Не насуперак, а дзякуючы

31.01.2004
"Культура", 31 студзеня 2004 года.


Пра тое, што такое шоу на тэлевізіі (і ў беларускай рэчаіснасці наогул), распавядае генеральны прадзюсер Першага нацыянальнага тэлеканала Уладзімір МАКСІМКАЎ.

ТV = шоу?
На мой погляд, тэндэнцыі развіцця сучасныхі СМІ і сучаснай інфармацыйнай прасторы наогул такія: тэлевізар перастае быць крыніцай простага глядзення. Згадаем: калі з'явілася тэлебачанне, то цікава было проста глядзець нешта па тэлевізіі, у тым ліку, напрыклад, балет або драматычны спектакль. Цяпер - не. Тэлевізар чым далей, тым больш робіцца прадметам побыту, прычым фонавым. Халадзільнік, печка ЗВЧ і тэлевізар. 3 тэлеэкрана падаюцца ненавязлівыя рэчы, якія лёгка ўспрымае і разумее масавы глядач. Як толькі на экране ўзнікае праграма ці прадукт, якія вымагаюць напружыцца, масавы глядач пераключае канал. Мыльны серыял глядзіць шмат народу, а праграмы Гардона - жменька людзей. Не таму, што перадача горшая. Проста, стаўленне да тэлевізара цяпер іншае.
3 экрана зыходзяць такія аб'ёмы, столькі бітаў інфармацыі за адзінку часу, што дзеля таго, каб зачапіць чалавека за жывое, даводзіцца выдумляць усё больш вытанчаныя спосабы. Паглядзіце, як працуе СNN. Яны робяць шоу з навін. А раней было дастаткова таго, каб дыктар сказаў: вось там здарылася тое - і ўсе хапаліся за галовы. Цяпер сказанае нікога не ўсхвалюе. Патрэбны рэпартаж з месца падзеі, ды яшчэ з верталёта, ды камера, якая ляціць на парашуце, ды здымкі з космасу, ды нешта яшчэ - і ўсё гэта зманціраванае пэўным чынам. I тады яно ўздзейнічае.

Мастацтва ў масы?
Тэлебачанне - масавая культура. Але не варта ўкладаць у гэтае паняцце негатыўны сэнс. Шоу разлічана на масавае спажыванне, і бізнес зацікаўлены ў масавым спажыванні. Іншае пытанне, што ў заходніх краінах існуюць адгалінаванні. Напрыклад, у нас не вельмі папулярны джаз. А ў еўрапейскіх краінах гэта музыка добра прадаецца, "на яе" ходзіць шмат людзей.
Ёсць альтэрнатыўныя накірункі музыкі. Іх "спажывае" невялікая колькасць насельніцтва. Аднак яго дастатак дазваляе плаціць больш. Таму альтэрнатыўнае мастацтва таксама не гаруе. Але для нас гэта, напэўна, наступны крок. Бо калі ў гэтым бізнесе наогул з'явяцца грошы, - тады з'явяцца людзі, якія захочуць іншага. Будзе развівацца і высокае мастацтва, і альтэрнатыўнае.

Працуюць прафесіяналы
Пакуль што прафесійнага досведу няма. Ёсць толькі асобныя дробныя спробы прарыву, асобныя людзі, якія толькі пачалі гэтым займацца, набываюць досвед, і ў іх ужо нешта атрымліваецца. На канвеер у краіне выраб шоу-прадукцыі яшчэ не пастаўлены. Я магу меркаваць з пункта гледжання Першага нацыянальнага тэлеканала, галоўнага дзяржаўнага тэлеканала краіны, галоўнай мас-медыя. Першы канал крочыць у накірунку да развіцця беларускага шоу-бізнесу. Мы спадзяёмся атрымаць аб'ектыўную на сёння карціну зацікаўленасцей аўдыторыі, і адпаведна будзем выхоўваць і ўзрошчваць уласных зорак. Мы дапаможам адкрыць іх для гледача і слухача.
У рэшце рэшт, бізнес прадугледжвае, што трэба вырабіць прадукт такі добры, каб яго куплялі. I ў гэтым сэнсе, як тое ні сумна, мастацтва не вельмі адрозніваецца ад вытворчасці, скажам так, веласіпеда. Менавіта паводле эканамічных законаў. Спачатку трэба паспрабаваць здагадацца, чаго хоча аўдыторыя. Потым трэба прыдумаць такі прадукт, які гэтая аудыторыя ўспрыме, пасля яго трэба прарэкламаваць, што называецца - "прасунуць". Пасля яго ці купяць, ці не купяць. Гэта ланцужок, характэрны для вытворчасці любога прадукту. Калі мы кажам пра шоу-бізнес (пра вытворчасць песні, музыкі, кіно, відэакліпа), гэты ланцужок гэтаксама павінен працаваць. Вынік, хутчэй за ўсё, будзе станоўчы.

Крочым у Еўропу
Мяркую, для беларускага шоу-бізнесу важна тое, як мы зараз пройдзем "Еўрабачанне", прычым незалежна ад выніку. Вельмі важна скарыстацца з магчымасці за тры з паловай месяцы прайсці пяцігадовы "курс навучання". Трэба ставіць сябе ў экстрэмальныя ўмовы і праз вялікую працу і вялікае напружанне сіл праходзіць этапы хутчэй.
Падрыхтоўка выканаўцаў на "Еўрабачанне" стане пачатковай школай шоу-бізнесу. Адразу пасля "Еўрабачання" - "Скрыжаванні Еўропы". Год пойдзе на тое, каб вывесці фестываль на ўзровень прэстыжнага і патрэбнага артыстам. Апошнія "Скрыжаванні Еўропы", якія мы запісвалі ў новым фармаце, дазволілі выканаўцам ўжо зараз зразумець сваю карысць ад удзелу. Зноў-такі, узнікне канкурэнцыя. Энергічны, рухавы, гнуткі і, натуральна, таленавіты будзе запатрабаваны, і ў выніку атрымае попыт і на артыста, і на прадукт сваёй творчасці.
Спадзяюся, ужо ўлетку з'явіцца першая абойма выканаўцаў - пяць-шэсць імёнаў. 3 імі будзем працаваць на перспектыву. Яны ўжо зараз патэнцыйныя зоркі, але, я думаю, праз пару гадоў мы разам будзем казаць: з нас пачынаўся беларускі шоу-бізнес. Можа, крыху смела, бо ёсць жа людзі, якія і зараз гэта робяць - праз уласную ўпартасць, настойлівасць. Як кажуць, не дзякуючы, а насуперак.
Спадзяюся, у нас усё будзе не насуперак, а дзякуючы. Рыхтуемся заключыць кантракты, і, трэба сказаць, артысты з ахвотаю адгукаюцца, бо ўсім хочацца нармальнай цывілізаванай працы са зразумелымі правіламі гульні.

У прадчуванні
Нешта мне падказвае, што цяпер якраз той момант, калі рух, і, відаць, рух незваротны, ужо пачынаецца. I, можа, гады праз тры мы гэтаксама будзем размаўляць, але зусім у іншых танальнасцях. I будзем казаць: якое там "Еўрабачанне", на Беларусі ідзе фестываль, куды ірвецца ўвесь свет.
У нейкі момант краіна скажа: гэта наша. Тое не будзе ура-патрыятызмам, псеўда-патрыятызмам, звязаным з веданнем пятнаццаці беларускіх слоў. Усё гэта - купляць беларускае, размаўляць па-беларуску павінна ісці з сярэдзіны, знутры. У чалавека ўзнікне ў тым патрэба, яго не трэба будзе прымушаць, яму не трэба будзе тлумачыць і даказваць, што гэта добра. Шоу-бізнес мае таксама быць нацыянальным, беларускім.

Дзяніс ГОЛІН.