета конкурс будзе праводзіцца са жніўня па снежань у чатырох намінацыях: "Эстрадны вакал", "Інструментальная музыка, салісты", "Інструментальная музыка, ансамблі" і новая намінацыя "Спадчына".
- Новую намінацыю "Спадчына" лічу вельмі перспектыўнай, таму што яна заснавана на нашай самай сапраўднай беларускай нацыянальнай культуры і музыцы, - падкрэслівае каардынатар праекта, кіраўнік музычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяна Якушава. - Гэта традыцыйная музыка. Але нам хацелася б тут адсочваць нейкія творчыя пошукі. Не проста каб маладыя выканаўцы, як і многія нашы дарослыя артысты, спявалі народную песню ў папсовых апрацоўках. Мы імкнёмся, каб яны захоўвалі першакрыніцу, дух народных песень і, магчыма, уносілі нешта сваё, прапускаючы праз душу і сэрца і пераасэнсоўваючы па-свойму гэты фальклорны матэрыял. Не адыходзячы далёка, але ўносячы нешта для яго развіцця. Каб з матэрыялу нараджаліся новыя творы, напоўненыя адначасова і духам даўніны, і нейкім сваім індывідуальным стаўленнем да іншага матэрыялу. Што робяць, напрыклад, Троіца, Ірэна Катвіцкая ў сваіх праектах.
Таццяна Якушава раіць канкурсантам звярнуць увагу найперш на рэпертуар: з адказнасцю паставіцца да тых твораў, якія выбіраюцца. Асабліва гэта тычыцца намінацыі "Эстрадны вакал". "Хацелася б пачуць больш беларускага ў эстрадным вакале". Пакуль невядома, колькі ўдзельнікаў прывабіць перспектыва ўзняцца на новую творчую прыступку, але арганізатары спадзяюцца, што конкурс прыцягне сапраўды таленавітых маладых людзей, якія знаходзяцца ў творчым пошуку, цікавяцца і шануюць нашу багатую нацыянальную спадчыну.
У розныя гады лаўрэатамі і пераможцамі конкурсу станавіліся Алена Ланская, Юрый Дземідовіч, Раман Волазнеў, Дзіяна Громава, Кірыл Ермакоў, Лідзія Заблоцкая і многія іншыя. А па выніках 2013 года за паспяховае выступленне на ІІІ Рэспубліканскім творчым радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі" шэсць лаўрэатаў былі адзначаны стыпендыямі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сярод іх былі тры пераможцы ў намінацыі "Эстрадны вакал" - Аляксандра Няха, Ірына Круглік і Наталля Трус і хлопцы, якія паказалі сябе лепшымі ў намінацыі "Інструментальная музыка, салісты" - Андрэй Дзям'яненка, Яраслаў Макарыч і Данііл Хінкевіч.

Алена ДРАПКО.

Да ведама

Удзел у творчым спаборніцтве могуць прыняць маладыя людзі ва ўзросце ад 10 да 21 года (салісты і калектывы): навучэнцы дзіцячых музычных школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, удзельнікі музычных і эстрадных студый, студэнты вышэйшых навучальных устаноў. Узрост удзельнікаў вызначаецца на 1 жніўня 2014 года.
Радыёконкурс складаецца з трох тураў.
І тур - папярэдні адбор і праслухоўванне заяўленых матэрыялаў (з 1 жніўня па 1 лістапада 2014 года).
ІІ тур - адбор запісаў канкурсантаў, якія прайшлі І тур, праслухоўванне іх у жывым выкананні прафесійным журы (лістапад 2014 года).
ІІІ тур - фінал радыёконкурсу, абвяшчэнне і ўзнагароджанне пераможцаў (снежань 2014 года).
Для ўдзелу ў праекце неабходна падаць два рознахарактарныя творы ва ўласным выкананні на аўдыяносьбітах (запісы на CD-дысках павінны быць зведзены ў студыйных умовах), заяўку на ўдзел у радыёконкурсе, суправаджальны ліст (рэзюмэ), фотаздымак у лічбавым фармаце (для размяшчэння на інтэрнэт-старонцы праекта), копію дакумента, які сведчыць узрост.
Заяўкі і запісы прымаюцца на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Чырвоная, д. 4, альбо на электронны адрас talentbelarus@gmaіl.com. Усю дадатковую інфармацыю вы можаце даведацца па тэлефоне: 8-017-284-32-05.
Падрабязная інфармацыя на сайце Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё www.radіo1.tvr.by.