Нацыянальная калекцыя

28.05.2005
"Рэспубліка", 28 мая 2005 г.


На фестывалі ў Маладзечне спяваюць без фанаграмы і толькі па-беларуску
Каля 600 удзельнікаў і гасцей збярэ ў Маладзечне VIII Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. На працягу двух дзён - 10-га і 11 чэрвеня - у яго асноўнай праграме будуць прадстаўлены сем музычных праграм. Чатыры з іх падрыхтаваны Дзяржаўным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Міхаіла Фінберга. Адкрыецца фестываль дзвюма прэм'ернымі праграмамі - "Ішла вайна народная", прысвечанай 60-годдзю Вялікай Перамогі, і "Быў. Ёсць. Буду", складзенай з новых песень на вершы Уладзіміра Караткевіча і створанай да 75-годдзя пісьменніка. Несумненна, цікавасць слухачоў выклікае і вялікі аўтарскі канцэрт вядомага беларускага кампазітара Алега Елісеенкава, які нарадзіўся і вучыўся ў Маладзечне. Аматараў жа акадэмічнай музыкі чакае сустрэча з камернымі калектывамі Дзяржаўнага канцэртнага аркестра, у выкананні якіх прагучыць беларуская музыка ХУІІІ-ХХ стагоддзяў.
Разам з музыкантамі і салістамі Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі ў фестывалі прымуць удзел Нацыянапьны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча, аркестр народных інструментаў Цэнтра культуры і мастацтваў Магілёўскай вобласці, сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча імя Агінскага, шэраг вядомых беларускіх паэтаў. Праграму "Беларуская калекцыя" прадставіць у Маладзечне Белтэлерадыёкампанія. Эстрадныя песні прагучаць у выкананні ансамбляў "Песняры", "Сябры", Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Наталлі Тамела, Іны Афанасьевай, Аляксея Хлястова, Галіны Шышковай, Якава Навуменкі, Паліны Смолавай, гуртоў "Цяні-Талкай", "Джэй-Морс" і многіх іншых папулярных айчынных артыстаў.
Па традыцыі галоўнай сцэнічнай пляцоўкай свята беларускай песні стане цэнтральная плошча горада. Як адзначае маэстра Фінберг, па-ранейшаму нязменнымі застаюцца і дзве важныя адметнасці фестывалю ў Маладзечне - у час яго ўсе песні будуць гучацьтолькі на беларускай мове і "жыўцом", без выкарыстання фанаграмы.
Нагадаем, што ўпершыню Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі адбыўся ў Маладзечне ў 1993 годзе. Зараз ён знаходзіцца пад асабістым патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Заснавальнікамі фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры, Мінскі аблвыканком, Маладзечанскі гарвыканком, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія і заслужаны калектыў Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі.

Ірына СВІРКО, "Р".