Індывідуальнасць заваюе Еўропу

01.12.2003
"Культура", 29 лістапада - 5 снежня 2003 г.


На прэс-канферэнцыі па выніках удзелу Беларусі ў дзіцячым "Еўрабачанні", зладжанай прэс-службай Белтэлерадыёкампаніі, хтосьці з журналістаў спытаў у Волі Сацюк, ці адчувае яна сябе зоркай.
- Так, - сціпла і безапеляцыйна адказала дзяўчо.
I хто б з гэтым спрачаўся...
Генеральны прадзюсер Першага нацыянальнага Уладзімір Максімкаў, мусіць, меў рацыю, калі параўнаў поспех Волі з колішняй нечаканай перамогай айчынных хакеістаў над камандай шведаў. Дадзенае параўнанне дарэчнае не толькі з-за аднолькавай вагі такіх дзвюх разнародных на першы погляд падзей, як міжнародны музычны конкурс і спартыўны чэмпіянат. Рэч яшчэ і ў тым, што "Еўрабачанне" - гэта таксама "камандны від спорту". I ролю "трэнера" тут цяжка пераацаніць.
У нашым выпадку гэтую пачэсную і надзвычай адказную функцыю мае выканаўчы прадзюсер Першага нацыянальнага тэлеканала Людміла БАРАДЗІНА. Для разумення кантэксту нашай гутаркі варта нагадаць, што адбывалася яна ў прамежку паміж двума "Еўрабачаннямі" - сёлетнім дзіцячым і будучым дарослым.

- За Волечку "хварэлі", мусіць, усе беларусы, аднак, думаецца, найбольш моцныя ўражанні падчас конкурснага канцэрта былі менавіта ў вас...

- Не магу сказаць, што высокая ацэнка беларускай удзельніцы стала для мяне поўнай нечаканасцю - мы рыхтаваліся да гэтага конкурсу вельмі сур'ёзна. Яшчэ ў кастрычніку, калі ў Капенгагене праводзілася інфармацыйная сесія з нагоды "Еўрабачання", у мяне была магчымасць паглядзець відэаматэрыялы ўсіх удзельнікаў конкурсу ды зрабіць сякія-такія высновы. Я звярнула ўвагу і на тое, як успрымалі нашу стужку кіраўнікі іншых дэлегацый, і іх рэакцыя абнадзейвала.
Але без хваляванняў усё адно не абышлося, бо прадбачыць вынікі галасавання проста немагчыма: тут задзейнічана мноства самых розных акалічнасцей. Суседзі сябруюць з суседзямі, і таму, прыкладам, Грэцыя больш за ўсіх упадабала Кіпр, і наадварот. Аднак, калі вы звярнулі ўвагу, нас не пакінула без балаў ніводная краіна - што, канешне, асабліва прыемна.

- Прааналізаваўшы ўсе гэтыя нядаўнія падзеі, вы, напэўна, можаце патлумачыць, чым абумоўлены іх вынікі.

- "Нашы" бралі публіку сваёй непасрэднасцю, шчырасцю і магутнай энергетыкай. I - гэта таксама вельмі істотна - непадобнасцю. Рыхтуючыся да ўдзелу ў конкурсе, мы ўсведамлялі існаванне пэўнага "еўрастандарту" - музычнага фармату, які дамінуе на "Еўрабачанні". I наша неадпаведнасць яму была, бадай, свядомай. Бо калі з'яўляецца той, хто выбіваецца з агульнай карціны праз сваю апрычонасць, гэта адразу прыцягвае ўвагу. Можа, менавіта таму з мноства нашых цудоўных юных выканаўцаў была абрана менавіта Воля. Бо ейны голас, ейная манера выканання вельмі нязвыклыя, і замежныя прафесіяналы адразу гэта адзначылі.
Выбраць песню (нагадаю, што, паводле ўмоў конкурсу, дзіця павінна спяваць песню дзіцяці) таксама было няпроста. Чаму? Музычная прастора ў якой сёння жывуць нашы дзеці, вельмі складаная. Яны атрымліваюць дужа шмат самай рознай інфармацыі, ладную частку якой не назавеш іначай як смеццем, і зусім не кожны можа так яе перапрацаваць, каб у выніку атрымалася нешта сваё.
Ёсць і яшчэ адзін нюанс, і цяпер, калі працэс адбору кандыдатур на ўдзел у дарослым "Еўрабачанні" ўжо распачаўся, варта асабліва заакцэнтаваць на ім увагу. Хтосьці раіць нам перш-наперш "адшукаць" песню, хтосьці кажа, што ўся справа ў выканаўцы. Аднак пасля нядаўняга конкурсу я яшчэ больш упэўнілася ў тым, што першае і другое мае быць узаемазвязана. Вельмі важна, каб песня ідэальна падыходзіла.

- На "Еўрабачанні" сапраўды прэвалюе пэўны трывалы музычны фармат. Як вы лічыце, ці варта нам свядома яго парушаць, як гэта сёлета зрабіла Расія?

- Перш-наперш, мушу адзначыць, што паняцце стандарту тут пазбаўлена негатыўнага значэння. Бо на "Еўрабачанні" ён прадугледжвае надзвычайную якасць усіх складнікаў нумара - ад аранжыроўкі песні да адмысловых навыкаў выканаўцы. Тут важна сапраўды ўсё. Памятаю, на мінулым конкурсе ў Рызе хтосьці пракаментаваў адзін выступ такім чынам: цудоўны голас, цудоўная музыка, а вось вымаўленне... Шмат хто хоча спяваць па-англійску, але далёка не ў кожнага гэта атрымліваецца.
А вось іншы прыклад. Адразу пасля знаёмства з матэрыяламі ўдзельнікаў таго самага конкурсу я выдзеліла для сябе прадстаўнікоў Бельгіі. Бо пры ўсім сваім суперпрафесіяналізме, яны былі абсалютна ні да кога не падобныя. Калі вы памятаеце, гурт спяваў на выдуманай мове - аднак у гэтай песні была адчувальная сапраўдная глыбіня, яна мела фальклорныя вытокі. Шчыра кажучы, я прарочыла бельгійцам поўны правал - бо надта ж яны былі "нефарматнымі"! Але што б вы думалі? Яны занялі другое месца, скарыўшы гледачоў менавіта сваёй непадобнасцю.
Дарэчы, у адным з варыянтаў правілаў "Еўрабачання" было выказана пажаданне, каб песні мелі нацыянальны каларыт. I я сапраўды разумею, што гэта вельмі важна. Прычым не толькі з прычыны сваіх асабістых сімпатый. Бо ў падрыхтоўцы да такога конкурсу над імі мусіць пераважаць цвярозы прадзюсерскі разлік.
Пасля канцэрта ў Капенгагене ўся наша дэлегацыя пайшла на дыскатэку - так бы мовіць, трохі "паскандынавіць". Там гучала нейкая звыклая для цяперашніх часоў музыка, ды і атмасфера была адпаведная. Але калі Воля выйшла на сцэну і пачала спяваць народную песюо... Увага ўсіх прысутных была ўмомант сканцэнтравана на ёй.

- Ці будзеце вы ўлічваць досвед бельгійцаў?

- Цяпер у нас ёсць магчымасць улічваць таксама і досвед Волі. Наогул, удзел у такіх конкурсах дае папраўдзе неацэнныя ўрокі. Прычым не толькі для ўдзельнікаў, але таксама і для прадзюсераў "тэлевізійшчыкаў". 3 пункта гледжання арганізацыі гэтыя падзеі з'яўляюцца складаным, дбайна прадуманым механізмам, і назіраючы за працай кожнага яго звяна, пачынаючы ад рэжысёра і сканчаючы "сек'юрыты", можна набрацца нямала карыснага досведу.

- Як вы лічыце, ці важна, каб удзельнік "Еўрабачання" меў вялікую славу ў сваёй краіне?

- Досвед паказвае, што не вельмі. Прыкладам, мінулага разу ў конкурсе ўдзельнічала вядомая нямецкая спявачка, але яе вынік быў невысокі. Ці тая ж Пугачова... Лакальная папулярнасць не дужа ўплывае на вынікі яшчэ і з той простай прычыны, што, паводле небезвядомага правіла, свае за сваіх галасаваць не могуць. Бо іначай нашы тэлегледачы, канешне, зрабілі б усё, каб свае перамаглі!
Статус выканаўцы вельмі важны, але перад усім - для яго самога. Бо конкурс - гэта каласальнае выпрабаванне, якое вымагае значнага сцэнічнага досведу. Калі ў тваім багажы няма вялікай колькасці выступаў "жыўцом", калі ты не выпрацаваў уменне наладжваць кантакт з аўдыторыяй, шанцаў у цябе ніякіх. Выйсці на сцэну перад дзесяткам тысяч чалавек - адно гэта псіхалагічна няпроста.

- Ці ёсць у вас нейкія прагнозы адносна таго, як налета будуць разгортвацца падзеі на "Еўрабачанні"?

- У конкурсу з'явіліся новыя правілы, і яны насцярожваюць. Напрыклад, цяпер асноўнаму канцэрту мае папярэднічаць паўфінал, і, мяркую, тут закладзена міна запаволенага дзеяння. Бо цалкам магчыма, што падчас галасавання шмат хто будзе дбаць найперш пра інтарэс сваёй краіны, свядома намагаючыся пахіснуць пазіцыі яе супернікаў. I таму мае прагнозы пазбаўлены залішняга аптымізму. На гэтым конкурсе нам прыйдзецца нялёгка.

- На постсавецкай прасторы ўкаранёны стэрэатып адносна таго, што ўсе месцы на падобных конкурсах загадзя прададзены і куплены...

- Мне здаецца, што гэта не зусім так. Тыя, хто мае да конкурсу непасрэднае дачыненне, робяць свае прагнозы. Але не тэлегледачы, якія зазвычай галасуюць за тых, каго ўпадабалі.

- Значыць, трэба толькі спадабацца?

- Так. Але дзеля таго, каб спадабацца, трэба выкласціся... ну проста да рэшты. I яшчэ. Важную ролю тут адыгрывае індывідуальнасць. Яркая асоба праб'е любыя бар'еры. Калі я глядзела на выступ беларускай дзіцячай каманды... Ведаеце, у іх былі такія натхнёныя твары, што не заваяваць аўдыторыю яны проста не маглі!

Гутарыў Ілля СВІРЫН.