Новая версія беларускай калыханкі

17.06.2016

"Звязда"

Праграма "Калыханка" разам з тэлеканалам "Беларусь 3" з нагоды 35-гадовага юбілею стварыла кавер-версію знакамітай песні "Доўгі дзень".

Аўтарам ідэі і слоў песні стала актрыса тэатра імя Максіма Горкага Эмілія Пранскутэ, якая з нядаўняга часу агучвае ў праграме яноціка Цёму. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіла Аліна Цітовіч. Абноўленую кампазіцыю, музыку да якой некалі напісаў народны артыст Беларусі Васіль Раінчык, у кліпе выканалі любімыя героі праграмы - падарожнік Нестар (Сяргей Жбанкоў), фея Сноў (Алена Бікранёва), лісічка Яначка (Іна Ганчар), яноцік Цёма і мядзведзік Топа (Уладзімір Варанкоў).

Калі прыгадаць, то спачатку песню "Доўгі дзень" у праграме маленькія гледачы чулі ў выкананні спявачкі Ядвігі Паплаўскай. Пазней яна набыла новую аранжыроўку і загучала голасам лісічкі Яначкі. Быў перыяд, калі любімую ўсімі кампазіцыю спрабавалі замяніць, але водгукі гледачоў адыгралі сваю ролю, і яна зноў вярнулася ў "Калыханку".

Ці спадабаецца нам новая версія даўно знаёмай песні, даведаемся пасля яе праслухоўвання і прагляду відэакліпа, які можна знайсці на youtube-канале тэлеканала "Беларусь 3"!

Алена ДРАПКО.