Наша “Ваша лато”

26.11.2004
“Чырвоная змена”, 26 лістапада 2004 г. (дадатак да газеты “Звязда”)


Выпрабавана на сабе, або Як я раздавала грошы адной рукой
Пра тое, што Мiжнародны дзень тэлебачання павiнен iснаваць, я, у прынцыпе, здагадвалася (iснуе ж Дзень друку i Дзень радыё), але дакладна не ведала, калi трэба вiншаваць калег-тэлевiзiйнiкаў з iх прафесiйным святам. А пра тое, што ў свой дзень гэтыя самыя калегi ў прамым сэнсе падставяць нас - “газетчыкаў” - пад прыцэл тэлекамер, зусiм не думала. Спадзявалася бессаромна выспацца i зрабiць нядзелю сапраўдным выхадным днём. Чаму я ўвогуле згадзiлася на гэту авантуру?
- Толькi не забудзьцеся, - тлумачыла мне па тэлефоне рэдактар праграмы “Ваша лато”, - вам трэба прыйсцi раней, чым астатнiм гасцям, у 11.40. Пакуль загрымiруюць, пакуль навучаць працаваць з тэлекамерамi...

О, як я разумею зараз фрэкен Бок, якая дзеля таго, каб “трапiць у тэлевiзар”, не толькi рабiла сабе прычоску з укладкай, але нават купляла новыя вусцiлкi (ну i што, што iх нiхто не ўбачыць, затое ты сам дакладна ведаеш, што ўсё ў цябе ў парадку). На жаль, часу на маральную падрыхтоўку i эксклюзiўны макiяж катастрафiчна не хапала. Разглядваю знаёмую да болю дзяўчыну ў люстэрку - i адчуваю сябе надзвычай нетэлегенiчнай. Змянiць ужо нiчога не магу. Пайду як ёсць. Мамачкi, я ўжо спазняюся!

11.43. Месца дзеяння - хол Белтэлерадыёкампанii на Макаёнка, 9. Ну, так, я спазнiлася. Аж на тры хвiлiны. А... дзе ўсе? Непрыветлiвы мiлiцыянер на вахце коратка адказвае: “Чакайце”. Уладкоўваюся на канапе - а што яшчэ застаецца?

11.58. Вось так заўсёды: я ўжо збiраюся пакрыўдзiцца i пайсцi дадому, як з-за танiраванага шкла дзвярэй з’яўляецца Валянцiн Пепяляеў з “Советской Белоруссии”. Сабрат па няшчасцю. Садзiмся чакаць разам, хоць не так сумна.

12.05. Кола чакаючых папаўняецца яшчэ адным персанажам. Сяргей Малiноўскi з “Камсамолкi” выказвае нашу агульную думку: “Людзi, што я тут раблю? Работы нямерана!”. Падбiваем яго кiнуць усё ды iсцi па справах. Але зноў спрацоўвае закон подласцi: да металiчнай агароджы ў холе падыходзiць цётачка i зачытвае нашы прозвiшчы. Кiдаем апошнi сумны пагляд на волю i - Белтэлерадыёкампанiя нас паглынае на блiжэйшыя некалькi гадзiн.
Уваходзiм у студыю “Вашага лато”, i тут хада часу незаўважна паскараецца. Вядучы праграмы, вядомы шоумен Сяргей Кухто, тлумачыць нашы абавязкi на сёння: трэба будзе выцягваць латошныя бочачкi з меха i прыносiць удзельнiкам чарговага розыгрышу ўдачу - направа i налева.
Нам паказваюць, адкуль i як трэба будзе выходзiць, куды сядаць i як сябе паводзiць. Каб пераканацца, што мы ўсё насамрэч правiльна зразумелi, робiцца адзiн “прагон”. Ролю адсутнай пакуль Ганны Быкавай з “Антэны” (яна будзе нашым чацвёртым “латошным” напарнiкам) блiскуча выконвае Уладзiмiр Iсат - мiж iншым, генеральны дырэктар дырэкцыi тэлевытворчасцi БТРК. Роля вядучага, зразумела, дастаецца... вядучаму. Сяргей, праўда, “халтурыць”, прагаворваючы замест патрэбнага тэксту нейкую абракадабру, затое не забываецца падказваць, што кожнаму з нас неабходна рабiць у кожны канкрэтны момант, дзе трэба вытрымлiваць паўзу (пасля таго, як вядучы агучвае нумар бочачкi, гэты ж нумар паўтарае дзяўчына, якая па камп’ютару адсочвае працэс розыгрышу, прызавыя сумы i шчаслiвыя бiлеты ў кожным туры), а дзе, наадварот, пажадана не сядзець, як маналiт, а ўсмiхнуцца i нешта добрае сказаць. Мы не ведаем, куды дзяваць рукi, сумкi i самiх сябе, але затое ўважлiва слухаем правiлы гульнi, каб хоць нешта зразумець.
Правiлы латэрыi “Ваша лато” - дарэчы, яе заснавальнiкам выступае Камiтэт па каштоўных паперах пры Савеце Мiнiстраў РБ - на самай справе даволi простыя. Кожны тыраж разыгрываецца ў некалькiх турах. У 1-м туры выйграе бiлет, на якiм раней за iншыя будзе запоўнены любы гарызантальны радок. Бiлет працягвае гульню далей. Другi тур выйграе бiлет, на якiм раней за iншыя будзе запоўнена цалкам верхняя або нiжняя картка. Трэцi тур i ўсе наступныя выйграюць бiлеты, якiя раней за iншыя будуць запоўнены цалкам. Гульня працягваецца да 84-га ходу ўключна, прычым выйграць у ёй можна не толькi грашовыя сумы (ад 2 тысяч i да джэк-пота - а ён на гэты раз складаў больш як 57 мiльёнаў беларускiх рублёў), але таксама кватэру ў любым абласным цэнтры рэспублiкi, новенькую машыну, залатыя злiткi i мноства карысных рэчаў. 6 бочачак, якiя застаюцца ў мяху пасля 84-га ходу (вы ж памятаеце, што ўсяго ў лато 90 бочачак?), удзельнiчаюць у гульнi “Iмгненне ўдачы”: калi ўсе тры лiчбы ўнiзе пад гульнявым полем вашага бiлета супадуць з нумарамi гэтых бочачак - ласкава просiм атрымаць выйгрыш! Сумы да 100 тысяч рублёў вам можа выдаць распаўсюджвальнiк латарэйных бiлетаў, а па буйныя грошы неабходна звяртацца да арганiзатара - РУП “Беларускiя латарэi” або ў яго структурныя падраздзяленнi ва ўсiх абласных цэнтрах.
- Ведаеце, што самае каштоўнае ў нашай латарэi? - падзялiўся Сяргей, калi мы адрэпецiравалi i накiравалiся ў грымёрку “наводзiць марафет”. - Выйгрышы не абкладаюцца падаткамi i iх не трэба ўказваць у дэкларацыi аб даходах! Скажам, сёння ў студыi будзе хлопец, якi выйграў у кастрычнiку 5 мiльёнаў рублёў. Дык вось, ён пакладзе на рахунак у банку роўна 5 мiльёнаў, да капеечкi. Калi вы пажадаеце набыць на гэтыя грошы кватэру цi машыну, дастаткова будзе проста ўказаць у падатковай iнспекцыi, што грошы выйграны ў латарэi.
- Гучыць заманлiва. А мы, як госцi ў студыi, не маем права ўдзельнiчаць сёння ў розыгрышы? - карыслiва пацiкавiлiся мы.
- Чаму ж не? Атрымайце па бiлецiку! - Сяргей шчодрай рукой выдаў кожнаму шанц на выйгрыш. Аказваецца, перад кожнай праграмай вядучы самастойна набывае дзесятак-другi бiлетаў i ўсе раздае iх прысутным у студыi. Аднойчы па такому бiлецiку фантастычную суму (каля 70 тысяч) выйграла спявачка Алеся. Праўда, неяк пашанцавала i самому Сяргею Кухто, але гэта быў не яго асабiсты латарэйны бiлет, а таксама некiм падораны...
Дадам яшчэ пра прынцып справядлiвасцi. У розыгрышы ўдзельнiчаюць толькi прададзеныя бiлеты. Значыць, у суботу вечарам продаж завяршаецца, i лiтаральна за ноч трэба выдалiць з камп’ютарнай базы нумары бiлетаў, якiя не былi рэалiзаваныя. Верагоднасць выйгрышу павялiчваецца.
Увогуле наконт удачы ў латарэi iснуюць розныя прыметы. Адны сцвярджаюць, што бiлет трэба набываць не спецыяльна, а нiбы мiмаходзь. Другiя, наадварот, лiчаць, што шанцаванне трэба ўзяць на змор - у сэнсе, пастаянна, на працягу некалькiх месяцаў, а то i гадоў, набываць бiлеты. Што больш мэтазгодна, ацанiць не бяруся. Ведаю толькi, што сярод маiх знаёмых, хто ўдзельнiчаў у розыгрышах “Вашага лато”, практычна кожны хоць нешта ды выйграў, няхай па дробязi (кампенсаваў кошт бiлета, скажам), але ўсё адно прыемна...
Дзяўчына-грымёр праходзiцца па кожнаму твару пудрай ды ценямi (нам з Ганнай Быкавай тое i добра, а вось хлопцы, гляджу, адчуваюць сябе не ў сваёй талерцы), Сяргей Кухто вокамгненна пераапранаецца ў лiмонна-жоўты касцюм, а дзяўчаты-мадэлi, якiя дапамагаюць вядучаму падчас праграмы, нацягваюць нешта карункавае i празрыстае. Да пачатку праграмы (у нядзелю яна выходзiць у прамым эфiры, а ў панядзелак паўтараецца ў запiсе) застаюцца лiчаныя хвiлiны. Адступаць позна.

13.35. Праз дзесяць хвiлiн - пачатак, калегi з розных выданняў, запрошаныя на праект “Журналiсты ў гасцях у вядучых” з нагоды Мiжнароднага дня тэлебачання, займаюць месцы ў студыi. Сумна адзначаю, што я iм зайздрошчу, i iду да тэхнiка, якi прыладжвае кожнаму ўдзельнiку розыгрышу мiкрафон. Абруч, на якiм замацаваны мiкрафон, непрыемна сцiскае галаву, а халодны провад цягнецца па спiне. Супрацоўнiкi прэс-службы БТРК, нiбы здзекуючыся, прапануюць нас чацвярых у гэты гiстарычны момант “шчоўкнуць”. Хутчэй бы ўсё скончылася!..
Сама праграма, мiж iншым, пралятае вельмi хутка i ненапружана. Мы па чарзе выцягваем бочачкi з нумарамi з вялiзнага меха i адчуваем сябе добрымi чараўнiкамi - вось выйгралi два бiлеты, за iмi яшчэ два, а там цэлы дзесятак. Закрэслiваем i нумары на сваiх бiлетах, але, шчыра кажучы, нi на што асаблiва не спадзяёмся. Сяргей Кухто перыядычна задае каверзныя пытаннi, накшталт “Якi апошнi артыкул вы пiсалi пра тэлебачанне?” або “Што самае цяжкае ў працы журналiста?”. (Толькi зараз ведаю адказ. Спецыяльна для вас, Сяргей: самае цяжкае - адказваць на падобныя пытаннi. Звычайна мы задаём iх самi...). Як нi шкада, сенсацыi не адбылося: нi кватэры, нi машыны нiхто не выйграў, джэк-пот таксама перайшоў у наступны розыгрыш. Затое атрымала сюрпрыз 11-гадовая мiнчанка Ксенiя, якая марыла трапiць на праграму: выпуск “Вашага лато” прыпаў якраз на дзень нараджэння дзяўчынкi, так што яна не толькi ў студыi пабывала, але i атрымала памятныя падарункi.
84 хады былi зроблены нашмат хутчэй, чым мы самi чакалi (а як мы адцягвалi момант, старанна i нетаропка капаючыся ў мяху!). Некалькi гасцей у студыi выйгралi ў розных турах розныя сумы грошай. Нам засталiся не запоўненыя да канца бiлеты (Анi Быкавай не хапiла да выйгрышу ўсяго адной лiчбы) i дабрадушныя кпiны сяброў ды родных (“А ты нiшто сабе на экране выглядаеш!”). А яшчэ адчуванне таго, што працаваць у эфiры хоць i адказна, аднак зусiм не страшна, вельмi цiкава i весела. Зацягвае...

P.S. Дзякуй, калегi! У якасцi “ходу ў адказ” прапаную вам на Дзень друку папрацаваць у самых нечаканых амплуа ў рэдакцыях газет - рэпартаж, зноў жа, i ў вас, i ў нас атрымаецца.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.