Новая планка Першага нацыянальнага

02.09.2005
"Звязда", 2 верасня 2005 г.


"Раўнавага", "Тэлевёрсты", "Восеньская саната", "Маем рэчы", "Народжаныя ў СССР", "Галерэя вобразаў" - гэтыя перадачы нават самы пільны глядач Першага нацыянальнага тэлеканала не знойдзе ў праграме за мінулы сезон, бо яны толькі сёлета з'явяцца ў эфіры. Змены таксама датычацца аб'ёму арыгінальнага вяшчання - да 12 гадзін (сярэднясутачны аб'ём раўняецца 18-19 гадзінам).
Аляксандр Мартыненка, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі, паведаміў, што гэты юбілейны, 50-ы тэлесезон (ён стартуе 12 верасня) парадуе шэрагам праграм, як цікавых, так і карысных. Сярод сюрпрызаў - "Панарама ў суботу", што стане аглядам падзей мінулага тыдня і пазнаёміць з прагнозам надвор'я не так, як мы ўжо звыкліся (расказваць аб навінах "нябеснай канцылярыі" стане вядучая галоўнага выпуску непасрэдна); паказ дзесяцісерыйнага серыяла "Беларусь. Позірк звонку", дзе нашу краіну прадставяць не яе жыхары, а людзі, якія наведалі яе падчас камандзіровак, выпадковых візітаў і г. д.; "Праменад з Міхалам Равуцкім" у жанры журналісцкіх расследаванняў асветліць галоўныя падзеі культуры; выхад эканамічнай праграмы "Цана пытання", новых тэлевіктарыны і дзіцячай перадачы, правядзенне нацыянальнага музычнага конкурсу сумесна з Міністэрствамі культуры, адукацыі і інфармацыі краіны.
У новым сезоне зменшыцца колькасць кінафільмаў у эфіры. Аднак гэта навіна не павінна засмучаць гледачоў, бо стаўка будзе зроблена на якасць. Паводле слоў Канстанціна Вараб'ёва, галоўнага дырэктара Галоўнай дырэкцыі ліцэнзійных праграм і кінапаказу Белтэлерадыёкампаніі, летась было прадэманстравана 600 найменняў "Беларусьфільма", а сёлета, акрамя ўзораў нашага кіно, алічбаваных версій любімых стужак савецкіх часоў, адбудуцца сусветныя прэм'еры такіх фільмаў, як "Уцёкі", "Бой з ценем", "180 і вышэй", "Сузор'е быка", "Авіятар", "Мільён гадоў да нашай эры" і г. д. Пасля завяршэння здымак гледачы змогуць ацаніць якасць "Трох талераў" і гумарыстычнага серыяла "Цёмны конік". Аднак самы галоўны падарунак падрыхтаваны для аматараў "мыльных опер". "Сярод ста лепшых фарматаў тэлесезона 2004-2005 самым рэйтынгавым аказаўся серыял "Вылячэнне каханнем", - дзеліцца інфармацыяй Канстанцін Вараб'ёў. - Дзякуючы яго папулярнасці "РТР" апярэдзіў "АРТ". Мы таксама пакажам гэты серыял нашым гледачам".
Барыс Герстэн, дырэктар дырэкцыі спартыўнага вяшчання, паведаміў, што за 16 тыдняў да зімовых Алімпійскіх гульняў у Турыне стартуе "Алімпійская віза". Акрамя таго, атрыманы правы і заключаны дагаворы на трансляцыю самой Алімпіяды-2006 і чэмпіянату свету па футболу, які ў той жа год правядзе Германія. У эфіры з'явіцца новая праграма "Мужчынскі характар", што аб'яднае сілавыя віды, баявыя майстэрствы, адзінаборствы. Свой праект прэзентуе Уладзімір Навіцкі. Пакуль яго рабочая назва - "Зборная краіны". Даўніх спартыўных прыхільнікаў зацікавіць праграма "Залатыя імгненні беларускага спорту".
- Мы не нявеста, якая хоча спадабацца кожнаму на вяселлі, - выказаўся Уладзімір Субат, генеральны прадзюсар Першага нацыянальнага тэлеканала, - таму галоўнае для нас - інфармаваць сваіх гледачоў, а потым ужо забаўляць іх. Адсюль, зразумела, шмат увагі ўдзелена аднаўленню інфармацыйна-аналітычнага блока АТН. Кожны новы тэлесезон для нас - бы спаборніцтвы скакуноў у вышыню, якія заўжды імкнуцца ўзняць планку.

Ірына ЗАГОРСКАЯ.