Наталля ХЛЕБУС: "Жыву сустрэчамі з цікавымі людзьмі…"

08.05.2002
"Голас Радзімы", 8 - 15 мая 2002 г.


У маі нашы калегі радыёжурналісты адзначаюць сваё прафесійнае свята. А роднасная нам радыёстанцыя "Беларусь", якая расказвае замежным слухачам пра Радзіму, адзначае і юбілей - 40-годдзе з дня ўтварэння. Сярод радыёжурналістаў шмат цікавых, захопленных сваёй справай людей. Іх галасы пазнаюць тысячы слухачоў, а вось героямі матэрыялаў ці інтэрв'ю самі журналісты становяцца рэдка, бо іх мэта - расказваць пра іншых. Сёння мы парушаем традыцыю і запрашаем у гасцёўню радыёжурналіста, галоўнага рэдактара радыёстанцыі "Беларусь" Наталлю Хлебус.

- Наталля, я часта бачу вас на розных прэс-канферэнцыях, фестывалях з магнітафонам, чую вашы перадачы ў эфіры. У вас, як у галоўнага рэдактара, шмат адміністатарскіх абавязкаў, а вы яшчэ спраўляецеся з творчай работай...

- Так, мая пасада магла б дазволіць мне больш знаходзіцца ў кабінеце. Але я не магу і тыдня пражыць без таго, каб не сустрэцца з новымі людзьмі - паглядзець ім у вочы, паўней адчуць пульс жыцця. Інакш "хварэю": мне заўсёды трэба некуды ісці, з некім сустракацца.

- Мара стаць журналістам з'явілася яшчэ ў школе ці гэта выпадковасць?

- Выпадковасці, мусіць, у гэтым жыцці не бывае, усё заканамерна. Калі я вучылася ў шостым классе, мы збіралі пасылкі з гуманітарнай дапамогай для в'етнамскіх дзяцей. Вырашылі ў кожную пакласці пісьмо. Я напісала верш. Настаўніца паслала яго ў раённую газету, нават не папярэдзіўшы мяне. Аднойчы суседка паказала мне газету: на першай старонцы надрукавана інфармацыя пра пасылкі і мой верш.
Быў яшчэ выпадак: у школу прыехаў карэспандэнт дзіцячай радыёперадачы "Рамантыкі" Беларускага радыё, і мяне папрасілі прачытаць свае вершы. І вось неяк іду са школы, навокал такая прыгажосць: вясна, цвітуць яблыні, вокны ў хатах адчыненыя, а мяне аднавяскоўцы сустракаюць: "Наташа, ты па радыё гаворыш!" Потым ужо пачалося маё актыўнае супрацоўніцтва з раённай газетай, дарэчы, там была вельмі добра наладжана рабселькораўская работа: раз у месяц нас збіралі, каб даць нейкія парады, паправіць вершы, апавяданні.
Але пасля таго, як я закончыла школу на "выдатна", было складана вырашыць, куды пайсці далей вучыцца. Выкладчык па хіміі гаварыў, што я абавязкова павінна паступаць на хімічны факультэт, па геаграфіі - на геаграфічны, па рускай мове і літаратуры - на філалагічны. А тут яшчэ матэматыка. Пасля 8-га класа я заняла другое месца на Усесаюзнай матэматычнай алімпіядзе. Перад маім ад'ездам у Мінск бацька (маці рана памерла) пры развітанні кажа: "Ты ж добра падумай: што табе тыя лічбы, лепш быць доктарам ці аграномам..." Я яму тады адказала: доктарам быць не збіраюся, баюся чалавечага болю, але і аграномам не буду. Прыехала ў сталіцу і пайшла з дакументамі ў Белдзяржуніверсітэт, каб здаць дакументы на матэматычны, але на шляху сустрэлася шыльда з надпісам "Факультэт журналістыкі", і я, крыху паразважаўшы, увайшла менавіта ў гэтыя дзверы. І ніводнага разу не пашкадавала. З 1977 працую на беларускім радыё. Лічу, наша прафесія багатая на падзеі, сустрэчы, эмоцыі... Я вельмі ўдзячная свайму бацьку, якога ўжо шмат гадоў няма з намі, што ён на парозе роднага дому спыніў і папярэдзіў, што праца з лічбамі не для мяне.

- Наталля, вы ў гэтай рэдакцыі пачыналі свой прафесійны шлях, а цяпер - яе кіраўнік...

- Спачатку працавала намеснікам галоўнага рэдактара - светлая яму памяць - Міхаіла Тондзеля, які ўзначальваў рэдакцыю 17 гадоў. Ён шмат зрабіў для кансалідацыі калектыву. Па праўдзе кажучы, пасля такога галоўнага - інтэлігентнага, вельмі вопытнага кіраўніка, які карыстаўся выключным аўтарытэтам не толькі ў нашай рэдакцыі, але і ў цэлым на радыё, я асцярожна прыступіла да выканання сваіх абавязкаў - не хацела парушыць створанае да мяне. Дарэчы, ніколі не імкнулася быць кіраўніком, бо ведала, што гэта вялікая адказнасць. Творчыя людзі асаблівыя, далікатныя. І тут вельмі важны мікраклімат, адносіны паміж людзьмі. На шчасце, у нас працуюць вопытныя радыёжурналісты - і накіроўваць, выпраўляць кагосьці няма патрэбы, хутчэй, абмяркоўваць, раіцца, разам вырашаць...

- Пра што расказвае слухачам журналістка Наталля Хлебус, якія тэмы вам найбольш блізкія?

- Мы імкнемся даць поўную карціну жыцця нашай Бацькаўшчыны. Бо, якую тэму не вазьмі, яна і ёсць маленькая рысачка з жыцця Беларусі. Мне таксам ўсе тэмы цікавыя. Што тычыцца творчасці, то тут даводзіцца ўлічваць усе працэсы, якія адбываюцца вакол нас. Змяніўся менталітэт у краіне. Гэта вельмі адчуваецца. З аднаго боку, стала лягчэй: можна гаварыць пра ўсё, абмежаванняў няма, а з другога - больш цяжка, бо людзі становяцца індывідуалістамі, замыкаюцца ў сабе. Страчаны дух калектывізму. Раней чалавек быў як на далоні, а цяпер перастае пускаць у свой унутраны свет, які таксама стаў іншым.

- У вас ёсць сям'я, двое дзяцей. Ці не абдзеляны яны увагай?

- На шчасце, муж мяне разумее і дапамагае. Я дзецям імкнулася заўсёды ўдзяліць шмат увагі. Не шкадавала часу і намаганняў, каб даць ім добрую адукацыю. Уставала на золку, каб да працы адвезці дзяцей з ускраіны горада ў цэнтр у гімназію, вечарам - у музычную школу. Цяжка было: у руках нязменны магнітафон, побач двое маленькіх дзяцей з партфелямі і да таго ж перапоўнены транспарт. Яны вывучалі ў гімназіі англійскую мову, і я пайшла на платныя курсы, каб ёю авалодаць і мець магчымасць ім дапамагчы, бо сама ведала нямецкую. Цяпер ужо лягчэй. Дзеці самастойныя, вучацца выдатна. Я сама чалавек сур'ёзны і патрабую ад дзяцей таксам адказнасці за свае ўчынкі. Нядаўна мяне здзівіла дачка: у яе добрыя музычныя здольнасці, яе нават прынялі ў музычны ліцэй пры Акадэміі музыкі, але дачка вярнулася ў сваю гімназію, бо марыць стаць, як і я, журналістам.

Гутарыла Таццяна КУВАРЫНА.