"Наша звышзадача - адкрыць Беларусь для беларусаў"

19.04.2012
"Звязда", 19 красавіка 2012 г.


Што можна распавесці новага ў такой, здаецца, заезджанай уздоўж і поперак тэме, як "турыстычны патэнцыял Беларусі"? Прызнацца, ідучы на сустрэчу з вядучым забаўляльна-пазнавальнай праграмы "Всё путём" Сяргеем Шынкарэнкам, я была настроена вельмі скептычна. Але Сяргей з парога перабіў гэты настрой, прыгадаўшы мноства гісторый пра адметных людзей і мясціны - адна за адну цікавейшыя.
- Не магу зразумець, чаму беларусы ахвотней едуць у Сірыю ці Францыю, а ўласнай краінай грэбуюць? - гарачыцца тэлевядучы. - Маленькі прыклад: неяк спытаў у свайго добрага сябра: "Калі ты апошні раз быў у Брэсцкай крэпасці?". Высветлілася - ніводнага разу не быў... І гэты чалавек 30 гадоў жыве ў Беларусі!
Гэта, уласна, і ёсць адна з задач праграмы - расказаць беларусам пра нашу ж зямлю. Прычым, каб уразіць гледача, можна раскапаць як нешта прынцыпова новае, так і раскрыць у, здавалася б, агульнавядомых рэчах і фактах новыя грані. У выніку мусіць атрымацца не навуковая праца, а своеасаблівы тэлевізійны турыстычны буклет - каб чалавек убачыў яго і сказаў: хачу туды!
Другі аспект - людзі, якія па закліку сэрца і нейкай унутранай патрэбе займаюцца высакароднай справай адраджэння традыцый і абрадаў, турыстычных аб'ектаў, увогуле родных мясцін. Такія, як адзін з жыхароў самага маленькага горада Беларусі, Дзісны, - айцец Генадзь. Пад кіраўніцтвам гэтага святара, напрыклад, была адноўлена Уваскрэсенская царква - адзін у адзін да арыгінала. Акрамя таго, ён з жонкай 20 гадоў аднаўляў "з нуля" старадаўні маёнтак (так званы палац - летнюю рэзідэнцыю Даражковічаў) на мяжы горада. Ад будынка застаўся толькі кавалак сцяны 1,5 на 1,5 метра - але айцец Генадзь здолеў па фота, па малюнках і ўспамінах людзей аднавіць маёнтак, больш за тое, стварыць у ім аграсядзібу. "Мы прысутнічалі на яе адкрыцці, - узгадвае Шынкарэнка. - І добры дзясятак такіх людзей па краіне я ведаю. Калі іх падтрымаць, упэўнены, можна зрабіць Беларусь турыстычным цэнтрам, не горшым за еўрапейскія".
Нарэшце, трэці аспект - і, магчыма, самы важны - абудзіць у земляках гонар за сваю зямлю і жаданне самім зрабіць яе прыгажэйшай.
- Я ўпэўнены, што "дзе нарадзіўся, там і згадзіўся". А мы вельмі няправільна ставімся да сваёй зямлі, - разводзіць рукамі Сяргей Шынкарэнка. - Узяць хоць бы Гальшанскі замак - колькі часу яго не могуць давесці да ладу? І нават тое, што захавалася, мы не ўмеем выкарыстоўваць і не ўсведамляем, што ніхто з космасу ці яшчэ адкуль не прыляціць і за нас нічога з гэтым не зробіць.

- Усё ж тое-сёе ў нас аднаўляецца... Як вы ставіцеся да рэканструкцыі Нясвіжскага палаца?
- Я катэгарычна супраць такога аднаўлення. Мала таго, што гэта навабуд, дык яшчэ і шмат чаго накручана "ад доўбні". Чуў, што найстарэйшая прадстаўніца роду Радзівілаў, калі прыязджала ў Нясвіж, вельмі абуралася цяперашнім выглядам замка. Яшчэ дзесяць гадоў таму, да рэканструкцыі, ён быў цікавейшы і, так бы мовіць, больш сапраўдны, чым цяпер... Або ўзяць магілёўскую ратушу. Я калі аб ёй даведаўся, то, як той казаў, рэшткі лысіны дубка ўсталі. Ратуша ў Магілёве выстаяла ўсю вайну, а разбурылі яе ўжо ў 50-я гады, калі ішла барацьба з рэлігіяй (хоць прычым тут рэлігія да ратушы?), а на месцы будынка паставілі кола агляду. У наш час ужо Прэзідэнт прыехаў у Магілёў, убачыў гэтую карціну і распарадзіўся кола прыбраць. Ратушу ж аднавілі па фота, цяпер там размешчаны музей. І такіх выпадкаў - вагон!

- Калі ў тэлепраграму прыходзіць новы вядучы, адбываецца адно з двух: або ён падладжваецца пад фармат, або фармат змяняецца пад яго. У вашым выпадку...
- Безумоўна, будуць пэўныя змены, мы ж няспынна развіваемся. У найбліжэйшы час, напрыклад, з'явяцца новыя застаўкі, дэталі афармлення. У мяне ёсць некалькі задумак, якія будзем спрабаваць рэалізаваць. На жаль, адна дакладна не пойдзе - каб пра той ці іншы горад, вёску (а мы не бяром абласныя цэнтры, найцікавейшыя менавіта невялікія гарады) расказвалі іх ураджэнцы - цяперашнія "зоркі" беларускай эстрады. Большасць з іх ад гэтай прапановы адхрысціліся.

- Ці бывае так, што сюжэты вашай праграмы дублююцца з іншымі, напрыклад, з праектам "Зямля беларуская"?
- Часам мы сапраўды перасякаемся, але гэта натуральна - у нас усё ж вельмі маленькая краіна. І я абсалютна не лічу такія паўторы чымсьці страшным. Наадварот, чым больш будзе такіх перадач, тым больш усе мы разам будзем развіваць і рухаць наперад той самы "ўнутраны турызм".

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК.