Не ў службу, а ў дружбу

04.08.2006
"Звязда", 4 августа 2006 г.


Ад запiсу "Дэмбельскага альбома-2" артысты не "касiлi"
Гэта, падобна, стала традыцыяй: штогод напярэдаднi Дня дэсантнiкаў тэлекампанiя "ВаенТБ" выпускае музычны зборнiк "Дэмбельскi альбом". I не толькi выпускае, але i наладжвае пры дапамозе Мiнiстэрства абароны спецыяльны вялiкi канцэрт-прэзентацыю.
Летась такi канцэрт з удзелам беларускiх выканаўцаў i самiх вайскоўцаў прайшоў у "дэсантнай сталiцы Беларусi" Вiцебску. Сёлета свята адбылося ў Брэсце - вайскоўцаў з 38-й асобнай гвардзейскай брыгады i яшчэ мноства гледачоў (пляцоўка пад адкрытым небам разлiчана на 8000 месцаў) парадавалi сваiмi выступленнямi Iна Афанасьева, Пётр Елфiмаў, Леся Кодуш i Слава Нагорны, гурты "СССР", "Ванiльнае неба", "Ляпiс Трубяцкой", маладзёжная студыя ГА "Anno Domini" i г. д. Дарэчы, тэлеверсiю падзеi мы зможам убачыць 5 i 6 жнiўня ў дзвюх частках на БТ. На наступны год, як мяркуецца, аналагiчны канцэрт пройдзе ў Мар’iнай Горцы, дзе базуецца знакамiтая 5-я брыгада спецназу.

Паўтарэнне пройдзенага i не толькi
Паўторымся, праект не новы, таму канцэпцыя яго засталася ранейшай: захаванне лепшых вайсковых традыцый (што такое "дэмбельскi альбом", кожны з адслужыўшых ведае на ўласным вопыце i захоўвае ўспамiны на ўсё жыццё); укараненне ў свядомасцi маладога пакалення новай фiласофii: служба ў армii - не толькi абавязак перад Радзiмай, але i вялiкi гонар.
- Памятаеце, у савецкiя часы быў лозунг "Народ i армiя адзiныя", што адразу ўбiвала клiн памiж народам i армiяй. У нас, у сучаснай беларускай армii, iншы падыход, - расказвае прадстаўнiк галоўнага ўпраўлення iдэалагiчнай работы Мiнабароны Генадзь Мазур. - Хiба ж самi ваеннаслужачыя, iх сябры, iх бацькi, якiя "суперажываюць" службу разам - не народ? Значыць, наш праект павiнен быць накiраваны не толькi на тых, хто непасрэдна зараз праходзiць службу, але i на тых, хто адслужыў, i хто толькi збiраецца, i на iх сем’i i сяброў... Вось чаму я спадзяюся, што цяперашнi "Дэмбельскi альбом" будзе мець працяг i рэзананс.
Дарэчы, паводле даных сацыялагiчных даследаванняў, якiя праводзiла Мiнiстэрства абароны, першы "ДМБ-альбом" карыстаецца папулярнасцю ў слухачоў ад 16 да... 60 гадоў. Чым не паказчык?
А яшчэ праект мае ўсе шанцы стаць мiжнародным. Як паведамiў прадзюсар "ВаенТБ" Аляксандр Мышалаў, яшчэ летась зацiкаўленасць у супрацоўнiцтве на гэтай творча-патрыятычнай глебе выказалi некалькi вядучых ваенных тэлеканалаў Расii. Беларусы адправiлi заяўку на правядзенне сумеснага праекта ў тэлерадыёкампанiю Саюзнай дзяржавы - i нават пачалi б рэалiзоўваць яго ў гэтым годзе, калi б не мноства "папяровых" затрымак. Але мара не толькi стварыць музычна-армейскi расiйска-беларускi праект, але i арганiзаваць адмысловы "дэмбельскi экспрэс" ад Брэста да Уладзiвастока (па дарозе яшчэ ўкраiнскiх артыстаў прыхапiўшы), налета цалкам можа стаць рэальнасцю.
Што змянiлася ў другiм па лiку "Дэмбельскiм альбоме" ў параўнаннi з першым праектам? Паводле слоў Аляксандра Мышалава, "першы зборнiк быў занадта ваенны, на чыста армейскую тэматыку, а зараз мы вырашылi пашырыць тэматычныя межы. Што можа аб’яднаць усю нацыю лепей, як песнi пра мiр i пра каханне"? "Пашырэнне" праекта, мiж iншым, мае i iншы сэнс - жывучы ў Беларусi, не ўсё ж нашай армii рускамоўныя страявыя спяваць: на "Дэмбельскi альбом-3" запланавана песня ад гурта "Крама", i, хочацца верыць, яна не стане адзiнай беларускамоўнай. Былi б жадаючыя выканаўцы - а за музычным прадзюсарам праекта Анатолем Марцiновiчам "не заржавее": "Я служыў у ПДВ, маю на рахунку 59 скачкоў, i для мяне армiя - гэта не толькi рамантыка, а неад’емная частка жыцця. Я дагэтуль памятаю iмёны ўсiх сваiх камандзiраў i нават нумар свайго аўтамата i пiсталета".

Не служыў, дык хоць спявай
Суадносiны ўдзельнiкаў засталiся прыкладна такiмi ж, як i раней: частка "прафесiйных ваенных" выканаўцаў, частка абсалютна неабходных для лiрыкi дзяўчат i частка проста зацiкаўленых артыстаў. Вось з гэтай трэцяй часткi, на жаль, мала хто можа пахвалiцца ўласным дэмбельскiм альбомам. З маладога пакалення артыстаў, вiдаць, толькi Андрэй Хлястоў чэсна адслужыў свой тэрмiн - у 51-й гвардзейскай брыгадзе. Нягледзячы на тое, што Андрэю падчас службы давялося спяваць за ўсю сваю роту i нават за штаб, армейскiя ўспамiны ён захаваў самыя цёплыя i ў родную брыгаду прапануе "з’ездзiць з канцэртам абавязкова!".
А вось своеасаблiвы рэкорд па колькасцi "адкасiўшых" па праву можа трымаць гурт "Тяни-Толкай" - з чатырох удзельнiкаў нiводны не служыў. Нягледзячы на гэта, калектыў падтрымлiвае падкрэслена мужны iмiдж i папаўняе рэпертуар песнямi ваеннай тэматыкi. Права актыўна эксплуатаваць пры такiм раскладзе "армейскую рамантыку" пакiнем на сумленнi выканаўцаў.
Якое дачыненне да армii мае Iна Афанасьева? За апошнi год, як расказала спявачка, яна атрымала ажно дзве павесткi. Праўда, прыйшлi яны на iмя Iнiнага сына, якому споўнiлася 16 гадоў. Так што ў хуткiм часе спявачка можа блiжэй пазнаёмiцца з Узброенымi Сiламi. Зрэшты, яна i без таго многа гастралюе па вайсковых часцях i вельмi любiць гэту па-асаблiваму ўдзячную публiку. "Аднойчы мы выступалi ў вайсковай часцi на Магiлёўшчыне, засталiся з калектывам на вячэру. Адзiн з хлопчыкаў-салдацiкаў так загледзеўся на дзяўчат з нашага балета, што ўвайшоў... у стол. I я зразумела, што трэба часцей бываць у армii з канцэртамi", - прыгадвае Iна.
Для спевака Славы Нагорнага ўдзел у "Дэмбельскiм альбоме" важны i значны, бо ягоны бацька служыў у дэсантных войсках. А паколькi былых дэсантнiкаў не бывае, тата з нецярпеннем чакае выхаду альбома i застаецца для Славы самым галоўным слухачом. "Падтрымаць усiх, хто служыць i абараняе нашу краiну - гэта вялiкi гонар для нас", - дадае "садуэтнiца" спевака Леся Кодуш.
"Мы з мiнiстрам абароны сышлiся на тым, што мы абодва пацыфiсты, толькi кожны па-свойму", - ахарактарызаваў сваю кампазiцыю лiдар гурта "НЕО" Вадзiм Касалапаў. Да слова, пацыфiзм паводле мiнiстра абароны - гэта меркаванне, што армiя iснуе не дзеля таго, каб ваяваць, а дзеля таго, каб не дапусцiць вайны. А пацыфiзм паводле Вадзiма Касалапава... слухайце ў альбоме. "Калi не служыў, трэба хоць бы далучыцца да выпуску такога альбома", - жартам патлумачыў на гэты i на свой уласны конт дырэктар музычнай кампанii "Aistmusic" Вiктар Рудзь.
Сярод "прафесiйных ваенных" у зборнiку добра знаёмыя вайскоўцам бард Фагот (Юрый Бельскi), салiстка Ансамбля песнi i танца УС Беларусi Палiна Данская, гурт былых воiнаў-"афганцаў" "СССР", тэлежурналiст Мiкалай Анiсiмаў. З найбольш нечаканых сюрпрызаў на альбоме - Пётр Елфiмаў, якi i тут спявае пра каханне, i жвавая песенька гомельскай "Студыi 7", якую нехта дадумаўся назваць "Калыханкай" (гэта адсюль словы "Спiце, хлопцы, на канапе, толькi б не было вайны"!). Яшчэ здзiўленне: стваральнiкi хоць i абвясцiлi курс на сучаснага байца, якi захоўвае фотаздымкi не ў альбоме, а ў лiчбавым варыянце на камп’ютары, на дыск, тым не менш, акрамя песень, нi фотаздымкаў, нi клiпаў не змясцiлi.

Музычны фронт пашыраецца
Насельнiцтва ў Беларусi ўсяго 10 мiльёнаў чалавек, так што да бясконцасцi выпускаць "ДМБ-альбомы" бессэнсоўна. У падтрымку цяперашняга зборнiка прадзюсары плануюць выпусцiць некалькi клiпаў - хутчэй за ўсё, на песнi рок-гуртоў "НЕО" ("Сентыментальны") i "Лялькi" ("Танкi"). А пасля трэцяга "Дэмбельскага альбома" - ягоны выхад таксама будзе прымеркаваны да Дня дэсантнiкаў - праект трансфармуецца ў маштабны фестываль ваенна-патрыятычнай песнi. Толькi, у адрозненне ад многiх аналагiчных мерапрыемстваў, гэтае будзе праходзiць на высокiм прафесiйным узроўнi. Фестывальны праект, вiдаць, працягнецца не адзiн год - усё ж цяжкая гэта справа - перабудаваць свядомасць грамадства, каб маладыя людзi - i артысты таксама! - iшлi служыць ахвотна i з задавальненнем...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.