Новая версія "Чараўніцтва"

13.11.2015

"Звязда"

У рамках падрыхтоўкі да Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2015" афіцыйны прадстаўнік нашай краіны Руслан Асланаў прэзентаваў два відэакліпы на конкурсную кампазіцыю "Чараўніцтва".

Напярэдадні ад’езда ў Сафію, дзе 21 лістапада пройдзе грандыёзны музычны форум, беларускі ўдзельнік парадаваў сваіх прыхільнікаў і фанатаў "Еўрабачання" акустычнай версіяй песні "Чараўніцтва" на англійскай мове. Прэм’ера новай версіі кампазіцыі і арыгінальнага відэа для інтэрнэт-аўдыторыі адбылася днямі на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

13 лістапада на тэлеканале "Беларусь 1" у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!" запланавана прэм’ера відэакліпа Руслана Асланава на конкурсную песню. Здымкі яго праходзілі напрыканцы кастрычніка. Па задуме рэжысёра Ганны Герт, дзеянне ў кліпе адбываецца ў двух часавых вымярэннях: рэальнасць мяжуе з чараўніцтвам. Першую сюжэтную лінію здымалі ў Мінску, а на другі дзень гарадскія пейзажы змяніліся прыроднымі, і здымкі працягваліся на вясковым полі і ў лесе. У святле флюарэсцэнтных лямпаў яны набылі магічны выгляд. Пасля афіцыйнай прэзентацыі відэа будзе даступна на сайце дзіцячага "Еўрабачання" junіoreurovіsіon.tv і на сайце галоўнага медыяхолдынга tvr.by.

У канчатковым варыянце песні апошні прыпеў Руслан выконвае на англійскай мове. Дарэчы, у Балгарыю наша дэлегацыя возьме з сабой промапрадукцыю, у тым ліку дызайнерскі буклет, таксама спецыяльна распрацаваны Ганнай Герт. У камплект уваходзіць дыск з конкурснай кампазіцыяй у новай аранжыроўцы. У Сафію адправяцца і падарункі для ўсіх удзельнікаў конкурсу і арганізатараў з ЕВС. Адкрытае акцыянернае таварыства "Мінскі гадзіннікавы завод", які на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца нязменным партнёрам дзіцячага і дарослага конкурсаў "Еўрабачанне", прадастаўляе пяцьдзесят гадзіннікаў з дзіцячай калекцыі ў якасці прэзентацыйнай прадукцыі для тых, хто ўзначальвае дэлегацыі, а таксама для канкурсантаў, міжнародных каментатараў і функцыянераў ЕВС, што забяспечваюць трансляцыю конкурсу.

Касцюм, у якім наш выканаўца выйдзе на сцэну "Еўрабачання", а таксама касцюм для індывідуальных рэпетыцый і курткі для членаў афіцыйнай дэлегацыі стварыла кампанія MARUSYA. У Сафію наш артыст і яго каманда, у склад якой уваходзяць і прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, адправяцца 14 лістапада.

Алена ДРАПКО.