Не галавой адзінай

21.11.2014
"Звязда", 21 лістапада 2014 г.

 
Пакуль адны карпеюць над падрыхтоўкай да інтэлектуальных спаборніцтваў, іншыя размінаюць мышцы да спартыўных. 23 лістапада з нагоды першага дня нараджэння нацыянальнага спартыўнага тэлеканала "Беларусь 5" і Прэзідэнцкі спартыўны клуб ладзяць футбольны турнір "Кубак Пятага канала".
Удзел у спаборніцтвах бяруць чатыры каманды: зборная спартыўных журналістаў, каманда вядомых футбалістаў - ветэранаў мінскага "Дынама" ("Дынама?82"), зборная "зорак" іншых відаў спорту на чале з кідальнікам молата, заслужаным майстрам спорту Вадзімам Дзевятоўскім, і каманда ўласна тэлеканала "Беларусь 5". Каментаваць падзеі на спартыўнай пляцоўцы будзе "голас беларускага футбола" Павел Баранаў, а галоўным прызам турніру стане спецыяльны пераходны кубак "Беларусь 5".
Мерапрыемства пачнецца ў сталічным Футбольным манежы а 11 гадзіне раніцы. Гасцям спаборніцтваў (а ўваход, дарэчы, вольны) абяцаюць не толькі яркае спартыўнае відовішча, але таксама аўтограф-сесію з вядомымымі спартсменамі і шоу-праграму з удзелам папулярных эстрадных выканаўцаў. Акрамя таго, у турніры прагучыць і дабрачынная нотка: падчас спаборніцтваў кожны ахвотны зможа далучыцца да акцыі па зборы спартыўнага рыштунку для дзіцячага дома № 5 г. Мінска.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.