Не выбыць з гонкi. I стаць лаўрэатам

05.12.2015

"Сельская газета"

Карэспандэнт "СГ" пабачыла, што адбывалася за кулісамі конкурса "Маладыя таленты Беларусi"

Зорны старт для юнага музыканта - удзел у сур’ёзным конкурсе, які дазваляе заявіць аб сабе. Калі пашанцуе, то і гучна. V Рэспубліканскі конкурс "Маладыя таленты Беларусi", які праводзіў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, падыходзіць для гэтага як мага лепш. Ужо ў аўторак будуць узнагароджаны яго пераможцы. На якія хітрасці ішлі выканаўцы, каб уразіць журы, колькі кіламетраў прыйшлося пераадолець некаторым спевакам у пошуках славы і якія інтрыгі пляліся на дзіцячым конкурсе? Карэспандэнт "СГ" пабачыла на свае вочы, што адбывалася за кулісамі творчага спаборніцтва.

На трэці, фінальны, этап адбору наўмысна я прыйшла раней - каб паглядзець на ўдзельнікаў не толькі са сцэны, але і па-за ёй. Уваходжу ў пакой, дзе чакаюць сваёй чаргі новыя таленты, знаёмлюся з самай маленькай прадстаўніцай намінацыі "Спадчына", дзесяцігадовай Палінай Хурсан з Салігорска. Яна вучыцца ў школе з музычна-харавым ухілам, спявае з першага класа, на яе рахунку ўжо з дзясятак перамог. Нягледзячы на такі багаты творчы багаж, відаць, перад чарговым выступленнем дзяўчынка хвалюецца: некалькі разоў пытаецца ў сваёй настаўніцы Іны Кажадуб, як лепш прадставіцца, як трымацца на сцэне. Нядзіўна, калі ўлічыць, што спявачка яшчэ дзіцё.

- З кім са знакамітых спевакоў хацела б выступіць дуэтам? - пытаюся ў Паліны.

- З усімі, - з дзіцячай непасрэднасцю адказвае тая. - Мне ўсе спевакі падабаюцца. Аднак я выступаю з народнымі песнямі, а зараз больш папулярна эстраднае выкананне. Таму пару падабраць будзе складана. Хаця, думаю, Надзея Бабкіна мне падышла б.

Дзіўлюся густам маладога пакалення. Каго-каго, а Бабкіну ў спісе куміраў юных выканаўцаў прадставіць складана. А вось знешні выгляд наступнай канкурсанткі Паліны Бурло падказвае, што падабаецца ёй замежная спявачка Шакіра - такія ж прыгожыя доўгія завітыя валасы. Але не, дзяўчыне бліжэй народная музыка: "Мая любімая песня "Канапелькі". Яна атрымоўвае асаблівае гучанне ў сучаснай апрацоўцы. Калі выконваеш такі твор, нават не верыцца, што цудоўны тэкст і напеўную мелодыю мог прыдумаць не паэт, а звычайны селянін, - кажа Паліна з веданнем справы. - Менавіта таму эстрадны вакал у мяне на другім месцы". Паліна на такіх конкурсах - удзельнік бывалы. Прыходзілася ёй выступаць нават на дзіцячым "Славянскім базары" ў Віцебску. У кожнага з сёлетніх спевакоў багатая творчая біяграфія. Напрыклад, Паліна Муравіцкая і Патрыцыя Свіціна з Мінска штурмуюць сцэну радыйнага конкурсу ўжо другі раз. У прошлым годзе выступалі дуэтам. І, дарэчы, вельмі ўдала - сталі лаўрэатамі. Сёлета дзяўчынкі вырашылі паспрабаваць свае сілы паасобку.

Разам са спевакамі ў народным жанры сёння выступаюць і музыканты-інструменталісты. Гэта група канкурсантаў адрозніваецца ад салістаў - у дзелавых касцюмах, з гальштукамі ды з мудрагелістымі інструментамі. Дзесяцігадовы Матвей Міткавец з Мінска, напрыклад, пакараць журы вырашыў віртуознай ігрой на кларнеце. Маленькі кларнетыст ужо аб’ездзіў шмат краін, выступаў у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Каўнасе.

Не сакрэт, што такі конкурс - добры шанс гучна заявіць аб сабе. Таму прыклад - усім вядомыя спевакі Юрый Дземідовіч, Кірыл Ермакоў, Алена Ланская, Лідзія Заблоцкая, якія ў розныя гады станавіліся лаўрэатамі і пераможцамі "Маладых талентаў". Да таго ж прэстыжны агляд дае магчымасць паказаць сябе не толькі эстрадным спевакам, але і фальклорным выканаўцам і музыкантам-інструменталістам. Для чаго і існуюць намінацыі "Спадчына" і "Інструментальная музыка". Аднак па-ранейшаму найбольш папулярны эстрадны вакал, акцэнтуе ўвагу загадчык аддзела музычных праграм галоўнай дырэкцыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё і аўтар праекта Таццяна Якушава:

- Сёлета мы атрымалі рэкордную колькасць заявак - 310. У другі тур прайшлі 153 выканаўцы, у трэцім журы праслухала 90 фіналістаў. Па выніках гэтага тура будуць вызначаны лаўрэаты і ўладальнікі спецыяльных дыпломаў.

Для творчага спаборніцтва Першы нацыянальны канал Беларускага радыё падрыхтаваў пляцоўку ў знакамітай Вялікай зале. Тут часта запісваюцца народныя калектывы і ансамблі, вядомыя спевакі. Паспрабаваць свае сілы менавіта тут - вялікая павага, кажуць хлопцы і дзяўчаты сталічнага ансамбля "Валошкі" Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў. Сёння свае сілы спрабуюць толькі вакалісты. Яны, дарэчы, рознага ўзросту: у "Валошках" ёсць даволі дарослыя 15-гадовыя спявачкі і зусім маленькія 6-гадовыя спевакі. Як ужываюцца ў адным калектыве такія розныя выканаўцы? "Нас аб’ядноўвае любоў да музыкі, - зусім па-даросламу адказваюць дзеці. І разам смяюцца. - Таму і церпім адзін аднаго".

Арганізатары конкурсу ўлічылі, што ўдзельнікі будуць выступаць у розных жанрах, іграць на шматлікіх музычных інструментах, таму падабралі добрых экспертаў. У складзе суддзяў кампанію такім прызнаным мэтрам эстрады, як народныя артысты Эдуард Ханок і Эдуард Зарыцкі (старшыня журы), склалі вядомая оперная спявачка Анастасія Масквіна і выканаўца народнай песні Валянціна Альшанская, а таксама выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Марына Ільіна. Заўважаю за сталом і дырэктара дырэкцыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антона Васюкевіча разам з генеральным прадзюсарам Белтэлерадыёкампаніі Кірылам Казаковым. Яны не ўваходзяць у журы, аднак вырашылі пазнаёміцца з канкурсантамі гэтага года.

- Дзецям, якія стануць лаўрэатамі конкурсу, мы дапамагаем - іх галасы гучаць у эфіры нашага радыё, іх запрашаем у якасці герояў на запіс розных перадач. "Адкрытая пляцоўка", "Маладыя таленты" - далёка не ўвесь спіс праграм, дзе выканаўцы могуць расказаць пра сябе, - у перапынку дзеліцца Антон Васюкевіч.

Пакуль размаўляем, на сцэну выходзяць першыя канкурсанты. "Мы - ансамбль "Вясёлка" з Ельска", - прадстаўляецца калектыў. І тут пачынаецца сапраўднае шоу: хлопцы расказваюць анекдоты, дзяўчаты весела сакочуць і прытанцоўваюць, а потым зацягваюць вясёлую песню. Бачна, што журы прыемна здзіўлена такім незвычайным нумарам. Таццяна Якушава шэпча суддзям: "Дзеці прыехалі з самога Ельска".

Як толькі гурт скончыў выступленне, спяшаюся распытаць, хто прыдумаў такі цікавы нумар. Аказваецца, у гэтым заслуга кіраўнікоў калектыву - маладых спецыялістаў Юліі Дударавай і Кацярыны Васільчук. Дзяўчаты ўпэўнены, што ў кожнага са спевакоў свой непаўторны вобраз і стыль, а разам яны дапаўняюць адзін аднаго. І вось што цікава - некаторым з іх, каб займацца ў гуртку, кожны раз трэба праходзіць некалькі кіламетраў. Так, Вольга Касцючэнка ходзіць на спевы з вёскі Данілаўка, што ў чатырох кіламетрах ад самога райцэнтра. "А прыехалі мы амаль за тры сотні кіламетраў, каб паказаць сваіх зорачак", - дадае Кацярына Васільчук.

Калі зацягвае першыя ноты 14-гадовая Паліна Бурло, тут жа становіцца зразумела: выступленне канкурсанткі будзе феерычным. Чаргаванне эстраднага вакалу з народным, змена тэмбру голасу... Такое пад сілу сапраўдным майстрам.

А вось Вера Саламонік, 12-гадовая спявачка, калі ўбачыла шматлікае журы, трохі разгубілася - нават забыла прадставіцца. Аднак падчас выступлення прафесіяналізм узяў верх - сваю партыю выканала бездакорна. Справілася з задачай і Патрыцыя Свіціна. Дзяўчына паспела выступіць спачатку з "Валошкамі", а потым выканаць і сольную партыю.

Ніякіх міфічных закулісных дамоўленасцей тут няма. Лёсы выканаўцаў вырашаюцца звычайным галасаваннем: "за" ці "супраць". Перамагае той, за каго аддалі больш галасоў. Народны артыст Эдуард Ханок, з якім пагутарыла ў час кароткай перадышкі, заўважыў:

- Усё вельмі проста - мы разам збіраемся, усё абмяркоўваем, кожны выказвае свой пункт погляду, і тады, як кажуць, выводзім сярэдняе арыфметычнае. Так адбываецца на ўсіх іншых конкурсах. Я, як і ўсе астатнія, залежу ад калектыву.

Аднак без інтрыг нікуды. Самыя незадаволеныя вынікамі судзейскага галасавання, як правіла, бацькі вакалістаў. Таццяна Якушава прызнаецца, што пасля адборачных тураў у яе абрываецца тэлефон: "Чаму нас не прапусцілі ў фінал?" - самае папулярнае пытанне. "Аднак усё празрыста - мы абмяркоўваем кожную кандыдатуру, і падчас абмеркавання разгараюцца сапраўдныя спрэчкі".

Згодзен з аўтарам праекта і старшыня журы Эдуард Зарыцкі:

- Гэта конкурс. Заўсёды нехта выбывае з гонкі. Але ёсць нейкія тэндэнцыі, на якія мы абавязкова звяртаем увагу. У кожнага выканаўцы павінен быць прафесіяналізм, хоць ён і маленькі. На жаль, трэба зноў вызначаць лепшых і слабейшых. Я шмат гадоў удзельнічаю ў розных адборах, таму трохі арыентуюся ў гэтым. Адразу бачу, што можа атрымацца з выканаўцы.

Пасля спрэчак, калі на вуліцы ўжо сцямнела, члены журы выносяць свой вердыкт. У спісе пераможцаў 27 таленавітых і артыстычных спевакоў. Гран-пры конкурса ў намінацыі "Эстрадны вакал" прысуджаны Хелене Мерааі, якая прадстаўляла малодшую ўзроставую групу салістаў. У намінацыі "Інструментальная музыка" Гран-пры атрымала Марыя Цхаўрэбава.