Не фінал, але не канец

24.05.2008
"Звязда", 24 мая 2008 г.


Барацьба за перамогу ў еўрапейскiм песенным конкурсе працягнецца без беларусаў
Увечары 22 мая мноства беларусаў не адводзiлi вачэй ад экранаў тэлевiзараў, дзе вырашалася галоўнае для нас пытанне - цi праходзiць прадстаўнiк Беларусi Руслан Аляхно ў фiнал "Еўрабачання". Гэтае ж пытанне абмяркоўвалi ў тэлевiзiйнай студыi члены рэзервовага нацыянальнага журы, беларускiя артысты i журналiсты. На жаль, па вынiках выступлення i галасавання за 19 удзельнiкаў другога паўфiналу адказ мы атрымалi адмоўны. Вобразна кажучы, Беларусi сказалi "Hasta la Vista" - да наступнага года.
З гэтай нагоды пасля заканчэння трансляцыi з Бялграда яшчэ гадзiну iшло ток-шоў "Ход у адказ". У iм старэйшае пакаленне, ад народнага артыста Беларусi Анатоля Ярмоленкi да дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзiмiра Пракапцова, хвалiла выступленне беларускага канкурсанта, маладыя артысты знаходзiлi месца для крытыкi, а музычныя прадзюсары збольшага тактоўна заўважалi, што конкурс - рэч непрадказальная... Да аднадушша, здаецца, так i не прыйшлi, акрамя высновы, што Беларусь яшчэ толькi вучыцца (сёлета - пятая спроба), i ўсё да нас прыйдзе з вопытам. Дый сам Руслан ва ўключэннi з Бялграда цалкам справядлiва заўважыў, што наперадзе яшчэ ўсё жыццё, i ў тым лiку мноства конкурсаў. "Мне не сорамна за сваю краiну i за сваё выступленне. Мы ўсёй камандай змагалiся за тое, каб выступiць годна", - адзначыў Руслан. I, мiж iншым, iншыя ўдзельнiкi "Еўрабачання" (праўда, дзiцячага - Ксюша Сiтнiк i Андрэй Кунец) яго меркаванне падтрымалi.
Што да свежанькай дзесяткi фiналiстаў, то ў яе склад увайшлi Украiна, Харватыя, Албанiя, Iсландыя, Грузiя, Данiя, Швецыя, Латвiя, Турцыя i Партугалiя. Пры тым, заўважым, адначасова ў фiнал прарвалiся самы юны ўдзельнiк конкурсу - 16-гадовая албанка Олта Бока, i самы старэйшы - 75-гадовы дзядуля-"рэпер" з Харватыi (на фота). Акрамя таго, апраўдала сябе практыка адпраўляць на конкурс колiшнiх яго пераможцаў - шведка Шарлота Перэлi ўжо была трыумфатарам у 1999 годзе, але адной перамогi, вiдаць, ёй падалося мала, i чарговае дыска 80-х у чарговы раз прагучыць у фiнале. Ну i, канешне, святкаваў чарговае дасягненне Фiлiп Кiркораў, бо менавiта з ягонай песняй Украiна без сумневаў прайшла ў фiнал. "Гэта проста мiстыка, - падзялiўся ў рэпартажы з Бялграда Кiркораў, - летась Калдун выступаў чацвёртым, а сёлета Анi Лорак, летась Беларусь выцягнулi першай з фiналiстаў, цяпер - Украiну...". Працягваючы гэтыя асацыяцыi, варта было б меркаваць, што Анi ў фiнале, як i Дзiма, зойме 6-е месца - але, вiдаць, нiхто не хацеў псаваць прадзюсару настрой. (Тым больш, ён паабяцаў, што будзе побач i, маўляў, калi Беларусь яшчэ раз пажадае прарвацца ў фiнал - толькi пазванiце, песню напiшу яшчэ лепшую!)
Адразу пасля паўфiналу адбылася жараб'ёўка, на якой размеркавалiся нумары, пад якiмi канкурсанты выступяць у фiнале. Так, украiнка Анi Лорак выйдзе на сцэну 18-й, Дзiяна Гурцкая з Грузii - 17, латышскае трыо "Марскiя ваўкi" - 14. Такiм чынам, улiчваючы выхадцаў з першага паўфiналу Дзiму Бiлана (у фiнале - нумар 24), армянку Сiрушо (5) i азербайджанскi дуэт Эльнур ды Самiр (20), нам ёсць за каго з 25 фiналiстаў хварэць i каму аддаваць найвышэйшыя балы. Паводле прагнозаў букмекераў, найбольш яўнымi лiдарамi i прэтэндэнтамi на перамогу стануць прадстаўнiкi Расii, Сербii, Украiны, Арменii i Швецыi. Што ж - сёння ўвечары i паглядзiм, каму з iх дастануцца галасы Еўропы i галоўны прыз - статуэтка ў выглядзе шклянога мiкрафона тонкай работы. Праўда, чакаць давядзецца доўга - у фiнале галасуюць усе 43 краiны-удзельнiцы, але тым больш закручанай можа атрымацца iнтрыга.
I яшчэ адна немалаважная акалiчнасць: пасля фiналу будуць абнародаваныя вынiкi галасавання ў абодвух паўфiналах, i мы нарэшце даведаемся, на якiм месцы аказаўся наш Руслан Аляхно i наколькi ўпэўнена пачувалiся iншыя. Толькi тады, на мой погляд, i варта праводзiць аналiз сiтуацыi i рабiць грунтоўныя высновы, каго ж нам паслаць на "Еўрабачанне", каб "Еўрабачанне" не паслала нас...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.