Інфармацыйная тэлевізійная прастора Беларусі пашыраецца

08.10.2013
"Роднае слова" (ежемесячный научно-методический журнал), верасень, 2013 г.


Інфармацыйная тэлевізійная прастора Беларусі пашыраецца. 8 лютага 2013 г. пачаў cваю дзейнасць новы культуралагічны канал, які вельмі чакалі ў грамадстве - "Беларусь 3"
У нашай краіны з'явілася магчымасць заявіць на ўвесь голас пра беларускую культуру, гісторыю і мастацтва. Такую магчымасць даюць лічбавае тэлебачанне і інтэрнэт-вяшчанне. Менавіта дзякуючы гэтым тэхналогіям тэлеканал "Беларусь 3" можна глядзець, не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.
Адзін з герояў легендарнага фільма "8,5" Ф. Феліні ў час размовы з галоўным героем - рэжысёрам - сказаў: "На вас ляжыць вялікая адказнасць - кінематограф, які можа выхаваць ці сапсаваць мільёны душ". Тое самае сёння можна сказаць і пра тэлебачанне, бо яно таксама з'яўляецца экранным мастацтвам.
Галоўная роля ў адкрыцці канала "Беларусь 3" належыць старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку. Аўтару гэтага матэрыялу да вялося паразмаўляць з Генадзем Браніслававічам пра гісторыю стварэння і стратэгію развіцця новага тэлеканала, а таксама прысутнічаць пры сустрэчы кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі з калектывам тэлеканала "Беларусь 3", дзе і былі акрэслены асноўныя кірункі працы.
Старшыня Белтэлерадыёкампаніі распавёў, што адкрыццё культуралагічнага канала - гэта яго мара яшчэ з моманту прызначэння на пасаду ў 2010 г. На сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам Генадзь Браніслававіч прапанаваў зрабіць з Белтэлерадыёкампаніі холдынг і размежаваць каналы па сегментах глядацкай аўдыторыі і жанрах: "Беларусь 1", "Беларусь 2", "Беларусь 3", "Беларусь 24". Прэзідэнт ідэю падтрымаў. Усіх чакала вялікая праца.

Калі з'явілася патрэба ў добрым менеджары і ар ганізатары для стварэння канала "Беларусь 3", ён знайшоўся ў асобе Віктара Уладзіміравіча Маючага - былога старшыні Гомельскага тэлебачання, а потым галоўнага дырэктара міжнароднага тэлеканала "Беларусь-ТВ".
У Белтэлерадыёкампаніі адбыўся рэбрэндынг. Па задуме Г. Давыдзькі, паміж каналамі былі падзелены наступныя функцыі: "Беларусь 1" - галоўны тэлеканал краіны, грамадскі, інфармацыйны, аналітычны, спазнавальны, на якім нават спрактыкаваны і патрабавальны глядач можа знайсці самы разнастайны і якасны тэлепрадукт; "Беларусь 2" - забаўляльны канал, прызначаны найперш для адпачынку маладой аўдыторыі (спорт, гумар, кінафільмы і г. д.); "Беларусь 3" - адукацыйна-спазнавальны, культуралагічны канал, дзе шмат увагі аддаецца дзіцячай аўдыторыі, паказу не толькі беларускай, але і сусветнай гісторыі і культуры. Канал "Беларусь 24" - спадарожнікавы канал, што вяшчае на ўвесь свет і дае поўнае ўяўленне пра жыццё сучаснай Беларусі.
Такім чынам, месца і роля новага канала "Беларусь 3" былі акрэслены з самага пачатку. Трэба дадаць, што пры стварэнні канала, яго кіраўніцтва дакладна сфарміравала нарматыўны менеджмент, што ўключае распрацоўку і рэалізацыю філасофіі кампаніі, яе пазіцыю на канкурэнтным рынку і фарміраванне агульных стратэгічных намераў. Місія тэлеканала "Беларусь 3" была сфармулявана як "пазіцынаванне культуры як сукупнасці матэрыяльньіх і інтэлектуальных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у сучаснай медыясферы". Стратэгічныя мэты канала былі абазначаны як "пашырэнне беларускай інфармацыйнай прасторы ў свеце і фарміраванне беларускага кантэнту, падтрымка культурнай і нацыянальнай самаідэнтычнасці, знаёмства з сусветнай культурай, замацаванне медыйнымі сродкамі аўтарьітэту дзяржаўнай улады".
Зыходзячы з гэтага, старшыня Белтэлерадыёкампаніі зазначыў, што перад творчым калектывам, які павінен стаць "крытэрыем густу" сучаснай культуры, адкрываецца вялікая прастора для дзейнасці. Важна ствараць перадачы як для самых маленькіх тэлегледачоў, так і для прафесіяналаў у галіне мастацтва, прычым каля 90% кантэнту - на беларускай мове. Фармат канала дазваляе запрашаць цікавых гасцей і рабіць перадачы ў самых розных жанрах. Творчая інтэлігенцыя, настаўнікі, супрацоўнікі міністэрстваў культуры, інфармацыі і адукацыі з вялікім задавальненнем будуць удзельнічаць у стварэнні такіх праграм. 

Нацыянальнае мастацтва дазваляе адчуць сваю прысутнасць у агульнасусветнай культурнай прасторы. Таму ў тых краінах, дзе гэта разумеюць, дзяржава ўкладвае ў культуру вялікія грошы. А ці дастаткова сродкаў выдаткоўваецца ў нас? 3 гэтага пытання пачалася наша размова з Генадзем Браніслававічам Давыдзькам.
- Суразмёрна з развіццём нашай эканомікі. Ні ў якім выпадку мы не можам сказаць, што з боку дзяржавы да развіцця культуры малая ўвага. Але ў нас ёсць праблема кадраў. Праблема ў адукацыі, што знаходзіцца ў сферы Міністэрства культуры. У нас практычна не вядзецца падрыхтоўка рэжысёраў, а таму адчуваецца дэфіцыт сапраўдных тэле- і кінарэжысёраў. Акцёрская падрыхтоўка, на маю думку, таксама не вельмі якасная. Мы практычна нічога не ведаем пра маладых мастакоў, дзе яны могуць працаваць.
 
- У нас дзейнічае Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Можа, дапамагаць трэба канкрэтным людзям і такім чынам падкрэсліваць іх значнасць і ўнёсак у беларускую культуру?
- У тым і справа, што на самым высокім узроўні ролю работнікаў мастацтва і культуры разумеюць. Але ўжо на ўзроўні вобласці, раёна гэтага разумення, на жаль, няма. А таму ёсць праблемы па развіцці культуры ў малых населеных пунктах. Выпускнікі ўніверсітэта культуры і мастацтваў хочуць быць "зоркамі", нягледзячы на тое, што іх рыхтуюць як дырэктараў клубаў, менеджараўу культурнай сферы. Развіваць культуру менавіта на гэтым узроўні вельмі важна. 

- Гэтыя пытанні таксама будуць уздымацца на канале "Беларусь 3"?
- Вядома. Вельмі хочацца простага разумення. Гэта ж не я прыдумаў: "Чым меней дзяржава выдаткоўвае сродкаў на культуру, тым больш ёй даводзіцца траціць іх на астрог". Так яно насамрэч і ёсць. 

- У наш час вельмі цяжка нечым зацікавіць і здзівіць гледача, трэба шукаць сваю "канкурэнтную перавагу". Што адметнага будзе ў канала "Беларусь 3"?
- Канал павінен стаць культурна-адукацыйным, абавязкова спазнавальным, своеасаблівым "культуралагічным "discovery", што прызначаны фарміраваць нацыянальную свядомасць беларусаў. Людзі павінны зачаравацца тым, што мы маем. Напрыклад, што такое "блакітныя азёры Беларусі", якія ёсць у нас храмы, легенды, паданні... Мне вельмі хочацца наталіць гэтую прагу спазнання, прывіць любоў да Радзімы, яе гісторыі і тым самым выхоўваць нацыянальны гонар. 

- Сетка вяшчання будзе кругласутачнай?
- Не, з 8 гадзін да 24, з паўторамі. Цяпер вяшчанне вядзецца ў эксперыментальным рэжыме, у эфір ставіцца тое, што было назапашана беларускім тэлебачаннем за доўгія гады, да таго ж мастацкія і дакументальныя стужкі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" і "Белвідэацэнтра". 3 восені 2013 г, з новага сезона, пачнуць выходзіць у эфір арыгінальныя праграмы, створаныя нашымі супрацоўнікамі. 

- Перад тым як стаць старшынёй Белтэлерадыёкампаніі, Вы прайшлі вельмі доўгі шлях. Пачыналі як акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, потым былі рэжысёрам, дырэктарам гэтага тэатра, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Выдатная кар'ера! Калі так здарыцца, што Вы пакінеце і гэтую пасаду, чым будзеце ганарыцца?
- Не ведаю, але ў любым выпадку тым, што канал "Беларусь 3" быў запушчаны з маім удзелам, я вельмі ганаруся. 

Наталля СЦЯЖКО.