Народны хіт-парад на "Беларусь 3"

18.07.2014
"Звязда", 18 ліпеня 2014 г.


Тэлеканал "Беларусь 3" прадстаўляе гледачам хіт-парад народных музычных твораў у сучаснай апрацоўцы - "Сто песень для Беларусі". Новы праект падтрымаў Першы нацыянальны канал Беларускага радыё. І пераможцаў тут вызначаюць самі гледачы і радыёслухачы.
Статус народнага хіт-парад атрымаў не толькі з за гэтага, а перш за ўсё таму, што ўсе кампазіцыі створаны на аснове беларускіх народных песень, якія атрымалі новае жыццё ў праграме "Наперад у мінулае". Аранжыроўкі большасці кампазіцый зроблены фіналістам "Еўрабачання 2014" Юрыем Вашчуком.
У кожным выпуску хіт-парада гучаць 15 песень, з якіх выбіраецца 5 лепшых: 4 лідары радыйнага і 1 фаварыт інтэрнэт-галасавання. Раз на тыдзень да пераможцаў далучаюцца 10 новых кампазіцый. Сачыць за тым, як фарміруецца чарт, можна кожную нядзелю на "Беларусь 3", а галасаваць за ўпадабаную песню - з панядзелка па чацвер у эфіры Першага канала Беларускага радыё. Таксама свой выбар можна зрабіць на сайце тэлеканала "Беларусь 3" www.3belarus.by.
Адзначым, што па выніках галасавання мінулага тыдня ў чарце засталіся наступныя песні: Дзядзя Ваня - "Ой, хадзіла Машачка", "Тяни-Толкай" - "Алачка", Аляксандр Сухараў - "Мяшчаначка", Юлія Атрошчанка - "Вяселле вераб'я" і Ірына Дарафеева - "Жалуды".
Наступны выпуск музычнага праекта "Сто песень для Беларусі" выйдзе ў эфір "Беларусь 3" 20 ліпеня ў 13.50.

Алена ДРАПКО.