Не наш час

21.05.2015 "Рэспубліка"

Прадстаўнікі нашай краіны на "Еўрабачанні-2015" Юзары і Маймуна не ўвайшлі ў дзясятку фіналістаў па выніках выступлення ў першым паўфінале песеннага шоу.

Здавалася б, нядрэнная кампазіцыя Time пра час як галоўную каштоўнасць. Прыгожая пара. Віртуозная скрыпка і выдатны вакал. Букмекеры высока ацэньвалі шанцы дуэта Uzari & Maimuna на выхад у фінал конкурсу. Але, на жаль, не здарылася. Не наш час у гэты раз.

Можа, не хапіла так званай фішкі ў пастаноўцы нумара, нечага, што зачапіла б вока тэлегледача і звярнула больш яго ўвагі на выканаўцаў і песню? Можа, гэтага мала - толькі выяваў сэрцаў, маланак і аблокаў фонам на сцэне? Разважаць на гэты конт можна бясконца, але адзіны сакрэт поспеху на "Еўрабачанні", здаецца, не спасціг яшчэ ніхто.

Цікава, канечне, хто, як і за каго галасаваў у першым паўфінале. Але інфармацыя пра гэта з'явіцца толькі пасля завяршэння ўсяго шоу.

Разам з нашымі канкурсантамі зараз ужо толькі гледачамі "Еўрабачання-2015" засталіся прадстаўнікі Македоніі, Малдовы, Даніі, Галандыі. Дзіўна, што не прайшла ў наступны круг фінская група - чацвёра разумова і фізічна непаўнавартасных артыстаў, якім букмекеры прадказвалі ажно 6-е месца ў фінале. Бо публіка "Еўрабачання" любіць усялякія незвычайнасці. Хаця пасля барадатай Канчыты сіндром Даўна - гэта нават не дыягназ.

У дзясятку шчасліўчыкаў з першага паўфіналу ўвайшлі выканаўцы з Албаніі, Арменіі, Расіі, Румыніі, Венгрыі, Грэцыі, Эстоніі, Грузіі, Сербіі, Бельгіі. Сёння вечарам у Вене адбу-дзецца другі адборачны тур. За права ўвайсці ў склад яшчэ адной дзясяткі фіналістаў будуць змагацца 17 канкурсантаў з Чэхіі, Ірландыі, Літвы, Мальты, Чарнагорыі, Нарвегіі, Партугаліі, Сан-Марына, Азербайджана, Кіпра, Ісландыі, Ізраіля, Латвіі, Польшчы, Славеніі, Швецыі, Швейцарыі. Галасаваць у гэты раз тэлегледачы нашай краіны не будуць. Такая магчымасць з'явіцца толькі ў ходзе трансляцыі фінальнага шоу 23 мая.

У тэму

Сёлета ў "Еўрабачанні" наша краіна ўдзельнічала ў дванаццаты раз. За гэты час у фінал песеннага шоу нашы артысты выходзілі чатыры разы. Дзмітрый Калдун у 2007-м стаў шостым з песняй Work your magic. Пакуль што гэта самы высокі наш вынік. На "Еўрабачанні-2010" гурт "3 + 2" з трэкам Butterflies стаў 24-м. У 2013 годзе 16-ы радок з кампазіцыяй Solayoh заняла Алёна Ланская. Гэтае ж месца ў фінале леташняга конкурсу заняў і Тэа з песняй Cheesecake.

Ірына СВІРКО.