Навінкі тэлеэфіру

22.06.2005
"Звязда", 22 чэрвеня 2005 г.


"Кухня" Першага нацыянальнага зробiць "меню" канала больш разнастайным
Беларускiя тэлевiзiйнiкi дадаюць у "стравы" новага сезона iншыя спецыi.
Уладзiмiр Субат, генеральны прадзюсар Першага нацыянальнага тэлеканала, пазнаёмiў з асноўнымi зменамi ў телевiзiйнай сетцы. Галоўная адметнасць сёлетняга сезона: ён папярэднiчае такой важнай даце, як 50-годдзе Беларускага тэлебачання. Менавiта таму на БТ з’явiцца спецыяльны цыкл перадач "Тэлевёрсты", прымеркаваны да юбiлею (ён прыпадае на 1 студзеня 2006 года). Плануецца паказ праграм, прысвечаных Беларускаму радыё, якое сёлета святкуе сваё 80-годдзе. З улiкам пажаданняў тэлегледачоў створаны спецыяльныя перадачы эканамiчнага i сацыяльнага характару. Адна з iх, па адраджэнню i развiццю вёскi, стартуе ў лiпенi. Запланаваная назва праекта - "Гаспадар": - У нашай краiне больш як 3000 гаспадарак, i 50 працэнтаў з iх знаходзiцца ў няпростым фiнансавым стане. У новай праграме мы будзем расказваць аб праблемах вяскоўцаў i аграгарадках, якiх ужо налiчваецца 1380, - расказаў Уладзiмiр Субат.
З тэлевiзiйнай сеткi знiкаюць цi вiдазмяняюцца "стравы": з меню эфiру выкраслены "Палявая пошта памяцi", "Адкрыты архiў", а таксама "5х5". Аднак моладзь не павiнна расстройвацца, бо Першы нацыянальны знайшоў замену старому, любiмаму юнакамi i дзяўчатамi праекту. Iм стане "Твой фармат". Кiраўнiцтва канала абвергла чуткi наконт знiкнення "КВЗ": праграма працягваецца, проста трэба ўрэгуляваць фiнансавыя справы. Сваю фiрменную страву - праграму "Новая калекцыя" - Алег Лукашэвiч вырашыў замянiць новай перадачай, пазнаёмiцца з якой будзе магчыма ў вераснi.
Меню канала зробяць больш разнастайным i браты Пiнiгiны: iх задума "Народжаны ў СССР" пазнаёмiць з цiкавымi людзьмi таго часу. Не застануцца без увагi аматары культурнай "кухнi": праграма "Маем рэчы" раскажа аб даўно забытых звычаях i промыслах, а ў "Галерэi вобразаў" гаворка пойдзе пра беларускую моду. Зараз рыхтуюцца клiпы з удзелам маладых выканаўцаў, якiх не так даўно можна было пабачыць на конкурсе ў Маладзечне. Запiсы гэтых выступленняў хутка з’явяцца ў штодзённым эфiры. У жнiўнi пачнецца паказ дзённiкаў нацыянальнага музычнага конкурсу, арганiзаванага пры падтрымцы Белтэлерадыёкампанii i трох мiнiстэрстваў РБ - адукацыi, культуры i iнфармацыi. Новая праграма "Раўнавага" закране экалагiчную тэматыку. Так што, як бачым, а дакладней пабачым у эфiры, новыя праграмы разлiчаны на гледачоў з рознымi густамi.
Каб у час "спажывання" тэлевiзiйнага прадукту сапраўды з’явiўся апетыт, канал, як i яго праграмы "Вялiкая энцыклапедыя Беларусi", "На скрыжаваннях Еўропы", "Стадыён", "Добрай ранiцы, Беларусь", набудзе iншае афармленне. Зараз iдзе распрацоўка новага iмiджа. Аднак прадукцыя Першага нацыянальнага, раз ён першы айчынны тэлеканал, акрамя сучасных тэндэнцый у выглядзе "карцiнкi" захоўвае традыцыi нашай культуры i iмкнецца павялiчыць колькасць беларускамоўных перадач у эфiры. Напамiн аб гэтым - "Мой край": цытаванне беларускiх класiкаў пад нацыянальныя матывы.
Паводле слоў Аляксандра Мартыненкi, намеснiка старшынi Белтэлерадыёкампанii, штогод павялiчваецца аб’ём вяшчання канала. Сёлета гэтая лiчба ўзрасла яшчэ на паўтары гадзiны. "Галоўнае - улiчваць пажаданнi аўдыторыi, дзеля чаго праводзiм спецыяльныя апытаннi", - падкрэслiў Аляксандр Iванавiч. Пры падрыхтоўцы новага сезона тэлевiзiйнiкi таксама выязджалi ў рэгiёны, каб сустрэцца сам-насам з уласным гледачом i пачуць яго патрабаваннi.

Iрына ПРЫМАК.