Наш маленькі глобус

01.10.2010
"Народная газета", 1 октября 2010 г.


Невядомая Беларусь вачамі рэпарцёраў АТН.
На Першым стартуюць новыя серыі дакументальнага цыкла Агенцтва тэленавін "Зямля беларуская" - аднаго з самых грандыёзных і працяглых праектаў у гісторыі айчыннага тэлебачання.
Нагадаем, што тры гады таму аўтары маштабнага цыкла задаліся мэтай аб'ехаць усе 118 раёнаў Беларусі і расказаць пра кожны з іх. Вынікам гэтай працы і сталі непаўторныя тэлестужкі, якія паказваюць самыя цікавыя і прыгожыя мясціны нашай Радзімы.
- Амаль два гады я жыву ў камандзіроўках, - прызнаецца Алена Панцюхова, аўтар маштабнага праекта. - Чаго толькі ні здаралася з намі на здымках і падчас дарогі. Напрыклад, прыехалі ў Шуміліна. Дарэчы, назва мястэчка паходзіць ад слова "шум". У 1812 годзе тут адбылася бітва. Стралялі, забівалі - адсюль і шум. Мы вырашылі рэканструяваць далёкія падзеі, пераапранулі мясцовых жыхароў у адзежу французскай і рускай армій той пары. Вайна - ні даць ні ўзяць. Дым-машыны, вогнішча ўначы, выбухі. Некаторыя бабулькі, як нам потым казалі, насамрэч падумалі, што вайна пачалася, напалохаліся. А аднойчы прыехалі ў аграсядзібу, а там такая брама, што тэхніка не праедзе. Прыйшлося выклікаць пад'ёмны кран, каб браму паднімаць, а потым зноў апускаць.
У новым сезоне працягнецца не толькі дэманстрацыя дакументальнага серыяла, але і праца над яго ўдасканальваннем. Кожная серыя - адкрыццё занава таго ці іншага рэгіёна, горада, мястэчка, вёскі. Здараецца, адкрыццё нават для мясцовых жыхароў. Ужо неаднойчы ім разам з цікаўнымі журналістамі здымачнай групы праекта даводзілася адкрываць тайны назваў, аднаўляць у памяці замовы бабуль, забытыя рамёствы, народныя паданні.

Екатерина ГАБЫШЕВА.