Наша спеўнае золата

01.04.2005
"Літаратура і мастацтва", 1 красавіка 2005 г.


Юбілей народнай артысткі СССР прафесара Тамары Ніжнікавай урачыста і афіцыйна адзначаны 28 сакавіка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. А вось віншаванне ад Прэзідэнта Беларусі яна атрымала яшчэ на пачатку месяца, у дзень свайго нараджэння. І якраз да юбілею нашай славутай спявачкі і педагога дырэкцыя фондавых матэрыялаў Белтэлерадыёкампаніі і канал "Культура" Беларускага радыё падрыхтавалі кампакт-дыск, дзе прадстаўлены класічныя оперныя арыі, рамансы, фрагменты з аперэт у выкананні Т.Ніжнікавай.
Частка "залатога фонду" Беларускага радыё, унікальныя архіўныя запісы 1950-70 гадоў, сабраныя на дыску, - гэта працяг серьгі "Зоркі беларускай оперы", пачаткам якой сталіся аналагічныя зборкі ўзораў вакальнага мастацтва Л.Александроўскай, М.Ворвулева і своеасаблівая анталогія творчасці айчынных оперных салістаў 1940-50 гг.
Праца над новым CD дазволіла сістэматызаваць архіўныя запісы, з іх два дзесяткі скампанаваць на сучасным гуканосьбіце, быццам бы адкрыць крыху забыты залаты спеўны скарб, вярнуць яго ў актыўны ўжытак. Маладое пакаленне слухачоў, у тым ліку і студэнтаў Тамары Мікалаеўны (для якіх яна ўжо - оперная легенда, імя з энцыклапедыі), мае мажлівасць пераканацца, што "легенда" нараджалася з насамрэч залатога голасу, з абаяльнага артыстызму, яскравага майстэрства, шматграннага таленту, самаадданай любові да музыкі. Усе гэтыя вартасці раскрываюцца праз выкананыя Т.Ніжнікавай каваціну Разіны з "Севільскага цырульніка" Д.Расіні ды арыі з опер Д.Вердзі, песню Сольвейг Э.Грыга, рамансы "Званочак" А.Гурылёва, "Салавей" А.Аляб'ева, "Венецыянскую ноч" М.Глінкі, "Фарэль" Ф.Шуберта, песеньку Тангаліты з аперэты П.Абрахама "Баль у Савоі"...
Асаблівая каштоўнасць запісаў у тым, што ансамбль з Т.Ніжнікавай стваралі таксама выдатныя дзеячы айчыннага мастацтва дырыжоры І.Жыновіч, Л.Любімаў, Б.Райскі, Ю.Бяльзацкі, У.Машэнскі, піяністы Т.Міянсарава, Е.Эфрон, віяланчэліст Б.Скабло.
Нядаўняя прэзентацыя CD на хвалях радыёканала "Культура" сталася прыемным сюрпрызам для выдатнай спявачкі, чыё чарадзейнае каларатурнае сапрана будзе цяпер, безумоўна, часцей упрыгожваць эфір.

С.Б.