"Непрыгожая" зноў вяртаецца на экраны. Але ўжо з iншай "прапiскай"

12.03.2008
"Звязда", 12 сакавіка 2008 г.


Ядзерная сумесь гiсторыi пра Папялушку i прыгажуню i пачвару, толькi наадварот, заваявала калi не ўвесь свет, то амаль усю яго жаночую частку. Калумбiя, Венесуэла, Iзраiль, Германiя, Iндыя, Мексiка, Расiя - усе яны капiтулявалi перад брыдкiм качанём "Бецi-непрыгожай", якая напрыканцы абавязкова ператваралася ў прыгажуню i шчаслiўку. З 11 сакавiка тэлеканал "ЛАД" прапануе гледачам альтэрнатыву вядомай ужо Кацi Пушкаровай - амерыканскую тэленавелу "Непрыгожая Бецi". Дакладней, беларусы ўбачаць першы сезон - 23 серыi папулярнага амерыканскага серыяла. Бо другi сезон здымаецца якраз цяпер.
Галоўная гераiня серыяла, Бецi Суарэз - дзяўчына з лацiнскай сям'i, якая працуе сакратаркай у модным часопiсе. Калегi здзекуюцца з яе з-за непрывабнай знешнасцi i адсутнасцi густу. Дый бос, прыгожы i ўпэўнены ў сабе Дэнiел Мiд, ад якога ўсе жанчыны страчваюць розум, нарэшце накiроўвае Бецi ў "ссылку" ў самы далёкi пакойчык, былую кладоўку выдавецтва. А тая шчаслiвая ўжо тым, што можа цiха малiцца на боса i дапамагаць яму выкручвацца з непрыемных сiтуацый. Але як толькi ў кампанii наспявае фiнансавы крызiс, вопыт i ўменнi Бецi аказваюцца якраз дарэчы...
Мiж iншым, адным з вядучых прадзюсараў амерыканскай "антыпрыгажунi" стала кiназорка Сельма Хаек, якая таксама выканала адну з галоўных роляў. А роля Бецi была даверана маладой актрысе са звонкiм iмем Амерыка Ферэра. Наколькi пераканаўчай атрымалася гiсторыя? Настолькi, што ўзяла летась "Залатыя глобусы" за лепшы камедыйны серыял i лепшую жаночую ролю, 3 прэмii "Эмi" ў гэтых жа намiнацыях плюс лепшы падбор акцёраў, плюс 4 прэмii "Альма" за дасягненнi лацiнаамерыканскiх акцёраў, i яшчэ больш як дзесятак розных прэмiй i ўзнагарод.
Да слова
Непрыгожая сакратарка, бязмоўна закаханая ў свайго шэфа, - гэты сюжэт увасобiлi кiнакампанii розных краiн. У вынiку свет убачылi арыгiнальная калумбiйская "Бецi непрыгожая", венесуэльская "Тоўстая дзяўчынка" i мексiканская "Самая цудоўная непрыгожая", нямецкая "Закахана ў Берлiне" i iндыйская "Такой, як Джэсi, больш няма" i г.д.
Iмёны ў гераiнь розныя, жыццёвыя праблемы - з мясцовым, нацыянальным каларытам. Але ўсiх iх аб'ядноўваюць некалькi абавязковых дэталяў: дзiкунскае адзенне, смешныя акуляры i "скобкi" на зубах. Прычым чым больш дзiвацкi i праўдзiвы вобраз гераiнi псiхолагам, сцэнарыстам, касцюмерам i стылiстам удаецца стварыць напачатку, тым больш эмацыянальна рэагуюць гледачы на яе пераўтварэнне.
 
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.