Народ тройцу любіць

22.09.2007
"Звязда", 22 верасня 2007 г.


Падводзячы вынікі конкурсу на ролю "народнага вядучага", кіраўніцтва праграмы "Белорусское времечко" нечакана прызнала пераможцам не аднаго, а адразу трох кандыдатаў. Як і планавалася з самага пачатку, новымі вядучымі стануць харызматычныя мужчыны з пэўным жыццёвым вопытам - усе старэйшыя за 30 гадоў, жанатыя і сямейныя (у кожнага па двое дзяцей).
Нагадаем, на конкурс, які доўжыўся з 30 мая да 14 верасня, першапачаткова паступіла каля 400 заявак, з іх толькі 100 канкурсантаў былі дапушчаны на "кастынг" перад тэлекамерамі, і толькі 5 удзельнікаў выйшлі ў фінал. На мінулым тыдні гледачы канала "ЛАД" з дапамогай SMS-паведамленняў вызначаліся са сваімі перавагамі, і сімпатыі размеркаваліся амаль раўнамерна паміж Міхаілам Стрыжовым, Паўлам Філіпчыкам і Уладзімірам Сосніным. Зараз усе яны па чарзе будуць выконваць ролю трэцяга вядучага падчас прамых эфіраў праграмы "Белорусское времечко".
Мінчаніну Уладзіміру Сосніну да тэлебачання не прывыкаць - у свой час, скончыўшы ў Ленінградзе Касмічную акадэмію імя Мажайскага, ён быў размеркаваны на Байканур, дзе супрацоўнічаў з мясцовымі тэлевізійнікамі, нават вёў уласную гумарыстычную праграму "Музразвоз". Зараз ён займаецца камерцыйнай дзейнасцю, але навыкі працы ў эфіры, відаць, захаваліся добра.
За плячыма ў 41-гадовага Паўла Філіпчыка - музычная школа і армейская служба ў Германіі, а таксама праца следчага і вопыт кіравання фірмай па пашыўцы штор. Так што карысныя парады гледачам ён можа даць як мінімум у чатырох сферах.
Самаму старэйшаму з новых вядучых Міхаілу Стрыжову - 57 гадоў, і на дадзены момант ён займаецца культурна-арганізацыйнай работай у Баранавіцкім тэхналагічным каледжы. А яшчэ ён піша вершы і п’есы і мае вопыт рэжысёрскай працы ў тэатры.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.