Нацыянальны каларыт - на "Беларусь 3"

24.12.2015

"Звязда"

Падчас свят культуралагічны тэлеканал "Беларусь 3" будзе ствараць казачны навагодні настрой для маленькіх гледачоў, а дарослыя змогуць атрымаць асалоду ад гучання нацыянальнай музыкі - у навагоднюю ноч і перадсвяточныя дні. І, вядома, якія калядныя святкаванні без дарагіх сэрцу фільмаў?

Серыю навагодніх канцэртаў з нацыянальным каларытам 29 снежня на "Беларусь 3" распачне канцэртная праграма "Запрашаем на "Бяседу". Нават калі глядач не з’яўляецца аматарам фальклору, то ўсё роўна не зможа застацца абыякавым, калі загучаць вядомыя песні "Чарка на пасашок", "За маладых", "Запрагайце, хлопцы, коней" і іншыя.

30 снежня на канале святочны парад фільмаў для дзяцей і дарослых. У гэты ж дзень "Беларусь 3" падрыхтаваў для сваіх гледачоў яшчэ адзін незвычайны фолк-падарунак - канцэрт гурта "Стары Ольса". 31 снежня фолк-рокавую хвалю падхопіць гурт "Палац". Канцэртныя праграмы вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі "Скарбонка навагодніх пацех" (1998) і "У гасцях у Дзеда Мароза" (2004) таксама стануць цудоўнымі падарункамі ў эфіры "Беларусь 3" у апошні дзень гэтага года і "акунуць" гледачоў у сапраўднае беларускае рэтра.

На "Беларусь 3" нас чакае шмат сюрпрызаў! Адным з іх стане "Калыханка" для дарослых" у апошні дзень года. У ноч з 31 снежня на 1 студзеня Новы год сустракаць з гледачамі будуць ансамбль народнай музыкі "Бяседа", вакальны гурт "Чысты голас", Ірына Відава, Аляксей Хлястоў і вядучыя "Беларусь 3" Анатоль Длускі, Вольга Сацюк і Кірыл Ермакоў.