Недзіцячыя спадзяванні на Ягора

13.11.2004
“Культура”, 13 лістапада 2004 г.


Падрыхтоўка Ягора Ваўчка да дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне 2004" падыходзіць да завяршальнага этапу. Мастацкі кіраўнік, народны артыст Беларусі Васіль Раінчык адзначае такія рысы Ягора, як фотагенічнасць, прыгажосць, харызматычнае ўменне падабацца з першага позірку, здольнасць свабодна, натуральна трымацца на сцэне перад аўдыторыяй. Такія якасці вельмі важныя для спевака "Еўрабачання", бо на колькасць галасоў звычайна ўплываюць і такія дробязі. Улічвалася нават тое, як выступленне Ягора будзе выглядаць з таго ці іншага відэа-ракурсу ў тэлетрансляцыі.
Ужо вядома, што Ягор выступіць дзесятым. Паводле папярэдніх "прагнозаў* В.Раінчыка, асноўнымі канкурэнтамі беларускай каманды могуць стаць выканаўцы з Галандыі, Францыі, Іспаніі, Румыніі (спевака з Румыніі беларусы ведаюць па ўдзеле ў "Славянскім базары ў Віцебску"). Але прагназіраваць усё гэта вельмі і вельмі цяжка, бо "Еўрабачанне" - конкурс надзвычай непрадказальны. Ва ўсялякім выпадку, як дадаў на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры РБ Уладзімір Рылатка, "беларусы выглядаюць пераканаўча".
За знешні выгляд Ягора Ваўчка адказвае мастак-візажыст Жанна Лявонава, да якой мы і звярнуліся за бліц-інтэрв'ю:
- Стыль чалавека залежыць, найперш, ад яго самога і павінен зыходзіць з яго характару. У Ягора цудоўныя знешнія дадзеныя! Ён вельмі рухавы, яркі, завадны, вясёлы, крыху "яршысты", з прывабнай усмешкай і выразнымі вачыма. Яму не трэба пераўвасабляцца, "прыкідвацца" кімсьці іншым. Таму мая задача - улічваючы характар хлопчыка і, зразумела, яго сцэнічны строй, нічога асабліва не змяняючы, "акультурыць", так бы мовіць, агульны воблік і наблізіць яго да вызначанага ідэалу.
"Групу падтрымкі" Ягора склалі навучэнкі Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа. I мы патэлефанавалі мастацкаму кіраўніку каледжа Аляксандру Калядэнку:
- Упрыгожыць выступленне Ягора Ваўчка "чыстымі класікамі" прапанаваў Васіль Раінчык. I захапіў усіх нас гэтай ідзяй, хаця спачатку яна здавалася крыху дзіўнай. Ці можна скласці ў агульнае цэлае балетную класіку і эстрадную песню? Ці можна аб'яднаць на сцэне маладзёжныя строі з балетнымі пачкамі? Але, здаецца, атрымалася няблага. Да пяці дзяўчат сярэдніх класаў нашага каледжа (зразумела, юныя балерыны не павінны быць старэйшымі за самога Ягора) мы далучылі аўтарку слоў песні Уладу. Дый харэографам-пастаноўшчыкам выступіла адна з нашых маленькіх танцоўшчыц Ксенія Аўсяннік. Рэпетыцыі ідуць штодзень, з раніцы і
ўвечары. Прычым не толькі непасрэдна ў нашым каледжы, але і ў Маладзёжным тэатры эстрады.
Што ж, засталося дачакацца канчатковага выніку. Рэпетыцыі ў Лілехамеры адбудуцца 18 - 19-га лістапада. На трэцяй, генеральнай рэпетыцыі пройдзе запіс выступленняў - на той выпадак, калі здарыцца непрадбачаная тэхнічная непаладка. Галасаванне будзе цэнтралізаваным. Прыняццем сігналаў зоймецца нямецкая фірма. Усе дадзеныя будуць накіроўвацца ў Германію, адкуль потым прыйдуць вынікі галасавання. Іх агучыць у прамым зфіры на англійскай мове дзяўчынка Дар'я Ляшчова. Дарэчы, на сёлетнім II дзіцячым "Еўрабачанні" выканаўцам будуць уручаны дыпломы, а не, як летась, сувеніры з лагатыпам конкурсу без аніякіх пасведчанняў аб удзеле.
Што ж да "сталага" конкурсу - "Еўрабачання 2005", дык ужо вядомыя выканаўцы, якія дапушчаны да ўдзелу ў першым туры. 3 найбольш знакамітых гэта Анжаліка Агурбаш (Ліка), Аляксавдра Гайдук, "Новы Іерусалім", Альберт Скараход і іншыя (усяго 31 удзельнік). Да 21 лістапада прафесійнае журы конкурсу праслухае песні, і шляхам тайнага галасавання вылучацца 15 лепшых. Падлік галасоў адбудзецца ў прамым эфіры праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" на Першым Нацыянальным тэлеканале. У другім туры вызначыцца той выканаўца, які і прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні 2005".

Святлана ЖУРАЎСКАЯ.