Не бойцеся памыліцца

30.07.2014
"Звязда", 30 ліпеня 2014 г.

 
Віктарына "Размаўляем па-беларуску" - для людзей, якія мову вывучалі, але не карыстаюцца ёю ў жыцці.
Тэлеканал "Беларусь 3" у верасні запускае новы праект. У віктарыне "Размаўляем па-беларуску" можа прыняць удзел літаральна кожны, хто мае пачатковыя веды па беларускай мове, цікавіцца ёй, хоча выкарыстоўваць у штодзённых стасунках. Да эфіру праграму рыхтуюць журналісты тэлерадыёкампаніі "Гомель", якія маюць досвед у гэтай справе. У іншым фармаце, але з той жа назвай і мэтамі, тэлепраект ужо быў знаёмы гледачам. І цяпер - новы паварот і кірунак, пра які расказвае рэдактар тэлерадыёкампаніі "Гомель" Алена Трацэнка:
- Удакладню: для таго, каб трапіць на праграму ў якасці ўдзельніка, трэба зайсці на наш сайт http://tvrgomel.by або сайт канала "Беларусь 3" http://3belarus.by і праз банер "Размаўляем па-беларуску" запоўніць заяўку на ўдзел каманды, а таксама прайсці адборачны тур - адказаць на сем пытанняў. Зараз каманды толькі фарміруюцца, і таму мы запрашаем усіх. Шмат людзей ужо выказалі зацікаўленасць.
Доля беларускай мовы ў тэлепраграмах краіны - каля 5% ад агульнага вяшчання ў гадзіну. Даць магчымасць беларусам часцей чуць родную мову, а таксама з дапамогай тэлеперадач атрымліваць лінгвістычныя веды - мэта новага адукацыйнага тэлепраекта.
- Мы шмат чаго не ведаем,- адзначае Алена Трацэнка.- Мне часта гавораць: "хачу размаўляць па-беларуску, але няма з кім, а яшчэ баюся памыліцца". Дык у нашай студыі не сорамна будзе размаўляць і памыляцца. Дзесьці ж трэба пачынаць! Адзнакі ставіць не будзем - будзем толькі налічваць колькасць балаў (як падчас любой гульні). Гэтая тэлевіктарына - для людзей, якія мову вывучалі ў школе, але па розных прычынах не карыстаюцца ёю ў жыцці. Гульцы - не знаўцы беларускай мовы. Няхай яны пакуль ведаюць абмежаваную колькасць слоў, але ж хочуць узбагаціць слоўнікавы запас і зацікавіць астатніх!
Паўгадзіны - на працягу такога часу каманды гульцоў будуць спаборнічаць у веданні беларускай мовы. Пяць конкурсаў рознай ступені цяжкасці дадуць магчымасць прыгадаць тое, што ёсць у глыбіні падсвядомасці кожнага беларуса. Трэба будзе перакласці слова, словазлучэнне і сказ. Згадаць сэнс рэдкаўжывальнага беларускага слова - для гэтага ў якасці падказак будуць дадзены 3 варыянты адказаў, адзін з якіх правільны. Самае складанае, як заўсёды,- напрыканцы. Патлумачыць сэнс фразеалагізмаў, прывесці прыклад іх ужывання і назваць беларускі ці рускі выраз-сінонім. Для тых, хто мае досвед у літаратуры - цытата з вядомага беларускага твора (паэмы, верша або песні), якую трэба працягнуць. А калі гульцы назавуць аўтара і назву - атрымаюць дадатковыя балы.
Алена Трацэнка ў якасці вядучай праграмы залічыць або не залічыць адказы, а паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святаслаў Крупенька выступіць у якасці эксперта праграмы. Ён будзе не толькі назіраць за ходам гульні, але і вырашыць спрэчныя пытанні, сканцэнтруе ўвагу ўдзельнікаў на цікавых асаблівасцях ужывання беларускіх слоў.
- Пакуль мы будзем гуляць "на інтарэс", але спадзяёмся, што ў нас з'явяцца партнёры, якія падтрымаюць "эмоцыі спаборніцтва" з дапамогай прызоў,- адзначае Алена Трацэнка.- Вельмі хацелася б, каб гэта была беларускамоўная літаратура даведачнага зместу ці літаратурныя творы беларускіх аўтараў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

P.S. "Звязда" абавязкова далучыцца да гэтай цікавай ініцыятывы. Якім чынам? Чытайце газету, глядзіце тэлевізар - даведаецеся!