"Нарэшце выглядаю такiм, як сябе адчуваю!"

09.04.2008
"Звязда", 9 красавіка 2008 г.


Руслан АЛЯХНО пра "Еўрабачанне", iмiдж i рэстаранны бiзнэс
Сёлетняга прадстаўнiка Беларусi на "Еўрабачаннi" застаць на радзiме складана. То ён у Фiнляндыi запiсвае рэмiксы на конкурсную песню, то ў Грэцыi пад рукамi вопытных стылiстаў мяняе вобраз, то недзе памiж Масквой i Кiевам здымае клiп... Не дзiва, што пры такiм рэжыме галоўнае жаданне - выспацца. Але жаданнi жаданнямi, а працу, часткай якой з'яўляюцца стасункi з прэсай, нiхто не адмяняў.
Мы сустрэлiся ва ўтульнай студыi Аляксандра Цiхановiча i Ядзвiгi Паплаўскай, дзе на час знаходжання ў Мiнску Руслану выдзелiлi часовую "рэзiдэнцыю". I, пакуль не пачалi разрывацца тэлефоны, цудоўна пагаварылi за кубкам гарбаты. 

- Буду, напэўна, банальнай, але сапраўды незразумела - чаму ты так доўга збiраўся з падачай заяўкi на "Еўрабачанне"? Здавалася б, на хвалi папулярнасцi, толькi стаўшы "народным" - прыехаў сюды i "парваў" усiх канкурэнтаў на нацыянальным адборы...
- Натуральна, у папярэднiя гады - летась, пазалетась - у мяне былi думкi аб удзеле ў "Еўрабачаннi". Аднак калi я збiраўся нарэшце падаваць заяўкi, аказвалася, што спазнiўся - усе тэрмiны ўжо праходзiлi i адборы завяршалiся. Штосьцi забывалася, штосьцi не паспявалi зрабiць... I яшчэ ведаеш, у чым справа? Трэба было самому вырашыць, што - усё, гэта самае важнае. Адкiнуць усе справы, адмянiць канцэрты i займацца канкрэтна i выключна падрыхтоўкай да конкурсу. Сёлета ўсё нарэшце атрымалася. 

- Прадзюсары не былi супраць?
- Наадварот, сказалi: "А чаму б i не паспрабаваць?" Я вельмi рады i задаволены, што прайшоў усе гэтыя адборы i што прадстаўляю Беларусь, бо "Еўрабачанне" - новы этап, яскравая падзея ў маiм жыццi, як творчым, так i ў звычайным. Выступiць ад Расii? Не, увогуле не было такой iдэi, сто працэнтаў. Упэўнена магу гаварыць аб тым, што там... (усмiхаецца аднымi вуснамi. - Аўт.) не зусiм усё сумленна. Ёсць пэўныя падводныя камянi, якiя вырашаюць лёс удзельнiкаў гэтых праектаў, i ты з самага пачатку разумееш, што не пройдзеш.

Конкурсную песню "Hasta la Vista", да якой на адборы ў журы было нямала прэтэнзiй, замежныя спецыялiсты давялi да ладу - цяперашняя версiя зроблена не папсовай, а поп-рокавай. "У песнi з'явiлася драматургiя i дынамiка, яна стала больш еўрапейскай, - лiчыць Руслан. - Калi першы варыянт быў фарматным для радыёстанцый, то гэты - якраз для конкурсу "Еўрабачанне". На кампазiцыю ў Фiнляндыi запiсана 5 рэмiксаў у розных стылях, каб кожны слухач i кожная радыёстанцыя маглi выбраць свой "фармат", плюс рускамоўная версiя, аўтарамi якой таксама выступiлi Тарас Дзямчук i Элеанора Мельнiк. Самому спеваку, якi не вывучаў англiйскую мову, "падцягнулi" вымаўленне, прычым не проста выкладчыкi i не проста носьбiт мовы, а замежны спецыялiст, якi (дакладней, якая - абаяльная спявачка Вiкторыя) непасрэдна рыхтаваў да конкурсу "Еўрабачанне" многiх iншых удзельнiкаў - Сакiса Руваса, Алену Папарызу, Костаса Мартакiса, якi сёлета ўдзельнiчаў у грэчаскiм адборы... 

- Калi ты атрымлiваеш задавальненне ад работы, якая праводзiцца, тады i вынiк добра бачны, - перакананы Руслан. - А калi ўсё гэта робiцца гвалтоўна, толькi таму, што трэба, - вынiку не будзе. Я лiчу, што прагрэс вiдавочны, i па-iншаму быць не магло: нумар, якi быў прадстаўлены ў Беларусi i якi будзе паказаны на сцэне ў Сербii - дзве зусiм розныя рэчы. У нумары для "Еўрабачання" будзе шэсць чалавек, у тым лiку спяваючы балет i бэк-вакал з Грэцыi, плюс эфектныя дэкарацыi... Але гэта не галоўная фiшка, фiшка заключаецца зусiм у iншым! (Смяецца.) Павiнна атрымацца яскрава i вiдовiшчна. Але гэта сакрэт. 

- Ну, добра, няхай тое, што будзе адбывацца, застанецца сакрэтам. А хто паедзе цябе падтрымлiваць - не толькi на сцэне, але i за сцэнай - спадзяюся, не тайна?
- Зразумела, паедзе вялiкая каманда ад Белтэлерадыёкампанii, якая ў нашай краiне займаецца конкурсам. Гэта i ўрач-фанiятар Жана Раманава, Аляксандр i Насця Цiхановiчы, Дзмiтрый Баранаў. Паедзе i мая Iра (дзяўчына Руслана - актрыса Iрына Мядзведзева. - Аўт.); у яе, дарэчы, колер валасоў, як у цябе, - хiтра ўсмiхаецца спявак, прыводзячы мяне ў разгубленасць. 

- Не ведаю, цi ў курсе ты, але твайму клiпу самы ўплывовы рускамоўны сайт пра "Еўрабачанне" ESCkaz паставiў вышэйшую ацэнку - 10 балаў. Такiх ацэнак удастоiлiся лiтаральна чалавек 5. Але гэта погляд пабочны, а самому наколькi спадабалася гэта праца?
- Клiп зрабiў рэжысёр Сямён Гораў, вядомы ў Расii, ва Украiне i ў Беларусi па рабоце не толькi над клiпамi, але i над мюзiкламi, як "Вечары на хутары паблiзу Дзiканькi" i "Жанiцьба Фiгаро". Я атрымаў каласальнае задавальненне ад здымак. Рэжысёру, мне здаецца, удалося раскрыць той вобраз, якi ў мяне зараз, i зрабiць усё спалучэнне гарманiчным - карцiнку, музыку, сюжэт... Так што мяне радуе, калi чую добрыя водгукi пра клiп. Хоць чую, натуральна, i негатыўныя - i гэта таксама добра, бо ў кожнага чалавека сваё меркаванне, яны розныя, нельга спадабацца ўсiм. 

- Бачу, што ты валасы пастаянна папраўляеш - не прызвычаiўся яшчэ да новага вобраза?
- Ды не тое каб не прызвычаiўся - проста чуб ужо адрос, на вочы падае. Трэба ехаць зноў да грэчаскiх стылiстаў i пастрыгчыся. 

- Значыць, у кардынальна новым iмiджы "няголенага мачо" адчуваеш сябе ўпэўнена? А то пiшуць, што Руслана Аляхно ўжо i сябры не пазнаюць...
- Дык гэта ж супер! У чарговы раз пераконваюся, што буду багатым! А што да iмiджу - вось табе падабаецца? 

- Мне - так. Не вельмi звыкла ў параўнаннi з тым, якiм мы цябе бачылi год цi два таму, але цiкава.
- Мне таксама падабаецца. Бо такiм я заўжды быў унутрана, у душы. Але выглядаў iнакш, бо гэтага вымагаў рэпертуар i прадуманы маiмi прадзюсарамi вобраз, за рамкi якога нельга было выходзiць. Гэта мноства фактараў. А зараз дзякуючы песнi, дзякуючы "Еўрабачанню" я нарэшце магу выглядаць так, як сябе адчуваю. I адчуваю абсалютна камфортна. 

- Кажуць, што сёлета для "Еўрабачання" будзе падрыхтавана салодкая i алкагольная сувенiрная прадукцыя - зефiр, мармелад, каньяк ды гарэлка. Гэта праўда?
- Я таксама пра гэта чуў. Зефiр будзе выпускаць бабруйскае прадпрыемства "Чырвоны харчавiк" - прыемна, што мой родны горад пасадзейнiчае мне ў конкурсе i будзе мець дачыненне да прадстаўлення Беларусi ў Еўропе. Тым больш, у Еўропе амаль што няма такога прадукту - ва ўсякiм разе, дакладна няма такога смачнага зефiру. 

- Ты сам неяк будзеш уплываць на гэты працэс?
- Уся наша каманда бярэ ў iм удзел. Але асабiста я з'яўляюся чалавекам, якi не вельмi добра ставiцца да салодкага i да алкаголю, асаблiва моцнага - таму я абавязкова прыслухаюся да парад спецыялiстаў. Зрэшты, пакаштаваць на смак не адмоўлюся. Мне ўвогуле здаецца, што зефiр - гэта смак дзяцiнства, якi не змяняецца. 

- Працягнем кулiнарную тэму. Летась доўга мусiравалiся звесткi, што Руслан Аляхно адкрывае ў Баранавiчах уласны iтальянскi рэстаран. Пайшоў бiзнэс?
- Бiзнэс не пайшоў, бо не было калi гэтым займацца. Сабраўся было грунтоўна ўсё рабiць, вывучаў iтальянскую кухню - але зразумеў, што проста не хопiць часу. I тое памяшканне, што мне падарылi, я проста перадарыў iншым людзям, якiм гэта сапраўды цiкава i якiя цяпер шчыльна займаюцца якраз рэстаранным бiзнэсам. Не ведаю нават, што там будзе - можа, кавярня, можа, крама... Але я ад гэтага адышоў. 

- Чымсьцi iншым, акрамя музыкi, займацца не плануеш? Твой калега па "Народным артысце" Аляксандр Панаётаў неяк абмовiўся, што пiша мастацкую кнiгу...
- Мне ўсё ж блiжэй тэма рэстаранаў. Я вельмi люблю гатаваць, стараюся рабiць гэта смачна i цiкава, бо страва таксама можа быць творам мастацтва, яе трэба прыгожа аздабляць... Калi ўявiць, што я ўсё ж засвоiў бы рэстаранны бiзнэс, то ў мяне, напэўна, быў бы такi рэстаран, у якiм я кожную страву сам каштаваў бы, i нават склаў бы адмысловае меню ад Руслана Аляхно. Так што ў будучым, калi выпадзе магчымасць, з задавальненнем адкрыю рэстаран - i запрашу цябе на адкрыццё. (Мы намякнулi Руслану, што магчымасць праявiць кулiнарныя здольнасцi будзе ў яго ў Бялградзе на аб'яднанай славянскай вечарынцы. "А што, - ажывiўся спявак, - калi дазволяць, абавязкова што-небудзь фiрменнае згатую!" - Аўт.) 

- Не хачу нагнятаць абстаноўку, але ў нас склалася такое дзiўнае стаўленне да "Еўрабачання" - усе хочуць толькi перамогi i не даруюць "правалу". Калi нешта з таго, што ты запланаваў, не атрымаецца, цi гатовы ты да другой спробы?
- Ведаеш, я - чалавек, якi стараецца рэальна глядзець на жыццё, а не разважаць, што было б, калi б абставiны склалiся не так, а iнакш.
Я буду рабiць усё максiмальна магчымае, каб выступiць годна. "Еўрабачанне", не раз пра гэта казалi - непрадказальны конкурс, i нiхто не ведае, якiя фактары ўплываюць на вынiк. (Сапраўды, нават маэстра Мiхаiл Фiнберг, якi, мiж iншым, першым з беларусаў пабываў на "Еўрабачаннi" яшчэ ў 1995 годзе, прызнаўся нам, што не разумее цяперашнiх крытэрыяў ацэнкi на конкурсе. - Аўт.) Патрэбна i песня, i шоў, i талент - але не факт, што менавiта яны выведуць да перамогi. Гэта конкурс, i на яго трэба адпраўляцца са здаровым пачуццём канкурэнцыi i настроем на перамогу. Але не з iдэяй-фiкс - перамога або нiчога. Тое, што ад мяне залежыць - харэаграфiя, выкананне песнi - я зраблю як мага лепш. А вынiк... Яго ўсё адно не ўгадаеш. 

- Незалежна ад вынiкаў "Еўрабачання", жыццё пасля конкурсу працягнецца. Чым плануеш заняцца ў першую чаргу - дапiсаць другi альбом або адпачыць?
- Нават не думаю пра гэта, нi пра альбом, нi пра новыя песнi, усе думкi - толькi пра "Еўрабачанне". 

- Бiлан вось паабяцаў журналiстам, што пасля "Еўрабачання" жэнiцца...
- Цудоўна. Я таксама жанюся. 

- ?
- Безумоўна, жанюся. Калi захачу. Калi прыйдзе час. Зразумела, увогуле пасля "Еўрабачання" - я нармальны чалавек, якi таксама хоча мець сям'ю i наладзiць сваё асабiстае шчасце...

Парады наконт удзелу ў конкурсе дае практычна кожны чалавек, якi мае да яго дачыненне - але спявак прыслухоўваецца найперш да сваёй каманды, да тых, каму давярае. Старанна працуе з псiхолагам, выконвае ўсе парады ўрача-фанiятара Жаны Раманавай - штодня ранiцай i вечарам мiнiмум па паўгадзiны неабходна рабiць спецыяльную дыхальную гiмнастыку, якая не толькi ўмацоўвае звязкi i падтрымлiвае голас у належным стане, але i папярэджвае розныя прастудныя захворваннi. 5 красавiка Руслан Аляхно адправіўся ў Грэцыю, дзе ставiцца конкурсны нумар (так i чую галасы крытыкаў: "Зноў беларусы прыцягваюць легiянераў на дапамогу, нiчога самi зрабiць не могуць!" - але чаму б i не прыцягнуць, калi гэта схема працуе?). А праз паўтара месяца, 22 мая, выйдзе на сцэну ў паўфiнале "Еўрабачання" - i тады застанецца разлiчваць толькi на сябе ды яшчэ, быць можа, на ўдачу. 

- Ты, дарэчы, верыш ва ўдачу? Цi ў поспеху ёсць дакладна вывераныя складнiкi? - цiкаўлюся я ўжо на развiтанне.
- Формулы поспеху не iснуе, - сцвярджае Руслан. На хвiлiнку задумваецца над блакнотам i...

Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

P.S. Удачы, Руслан!