Невядомае пра вядомае: таямніцы музея Вялікай Айчыннай

07.05.2010
"Звязда", 7 мая 2010 г.


Да 65-годдзя Перамогі Першы канал рыхтуе двухсерыйны дакументальна-пастановачны фільм "ЗАХОЎВАЦЬ ВЕЧНА", які распавядае пра Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Менавіта музей і гісторыя яго стварэння, а не ягоныя экспазіцыі, пра якія экскурсаводы паспелі ўжо расказаць мільёнам наведнікаў, зацікавілі карэспандэнтаў Агенцтва тэленавінаў. Бо гэтая гісторыя сапраўды вартая таго, каб яе ўзгадаць. Напрыклад, ці многія з нас ведаюць, што музей быў створаны яшчэ падчас вайны, і першыя яго экспанаты супрацоўнікі збіралі літаральна пад кулямі, а першы будынак абаранялі са зброяй у руках?.. Затое праз некалькі гадоў ён стаў візітоўкай БССР, гонарам Панамарэнкі і Машэрава, месцам, якое штогод выклікала цікавасць у больш як паўмільёна чалавек са 140 краін свету.
Пра што яшчэ раскажа фільм? Аўтар праекта Аляксандр Гарадко пералічвае наўскідку: пра музейнае супрацьстаянне СССР і трэцяга рэйха, пра візіты сюды Фідэля Кастра і Ясіра Арафата, пра ўнікальны ордэн коштам у сотні тысяч еўра, што захоўваецца ў "скляпеннях" цяперашняга будынка, а таксама пра крадзяжы, якія ўдалося прадухіліць, і, натуральна, як пра дзень сённяшні, так і пра тое, што чакае музей заўтра.
Прэм'ера дакументальна-пастановачнага фільма "ЗАХОЎВАЦЬ ВЕЧНА" адбудзецца на Першым канале 8 і 9 мая ў 14.30.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.