Наведаць музей, не пакідаючы канапы

26.09.2014
"Звязда", 26 верасня 2014 г.

 
Гэта зробіць магчымым новы праект тэлеканала "Беларусь 3"
Дакументальны цыкл "Музеі Беларусі", які стартуе 4 кастрычніка, пазнаёміць гледачоў з гісторыка-культурнай спадчынай нашай краіны. Першая тэлевізійная экскурсія адбудзецца ў Нацыянальным гістарычным музеі, фонды якога змяшчаюць больш за 400 тысяч прадметаў ад першабытных часоў да цяперашніх дзён.
Аўтары праекта распавядуць гісторыі найбольш цікавых экспанатаў - знакамітага Брылеўскага скарбу, пояса Вітаўта, слуцкіх паясоў, а таксама раскажуць пра нялёгкую і захапляльную працу майстроў тонкай справы - рэстаўратараў, якія ведаюць сакрэты аднаўлення рэчаў з паперы, тканіны, дрэва і керамікі... Акрамя таго, стваральнікі дакументальнага фільма зазірнуць у філіялы музея - Дом-музей І з'езда РСДРП і Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, адкрыты ў чэрвені 2012 года.
Дарэчы, усяго ў Беларусі дзейнічаюць 162 музеі - кожная вобласць налічвае звыш 20 падобных устаноў рознага кірунку, а Мінск і цэнтральны рэгіён з'яўляюцца лідарамі па іх колькасці. Пазнаёміцца абсалютна з усімі экспазіцыямі, натуральна, не атрымаецца, але тэлевізіёншчыкі абяцаюць паказаць самыя значныя і адметныя з іх. Цыкл "Музеі Беларусі" складаецца з 14 серый-экскурсій па Нацыянальным гісторыка-культурным музеі "Нясвіж", Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, Музеі народнай архітэктуры і побыту, гісторыка-культурным комплексе "Лінія Сталіна", Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музеі гісторыі слуцкіх паясоў, Музеі гісторыі горада Мінска і іншых.
"Многае з паказанага стане сапраўдным адкрыццём для гледача, выклікае жаданне ўбачыць усё на ўласныя вочы, - абяцаюць стваральнікі праекта. - Таму ў кожным фільме будзе не толькі падрабязны расповед пра стварэнне таго ці іншага музея, яго экспанаты, захавальнікаў спадчыны, але і дакладны адрас і час працы".